Васіль Быкаў

У тумане


Слотным ветраным днём позняй восені на другім годзе вайны атрадны разведчык Бураў ехаў на станцыю Масцішча, каб застрэліць свайго знаёмца Сушчэню.

Гэты Сушчэня быў тутэйшы вясковы мужык, яшчэ з давайны рабіў на чыгунцы, але месяц назад, будучы арыштаваны паліцыяй за дыверсію ля Выспянскага моста, купіў сабе жыцццё тым, што выдаў сваіх саўдзельнікаў, сваіх жа чыгуначнікаў, якія яму памаглі развінціць рэйкі. Хлопцаў павесілі ў мястэчку, а Сушчэню выпусцілі, і ён другі тыдзень раскашаваў пад носам у гарнізона, у сваёй ладнай дамоўцы ля станцыі, у цяпле і сытасці, мабыць, думаючы, што партызаны да яго не даберуцца. Даруюць яму. Але такое не даруецца, такое належала пакараць. Камандзіры ў атрадзе параіліся і мінулае ноччу паслалі Бурава зрабіць тое, чаго не магчыма было не зрабіць. Каб Бураву было ўпраўней, яму ў дапамогу далі партызана Войціка, і яны ўдвух на змораных конях, адмахаўшы якіх кіламетраў трыццаць лесавога шляху, таго ж дня надвячоркам прадраліся праз гушчарысты ўзлесак на поле за які кіламетр ад Масцішча.

У лесе дык ужо змяркалася; сцюдзёны туман і ранішнія прыцемкі пакрысе праглыналі змакрэлы сасоннік, амаль голы, з рэштаю зрудзелага лісця падлесак, а на палявым прасцягу за гразкай гравійкай было яшчэ светла; у твары коннікаў ударыў пругкі вільготны вецер, і яны спыніліся. Бураў звыкла агледзеўся, прыкінуў, куды гэта іх незнарок вынесла і куды цяпер лепей падацца. Але неўзабаве ён згледзеў за полем раскідзістае сучча старых дрэў на станцыі, бліжэй, на схіле пагорка за рэчкай, цямнелася некалькі хат з садкамі, пара стажкоў назапашанага ўлетку сена, хляўкі і пунькі. Ніжэй, у канцы гародаў ля рэчкі, сіратліва тулілася за кустоўем невялічкая будынінка лазні – там з даўняй пары, памятаў Бураў, была кладка цераз рачулку, мабыць, цяпер там будзе як перабрацца і конна.

Аднак, пакуль не змерклася, у полі іх маглі ўбачыць ад станцыі, а ў той справе, дзеля якой яны ехалі, лепш было абысціся без сведак. Тым больш без паліцаяў-бобікаў. Калі бобікі іх заўважаць, то, лічы, усё прапала, прыйдзецца змывацца ў лес, далей ад людзей і наогул далей ад Масцішча. Не, трэба было счакаць якіх паўгадзіны ці болей, калі яшчэ пацямнее, і тады ўжо рушыць да станцыі.

Бураў павярнуў кабылку назад да Войціка. Той, утуліўшы голаў у плечы пад мокрай, з даматканага сукна паддзёўкай, з панылай пакорай сядзеў на мухортым коніку, распараныя бакі якога дыхавічна хадзілі ад стомы.

— Бач, вунь! Прыехалі, — кіўнуў Бураў у бок станцыі.

Войцік зябка цепнуў мокрым плячом, над якім тырчэла доўгая руля драгункі. Яго немаведама калі голены, няпэўнага ўзросту твар пад даўгім казырком чорнай кепкі не выказваў нічога, апроч стомы і яўнага жадання спачыць. Але да спачыну было, мусіць, далёка.

— Ды бачу ўжо.

— Пастаім троху. Пацямнее — паедзем.

— А рака там, — варухнуў худым падбароддзем Войцік. — Балота.

— Ды праедзем як-небудзь.

— Як-небудзь...

Ну ведама, Войцік ужо сумняваўся, як ён гэта рабіў не першы раз за дарогу. Да чаго няпэўны чалавек — Бурава часам аж брала злосць, — усё яму здавалася не так, як усім, усё ён разумеў інакш, і такі абачлівы, як раённы стратэг. Бураў пашкадаваў ужо быў, што звязаўся з такім напарнікам, але, мабыць, лепшага не знайшлося, мусіў паехаць з тым, каго далі.

Не злазячы долу, яны стаіліся за альховым голлем на ўзлеску, даючы трохі спачыць коням ды і самім перавесці дых — першы раз за сённяшні дзень; Бураў азіраў поле, якое ён памятаў яшчэ з таго часу, як сам жыў на станцыі. Улетку тут было, здаецца, жытное, даўно ўжо, аднак, прыбранае; добра здратаваны жывёлай палетак з патаптаным іржышчам раскіс ад дажджу, у затравянелым доле цьмяна паблісквалі вадой каровіны сляды. Размяклыя каровіны лепяхі шэрымі плямамі ляжалі на сцежцы акрай палетка. Прыцьмелая далячынь за полем і станцыяй паціху асядала ў слотных вечаровых прыцемках, але паблізу яшчэ было досыць відна, каб іх маглі ўбачыць здалёк.

— Думаеш, ён нас жджэ? — сказаў, памаўчаўшы, Войцік, мабыць, маючы на ўвазе тое галоўнае, што цяпер турбавала абодвух.

— Можа, і не жджэ.

— Даўно змыўся куды. У паліцыю, можа...

— Прыедзем — пабачым. А то сядзем у засаду, — адчуўшы міжвольную прыкрасць ад тых абачлівых слоў памагатага, сказаў Бураў.

Войцік насцярожана паўзіраўся ў адзін бок, у другі, і, хоць змоўчаў, Бураў зразумеў, што сядзець тут у засадзе яму дужа не хочацца. Хочацца хутчэй назад, у Валоўскую пушчу, да сваіх буданоў, дзе хоць трошкі ўгрэўна ля дымных цяпельцаў і ўжо напэўна бяспечней, чым каля гэтай станцыі. Увесь дзень яны перліся лесавымі дарожкамі, па лужках, пералесках, змакрэлі на слаце ды ў зарасніках; сцёгны, плечы і калені даўно ўжо здранцвелі ад сцюжы. Ехалі без сёдлаў, у Бурава пад задам муляла нейкая скарэлая радзюжка, якая ўвесь час збівалася то на адзін, то на другі бок, а Войцік тросся на нічым не пакрытай вострай хрыбціне свайго касмылявага коніка. Абодвум даўно хацелася есці — трохі перахапілі яшчэ на світанні ў лагеры, з сабой не было чаго ўзяць, думалі, прыдбаюць што па дарозе. Але, на шчасце ці на бяду, дарога выдалася такая, што ніхто ім нідзе не спаткаўся, а ў вёскі яны не заязджалі, каб незнарок не наскочыць дзе на паліцыю. Зробяць справу, будуць ехаць назад, тады, можа, куды і заскочаць, каб перакусіць і пасушыцца. Але, відаць, менавіта такі варыянт і быў не па нутры Войціку.

Быццам, ён, гэты варыянт, быў даспадобы Бураву!

Ужо лепш схадзіць куды-небудзь на сувязь — у гарнізон ці, яшчэ лепш, на хутар або пасядзець пад елкай ля шашы ў засадзе, чым перціся на такое заданне. Але во мусіў, хацеў або не — начальства аб тым не пытала, загадала, і ўсё — бяжы, выконвай. Зрэшты, тут зразумела: апроч яго, Бурава, гэтага Сушчэню з Масцішча ў іхнім атрадзе ведаў у твар хіба адзін Коўзун, што поркаўся з лета на кухні. Але Коўзуна хіба пашлеш на такое — гэты вясковы дзядзька, мусіць, з вінтоўкі за жыццё не стрэліў, ці яму справіцца са здаровым, дужым Сушчэнем.

Увогуле ж, калі разабрацца, дык пакуль што ім не было чаго наракаць, усё складвалася больш-менш удала, і Бураў быў бы давольны, калі б трохі спачыў. Усё ж за гэтыя дні ён добра-такі выматаўся; мінулаю ноччу спаў усяго якіх пару гадзін: позна ўначы прытопалі з Хамутовым з-за Рэсы, дзе разведвалі новае месца для лагера. Начальства надумалася мяняць на зіму лагер, каб далей зашыцца ў лясныя нетры, бо, калі пазамярзаюць паплавы і балоты, тут, у пушчы, атраду не ўседзець. Тры дні яны з Хамутовым і яшчэ адным разведчыкам з-пад Улы поўзалі-лазілі па-над гэтаю Рэсай, што-нішто там усё ж выгледзелі, толькі вярнуліся, стомленыя, мокрыя і галодныя, а тут нá табе: едзь у Масцішча. Праўда, Бураў не меў такой звычкі — адмаўляцца, сказаў: ёсць, будзе зроблена. Але гэта не значыць, што ў ягонай душы зайгралі аркестры — душа яго плакала, як на хаўтурах: страшэнна хацелася спаць, хоць на гадзіну сцішыцца ў цяпле ды спакоі; дарогаю аж баяўся, каб, заснуўшы, не зваліцца з кабылы. Таму і гнаў, не даючы спачыну ні сабе, ні Войціку, лаючы ў думках таго Сушчэню.

Праўда, па дарозе той гнеў стаў трохі меншаць, Бураў стаў прывыкаць да сваёй малапрыемнай, калі не сказаць агіднае, місіі. Але цяпер, апынуўшыся праз адно поле ад хаты здрадніка, адчуў, як нешта ў ім зноў паднялося ад нецярплівае крыўднае злосці. Увогуле Бураў быў чалавек крайніх поглядаў на людзей і або прымаў іх цалкам, або гэтак жа цалкам адвяргаў; у розных каверзных справах ён не прызнаваў нейкага там права на «змякчаючыя» абставіны, асабліва цяпер, у вайну. Сапраўды, хіба тут можна было зважаць на якія прычыны, калі з прычынамі і без іх пагінула столькі людзей, і канца гэтай пагібелі не відно далёка. Мабыць, тут трэба адно: адвага і цвёрдасць, і калі ўжо так сталася, што ты папаўся ў іхнія лапы, дык памры па-людску, але не нашкодзь іншым. Тым, хто мае магчымасць нешта зрабіць, а можа, яшчэ і адпомсціць за тваю пагібель. А гэты чыгуначны смоўж Сушчэня, бач ты яго, захацеў выжыць і прадаў сваіх хлопцаў, быццам яны не хацелі жыць ці мелі на тое меншае за яго права. Не, відаць, у атрадзе рашылі правільна — такога трэба прыстукнуць, каб іншым была навука.

Во толькі рабіць гэта не надта хацелася самому Бураву, лепш, каб ужо хто іншы. Шкада, іншага не знайшлося, такое брыдкае заданне выпала яму, і ён мусіў увесь дзень калаціцца на гэтай дэрбіне, пакуль во дапёр да Масцішча.

Цяпер, аднак, прыспела самае труднае.

Чым яно бліжэй насоўвалася, гэтае труднае, тым усё болей думаў пра яго Бураў. Як ён тое зробіць — ён бясконца пракручваў у сваёй галаве за гэтую дарогу і ўрэшце пагадзіўся на самы кароткі варыянт: не рассусольваць, не распачынаць размоў, адвесці куды і стрэльнуць. Калі будзе супраціўляцца, хітрыць ці апраўдвацца — стрэльнуць на месцы. Самае горшае, вядома, было не застаць Сушчэню дома, чакаць ці шукаць дзе, калі куды з’ехаў. Калі ўцёк у мястэчка да паліцаяў, тады зусім кепска, тады ягоная місія, лічы, не ўдалася. Давядзецца вяртацца ні з чым, апраўдвацца перад камандзірам Трушкевічам, а той болей за ўсё не любіў апраўданняў, гэта Бураў ужо добра запомніў. У гэтай справе ён ужо быў навучаны, аднойчы нават пахадзіў тыдзень без зброі — Трушкевіч загадаў здаць вінтоўку, пакінуць сабе адзін штык: там, куды яны хадзілі па тол, ім паказалі дулю, і яны вярнуліся з пустымі рукамі. А трэба было пастарацца, «раскінуць мазгаўнёй», як казаў Трушкевіч, і заданне выканаць, хоць кроў з носа. Так патрабаваў Трушкевіч, а гэты старшы лейтэнант з акружэнцаў першага лета вайны і спаганяць, і патрабаваць умеў добра. Калі што цяпер выйдзе не так, ужо ён спагоніць з абодвух.

— Галоўнае, ты не адставай і не вытыркайся. Найлепш, каб я цябе спіной чуў. А што трэба, я сам зраблю, — сказаў Бураў, не паварочваючыся да Войціка. Той, чуваць было, зноў насцярожыўся.

— А коні?

— А што коні? Коней, калі што, патрымаеш.

— Трэба б яшчэ каго ўзяць, — гучна высмаркаўшыся на траву, гугнява зазначыў Войцік. — Трэцяга. Усё б зручней. А то што, удвух.

— Ну ты, разумны такі! — пачаў злавацца Бураў. — Чаго ж там маўчаў? Сказаў бы камандзіру: давайце трэцяга. Дык жа маўчаў?

— Маўчаў, маўчаў... — няпэўна прабурчэў Войцік і пацягнуў за повад каня, які папнуўся ў кустоўе па хамлак зялёнай травы. — Ну ты, ваўкарэзіна, не нажрэшся...

Тым часам патроху цямнела — ленавата і няпэўна; у полі яшчэ было відна, але станцыйныя дамкі па той бок рэчкі спавіліся шэрымі прыцемкамі, а высокія дрэвы ля станцыі дык і зусім ужо стуліліся ў змроку. Мусіць, можна было ехаць, бо рабілася ўсё болей сцюдзёна на гэтым ветраным узлеску, рэдкія хвоі ўгары аж гудзелі ад ветру, ды і згаладнелыя коні не хацелі стаяць — лезлі пысамі па траву ў алешнік, ненажэрна дралі яе разам з воглым зялёным мохам.

— Так. Давай памалу цераз поле на кладку, — кіўнуў галавой Бураў і завярнуў кабылку.

Коні пайшлі полем, цвякаючы капытамі ў раскіслай ад дажджу баразне. Узлесак застаўся ззаду, і ў душы ў Бурава пачала расці-разрастацца сцюдзенаватая апаска — як бы іх часам не стрэлі па той бок рэчкі, ля лазні ці на падворку, як бы не напароцца на якую халеру. Усё ж праз вярсту ад станцыі была паліцыя, чорт ведае, ці сядзіць яна зараз у сваім бункеры, можа, як і яны, гойсае дзе па вёсках, а то яшчэ і заляжа ў засаду. Ці мала яны за лета нарываліся на паліцэйскія засады. Асабліва ў вёсках, паселішчах, на прасёлках, каля масткоў і кладак. Цяпер, едучы наўпрасткі цераз поле, ён не падганяў кабылу, і тая ішла, як хацела, — зморана тупала, клюкаючы капытамі ў гразі, а ён, навастрыўшы зрок, пільна ўглядаўся ў прырэчны хмызняк, туды, дзе калісьці была кладка. Праўда, хоць ён нарадзіўся тут і вучыўся, і аббегаў дзіцём усё наваколле, але з таго часу, як у калектывізацыю бацька перабраўся з сямё’й у мястэчка, Бураў ні разу не завітаў сюды — не было патрэбы, а затым на ягоным жыццёвым шляху была вайсковая служба на Далёкім Усходзе, два перадваенныя гады ён працаваў у раёне — ганяў па дарогах палутарку. І цяпер, едучы па тутэйшых мясцінах, ён ледзьве пазнаваў іх, хоць, зрэшты, яны не надта і змяніліся. Прынамсі, узлесак, дарога і поле былі, як і некалі; калісьці ён тут пасвіў жывёлу, вазіў снапы і сена, ведаў тут кожную балацявіну, кожны грудок і сцежку.

Здаецца, аднак, у полі і ля ракі скрозь было пуста, толькі ў надрэчным лазняку варушылася на ветры непаседлівая чародка вераб’ёў ды на плоце ля лазні пасядзела і ляніва паляцела кудысь варона. Ён ужо згледзеў там Сушчэнеў гарод з двума стажкамі каля падворка, ад лазні туды, памятаў, вяла добра ўтаптаная сцежка. Некалі падлеткам ён бегаў там, пазіраючы цераз плот на тоўстыя струкі сушчэнінскага бобу, адно лета той сцежкай ганяў да ракі гусей. Сушчэня тады быў яшчэ дзецюком, нежанатым, увогуле спакойным хлопцам, старэйшым за яго гадоў, можа, на восем, на Бурава ён мала звяртаў увагу — у яго былі свае інтарэсы і свая хлапечая кампанія. Чамусьці тады ён нават падабаўся Бураву, можа, сваёй паважнасцю, роўнасцю ў адносінах да іншых, сяброў і суседзяў. Хто б тады падумаў, што іхнія лёсы спакваля так недарэчна скрыжуюцца?

Але во скрыжаваліся.

Рэчка была нешырокая, з падмытымі ў паводку, здзірванелымі за лета берагамі і кладкай — дзвюма гнілаватымі дошкамі, прытопленымі канцамі ў ваду. Бураў саскочыў з кабылы, пацягнуў за повад; кабыла нязгодна тузанула галавой, нерашуча пераступіла на беразе — баялася ісці ў раку. Можа, правільна забаялася, падумаў Бураў, чорт ведае якая тут цяпер глыбіня, вады найшло поўна, да самага берага. Але мо не ўтопіцца. Ён дужэй тузануў за повад, і сам нерашуча ступіў на прытоплены канец кладкі, кабылу ж кіраваў побач. Урэшце тая набралася адвагі, асцярожна сышла з берага і раптам апантана рванулася пярэднімі нагамі ў раку. Ён мусіў таропка пераступіць па кладцы, але тая здрадліва хіснулася пад нагамі, асела, ногі боўтнулі ледзь не да дна. Ледзьве утрымаўся на дошцы — повад выпусціў з рукі, — кабылка пужліва выскачыла на той бок і спынілася, атрасаючы мокрае чэрава. Моўчкі вылаяўшыся, ён ужо нетаропка перайшоў па кладцы і падняў з травы мокры повад.

На тым беразе, не злазячы з каня, сядзеў Войцік.

— Ну што стаў? Давай конна! Тут неглыбока.

Войцік пераехаў болей удала, конь цяжкавата ўзабраўся на бераг, і тады Войцік саскочыў, узяў з рук Бурава повад. Стоячы на адной назе, Бураў сцягнуў з другой нагі бот, выліў ваду, выціснуў мокрую дзіравую анучу.

— Не хапала яшчэ, халера...

Наперадзе і трошкі збоч на рачным беразе прыткнулася счарнелая ад часу і дыму крывабокая будыніна лазні з дзічкаю-грушай ля маленькага акенца. Мусіць, за ёй можна было захінуцца, і Бураў павёў туды змакрэлую сваю кабылку. Мокрая яго нага зусім азябла, ды і другая таксама не засцераглася ад вады — дзіравыя боты цвякалі пры хадзе, трэба было б дзе пераабуцца, змяніць анучы. Каб яны былі ў яго, тыя анучы. Але, яшчэ не дайшоўшы да лазні, ён злавіў носам знаёмы чадны пах дыму, і гэта яго ўстрывожыла. Калі ад лазні пахне дымком, дык, мабыць, там паляць ці ўжо напалілі і мыюцца — трэба ж было ім налезці на яе ў такі час! Але паварочваць назад, мабыць, было позна: у акенца лазні іх маглі ўжо згледзець.

Бураў зайшоў з глухога, надрэчнага боку лазні, прыслухаўся. Ад лазні дужа патыхала дымам, сажай, сухой, напаленай глінай; вугол з дзічкай густа аброс жорсткімі сцябламі малінніку. Войцік, пад’ехаўшы, таксама саскочыў з каня, і Бураў аддаў яму повад, а сам зірнуў з-за вугла на дзверы. Дашчатыя скасабочаныя дзверы лазні былі падпёрты яловым калком — значыць унутры яшчэ не было нікога. Мабыць, толькі яшчэ збіраліся мыцца.

Войцік з натруджаным клопатам на зашчаціненым твары чакаў, што рабіць далей, і Бураў рашыў:

— Давай туды. Вунь хата. Па сцежцы...

Хата і падворак Сушчэні ўжо ледзьве цямнеліся ў вечаровай шэрасці, адтуль, ад вуліцы, лазню ўжо не надта было і згледзець, абы толькі не спаткаць каго на гэтай агароднай сцяжыне. А калі хто і спаткаецца, думаў Бураў, занятку ў яго ўсяго на хвіліну, доўга ён тут не затрымаецца. Абы не налезці на паліцыю. Але ў такі менавіта час, у шэрую гадзіну сутак, людзі яшчэ не заперліся ў хатах, корпаюцца на падворках з жывёлай, мусіць, такою парой паліцыя яшчэ не дужа глядзіць і слухае. Глядзець і слухаць яна пачынае трохі пазней. Як наўкол паглушэе.

З коньмі на павадах яны прыйшлі ў канец падворка, якраз на дрывотню, мабыць, з нядаўна прывезенымі з лесу дрывамі, яшчэ не ўпарадкаванымі на зіму, якія бязладнай кучай круглякоў грувасціліся ля плота. Побач валялася старое карыта, нейкія брудныя вядзёркі; прыслоненыя пад страхой да сцяны, стаялі вілы і граблі. З вуліцы дрывотні не было відаць, а ад поля яе захінаў стажок на гародзе, і Бураў, трохі паслухаўшы, аддаў повад Войціку.

— Стой тут і чакай. Калі што — я стрэльну.

— Нядоўга каб...

— Нядоўга, нядоўга.

Войцік перахапіў вераўчаны повад, а Бураў зняў з-за спіны карабін і таксама аддаў Войціку. Мабыць, карабін яму цяпер не спатрэбіцца, можна будзе ўправіцца і з наганам, які ў цвёрдай скураной кабуры звыкла муляў у яго на сцягне. За пазухай пад шынялём была круглае, бы гусінае яйка, з вострым абадком нямецкая граната — хопіць на аднаго Сушчэню. Калі іх там акажацца болей — справа, канешне, кепская. Калі болей, прыйдзецца патузацца. Ну, але як-небудзь...

Стараючыся, каб цішэй, ён прайшоў па гразкім падворку да дзвярэй у сенцы, асцярожна прыадчыніў іх за клямку і прыслухаўся. Не, быццам з хаты нікога не было чуваць, толькі дзесь у закутку рохнула свінчо; ён пераступіў парог і пачаў ціха прычыняць за сабой дзверы. Якраз у той час імпэтна расчыніліся дзверы з хаты — рослы мужчына ў чорнай ватоўцы, з хмурым, свежапаголеным тварам, без шапкі пужліва ўтаропіўся ў прыцемак сяней, мусіць, бачачы, ды не пазнаючы заходжага. То быў Сушчэня, і Бураў сцішана азваўся з цемры:

— Можна да вас?

Нахмураны твар Сушчэні амаль не змяніўся, толькі знерухомеў неяк, і ён, можа, з трохі забольшанай паўзай маўклівасці шырэй расчыніў дзверы. З пэўнаю перасцярогаю ў душы Бураў пераступіў і другі парог, Сушчэня зачыніў ззаду дзверы, і тады госць павітаўся. Прывітанне яго, аднак, засталося без адказу, здаецца, у хаце не было больш нікога. На краі стала смуродна бліскаў агеньчык газнічкі, за прычыненымі дзверцамі грубкі, відаць было, разгараліся дровы. У няпэўным бляску адтуль Бураў згледзеў, аднак, шчыра зацікаўлены пагляд дзіцячых вачэй — хлопчык гадоў чатырох узгробся з падлогі і, усё ўзіраючыся ў яго, патупаў насустрач. У ягоных маленькіх ручках была груба выразаная з дошкі нейкая цацка-рагулька, якою той ляскаў сабе па далоньцы.

— А ў мяне во — конік. Татка злабіў...

Малое з радаснай гатоўнасцю працягвала яму сваю цацку, і ў вачанятах яго было столькі даверу і дабрыні, што Бураў узяў цацку, няўцямна пакруціў у руках і пахваліў:

— Харошы конь.

— Мне папка і сабачку злобіць. З хвосцікам.

— З хвосцікам гэта харашо. А як цябе завуць?

— Мяне завуць Глыша. А татку Сусцэня.

— Значыць, будзеш Рыгор Сушчэня, — сказаў Бураў. Ён пашкадаваў ужо, што распачаў гэтую гаворку з дзіцём, якая, адчуваў, зусім не рабіла лягчэйшай ягоную задачу. Як бы не абцяжарвала нават тую задачу. І ён павярнуўся да гаспадара, які змярцвела стаяў ля парога.

— Сядай, што ж... — выціснуў з сябе гаспадар. — Не пазнаў спярша. Змяніўся...

— Ды, мусіць, і ты змяніўся, — сказаў Бураў і, адчуўшы раптоўнае, нейкае нязвыклае для сябе хваляванне, сеў на лаву ў прасценку. Зараз жа да яго валюхаста падбег Грышка і даверліва прыхінуўся да калена, звыкла забаўляючыся сваёй цацкай.

— А ў Лёніка ёсць патлон, —аддана зазіраючы ў твар Бурава, даверліва паведаміў ён. — Што страляе. Бух!

— Во як! Патроны цяпер не для рабят, — строга сказаў Бураў.

— Ды не патрон, Грыша, — зазначыў бацька. — Гільза ў яго ёсць.

— Ага, гільза.

Грыша пакінуў свайго канька і, болей зацікавіўшыся госцем, уклаў кароценькі пальчык у рот, пачаў разглядаць Бурава.

— А я да цябе, Сушчэня, — пасцюдзянелым голасам сказаў Бураў, трошкі адхінаючы ад сябе малога. Той, аднак, настойліва церся аб яго каленá.

— І куля ў яго ёсціка, — ціха паведаміў Грыша.

— Ладна, Грышачка, ідзі на ложак, там пагуляеш, — сказаў Сушчэня і ўзяў сына пад пахі. Той крыўдліва забоўтаў нагамі, захныкаў нават, аднак бацька аднёс яго ў запечак і расслаблена вярнуўся да грубкі.

— А дзе ж жонка? — запытаўся Бураў.

— Жонка ў хляве. Карову доіць. Сёння во лазню пратапіў, мыцца сабраліся, — сказаў гаспадар і апусціўся на нізенькі зэдлік ля грубкі.

— Мыцца, гэта харашо, — сказаў Бураў, думаючы пра іншае.

Канешне, страляць Сушчэню ў хаце было нельга, гэтае малое магло ўсё сапсаваць, бацьку трэба было кудысь вывесці — на падворак ці, можа, да лазні. Да лазні было б лепей. Праўда, маглі пачуць і на станцыі, а ім яшчэ трэба было пералазіць цераз рэчку... Лепш бы, канешне, за рэчкай. Адтуль цераз поле і — у лес. Толькі як туды яго давядзеш. А калі здагадаецца?

— Я знаў, што прыйдзеце, — сказаў тым часам Сушчэня з нейкай незразумелай пакорай у голасе, якая штосьці няўцям пакаробіла ў душы Бурава. Аднак ён не паказаў таго і амаль бадзёра зазначыў:

— Знаў? Гэта добра. Значыць, віну сваю разумееш.

— Што ж тут разумець, — развёў рукамі Сушчэня. — Ніякай віны не маю, во ў чым загвоздка.

— Не маеш?

— Не маю.

— А рабяты? — вырвалася ў Бурава. — Што павесілі?

— Рабят павесілі, — пагадзіўся Сушчэня і зноў абвяў з выгляду, нагнуўшы галаву долу.

Падобна было, ён нават церануў пальцамі вочы, але тут жа, мабыць, перасіліў сябе і выпрастаўся. Бураў, ужо лаючы сябе за нерашучасць, адчуваў, як усё болей зяблі яго мокрыя ногі. Мокрая ануча на левай назе зусім скамячылася ў боце і муляла. Мусіць, трэба было канчаць гэтыя размовы, але ён неяк нядобра расслабіўся і бавіў час, нібы баючыся пераламаць сябе на галоўнае. З запечка да яго зноў прыкаціўся Грышка.

— Дзядзя, а ў цябе наган ёсць? — спытаў ён, зноў прыхінаючыся да яго калень.

— Не, які наган? — сказаў Бураў.

— А во што гэта? — кароценькім пальчыкам ён паказаў на яго кабуру.

— Гэта так. Сумачка.

— А нашто сумачка? — дапытваўся Грыша, смокчучы свой кароценькі пальчык. Неяк неўпрыкмет ён абняў калені Бурава і ўжо ласкава, як кацяня, цёрся аб іх. Сушчэня тым часам сядзеў насупраць і не адганяў сына — ён паглыбіўся ў свае, мабыць, невясёлыя перажыванні. У той час у сенцах грукнулі дзверы, і ў хату не адразу, неяк запаволена, бы з ношай, увайшла жанчына з вядром, у цёплай, ваўнянай хустцы на галаве. Згледзеўшы чужога на лаве, відаць было, боязна насцярожылася, але тут жа яе ўвагу адабрала малое, якое ўжо спрабавала ўзлезці Бураву на калені.

— Грыша!

— А ў дзядзі наган ёсць. У сумачцы, — жвава паведаміў хлопчык.

На твары ў гаспадыні штось здрыганулася, як здрыганулася і ў душы Бурава, які адразу пазнаў у гэтай жанчыне Анэлю Крукоўскую, з якой некалі тры гады вучыўся ў тутэйшай школе.

Відаць, яна пазнала яго таксама.

— Здраствуйце.

— Здраствуй, Анэля, — збянтэжана сказаў Бураў. Ён не ведаў, што тая дзяўчына стала жонкаю Сушчэні, гадоў восем ён з ёй не бачыўся і нават нікога не папытаўся аб ёй, і гэтая сустрэча сталася для яго зусім нечаканай. Але цяпер ён намогся, робячы выгляд, што паяўленне Анэлі зусім не навіна для яго, што ён усё даўно ведае. Далей, аднак, размова ў іх не пайшла, абаім штось замінала. Бураў дык ведаў, канешне, штó, але, мабыць, здагадвалася і Анэля. Напэўна, адчувала. Тым не менш яна ўвачавідкі перасіліла сябе і нерашуча прапанавала:

— Трэба ж пачаставаць вас. Галодныя ж, мабыць?..

— Няма часу, Анэля, — сказаў Бураў і тут жа зазлаваў на сябе: есці, канешне, дужа хацелася. Таксама хацелася пасядзець, пагрэцца ў хатнім цяпле, пагутарыць з ветлівай, ніштаватай з твару жанчынай, якая некалі нават падабалася яму, хоць і была гады на два старэйшая за яго. Дужа карцела Бураву адагрэць азяблае за дарогу цела ці, можа, надалей адсунуць тое, дзеля чаго ён прыехаў сюды і чаму міжвольна супраціўлялася ўся яго істота. Але як было расслабляцца, як было забыцца аб тым хоць на хвіліну? Ён і так сядзеў, бы на вуголлі: недзе на дрывотні яго чакаў Войцік і, можа, па вуліцы ўжо брылі сюды паліцаі.

— Завесь акно, — ціха гукнула Анэля да мужа, а сама кінулася ў пасуднік, затым да печы, забразгала засланкай. Сушчэня таропка завесіў акно паласатай радзюжкай, што вісела побач на цвіку, а Бураў, падумаўшы, сцягнуў з нагі мокры бот.

— Во, можа, у вас якая анучына знойдзецца? Пераабуцца.

— Ануча? Зараз.

— Анэля шаснула ў запечак, чуваць было, нешта разадрала там і хутка вынесла яму дзве мяккія і нават цёплыя анучыны. Дровы ў грубцы сталі добра ўгарацца, скрозь па падлозе заскакалі барвовыя водбліскі, асвятлілі чырвоным і без таго счырванелую ад сцюжы ступню Бурава.

— А як жа мама твая? Ці жывая? — запыталася Анэля ад печы.

— Мамы няма ўжо. Тры гады як.

— А сястра ж Феня?

— І сястры няма. Забілі вясной у Лісічанскай пушчы.

Гаспадыня там часам паставіла на стол міску з цёплай смажанай бульбай, ад якой ішоў такі смачны пах, што цяжка было ўтрымацца, але Бураў пераабуваўся з абыякавым да ежы выглядам — быццам сам нядаўна ад стала. Сушчэня тым часам сігануў за посцілку і паставіў ля міскі трохі няпоўную пляшку, у якой знаёма калыхалася мутнаватая вадкасць.

— Дык, можа, прысядзеце? — амаль умольна зірнуў ён на Бурава, ды той рашуча пакруціў галавой.

— Не, не буду.

— Шкада. Ну што ж, тады я. Можна?

— Ладна, — пагадзіўся Бураў. — Толькі нядоўга.

Сушчэня наліў шклянку і выпіў, зарáз, з нейкай нядобрай рашучасцю, бы кідаўся ў вір — без аглядкі, пажаваў кавалак хлеба і на момант знерухомеў каля газнічкі. Анэля ставіла і ячшэ нейкія талеркі — з салам і агуркамі, кідаючы хуткія, заклапочаныя позіркі то на мужа за сталом, то на Бурава ў прасценку.

— Эх, як не па-людску ўсё! — скрыгануў зубамі Сушчэня, і Анэля крутнулася да Бурава.

— Анягож! Ці ж мы спадзяваліся на што, ці чакалі! Як яго ўзялі, у мяне сэрца зайшлося, тыдзень спаць не магла, усе вочы праплакала... Аж выпусцілі, што ж цяпер рабіць? Ці ж па яго волі?..

Неўпрыцям глытаючы слінкі, Бураў тым часам не пераставаў сачыць за ўсім, што адбывалася ў хаце, услухоўваўся ў кожны прыцішаны гук знадворку. Але на падворку і вуліцы, здаецца, усё было ціха, у незавешаным ля парога акне ўжо чарнелася начная цемра. Грышка падлез пад сталом і ўмасціўся на лаўцы ля бацькі (бліжэй да ежы), здаецца, ужо страціўшы цікавасць да госця.

— Ён жа нічым не паграшыў супраць іх, ён жа іх выгараджваў, — ціха заплакала Анэля, і Бураў не стрымаўся.

— Але ж павесілі! А яго выпусцілі. За што?

— А хто ж іх знае, жа што...

— Так не бывае.

Сушчэня пры тых ягоных словах адхіснуўся ад стала, прыстукнуў вялікай даланёй па стальніцы.

— Ладна, Анэля, што гаварыць! Судзьба...

— Да, — няпэўна сказаў Бураў і ўстаў з лавы. Пакуль не ўсчалося горшае, тую гаворку трэба было канчаць. — Пайшлі!

Ён выйшаў на сярэдзіну хаты, трохі падцягнуў дзягу на шынялі. Сушчэня сядзеў за сталом, бы змярцвелы, наваліўшыся грудзьмі на стальніцу. Здалося, ён і не чуў тых слоў Бурава, але неўзабаве здрыгануўся, таропка наліў сабе з бутэлькі яшчэ і за адзін глык апаражніў шклянку.

— А чорт з ёй! Пайшлі!

— Куды? — узвілася Анэля. — Куды ты яго? Куды?

Яна загаласіла — не гучна, ды пакутна і роспачна, за ёй заплакаў малы, і Бураў ажно спалохаўся, што яны сваім плачам, не дай бог, паднімуць на ногі паўстанцыі. Праўда, Анэля хутка заціснула рукамі рот, заплакала цішэй, пасля падхапіла на рукі малога. Сушчэня тым часам накінуў на сябе ватоўку.

— Пайшлі. Гэта...

Нібы прыпомніўшы што, ён павярнуўся, таропка пацалаваў жонку і рашуча ступіў да дзвярэй. Яго дрыготкія рукі невідушча бегалі па грудзях у пошуках гузікаў, каб зашпіліць ватоўку.

— Куды гэта вы?! — зноў ужо другі раз узвілася Анэля і загаласіла так, што Бураў спалохаўся.

— Ну, трэба, — сказаў да жонкі Сушчэня. — Мы ненадоўга. Ты не плач, супакойся...

Ён стараўся гаварыць ціха, з набалелай добрасцю ў голасе, і, мабыць, гэта падзейнічала на жонку, тая на момант змоўкла. Яе вусны бязмоўна торгаліся, а вочы яшчэ з недаверам упіліся ў твар мужа, нібы спрабуючы дазнацца пра тое, пра што немагчыма было дазнацца.

— Тут на адно дзела трэба, — схлусіў Бураў, хоць у яго ад гэтага растання здрыганулася сэрца. — Хутка прыйдзе.

Тулячы да сябе малога, яна ўжо з усяе сілы таропілася позіркам у Бурава, што тупаў каля парога. Таму дужа не цярпелася скончыць усё гэта і выйсці на двор.

— Прыйду, ага, — спакайней пацвердзіў Сушчэня.

— Дык гэта ж... Як жа ты?.. Нічога не ўзяўшы, — спахапілася Анэля. — Гэта ж хоць сала вазьмі...

Мабыць, яна ўсё ж паверыла, выпусціла з рук малога, памкнулася да стала, пачала мітусліва кроіць хлеб, сала, загарнула ўсё ў нейкую паперыну, кінулася да мужа.

— Во, перакусіць. А то як жа, калі не еўшы... І гэта... Цыбуліну даць?

— Ат, не трэба, — махнуў рукой Сушчэня, другой няўважліва запіхваючы пакунак у цесную кішэню. І Анэля зноў насцярожылася.

— Ты ж любіў, каб з цыбуляй? — напялася яна, перастаўшы выціраць вочы і гатовая зноў заплакаць.

— Калі любіў, дык вазьмі, — сказаў Бураў. — Ага, дай і цыбуліну. З цыбуляй смачней. Калі сала, дык добра з цыбуляй.

Недзе пад прыпечкам яна знайшла пару цыбулін, адну сунула ў рукі мужа, другую падала Бураву. Той узяў, пахваліў цыбулю.

Анэля паспакайнела, падобна, зусім паверыла падману, хоць усё яшчэ была напятая ад хвалявання ці насцярожанасці і раз-пораз выцірала вочы. Хоць ужо і не плакала.

— Калі задоўжуся, мыйцеся без мяне, — сказаў Сушчэня.

Яны выйшлі з хаты — Сушчэня наперадзе, Бураў за ім. На дварэ ўжо сцямнелася, дзьмуў рэзкі вецер, але дажджу не было. Сушчэня зрабіўся нейкі роспачна-рэзкі ў руках свайго дужага цела, рашуча сігануў з ганка і спыніўся на гразкім двары.

— Куды?

— Туды, туды, — паказаў Бураў у бок дрывотні. Гаспадар, хіснуўшыся, ступіў крокаў пяць і спыніўся.

— Лапату ўзяць?

— Вазьмі, што ж, — падумаўшы, пагадзіўся Бураў і пільна пасачыў, як Сушчэна перабраў у падстрэшшы нейкія палкі, выцяг з-пад іх рыдлёўку.

— Што ж, сам разумееш, — ціха, нібы вінавата нават сказаў Бураў. — Калі выдаў...

Сушчэня рэзка павярнуўся да яго — Бураў з нечаканасці аж адхіснуўся — і са сцішанай ярасцю кінуў яму ў твар:

— Я не выдаваў!

— А хто ж выдаў? — спыніўся Бураў.

— Не знаю. Не знаю!

— Але ж цябе выпусцілі?

— Выпусцілі, сволачы, — роспачным шэптам выдыхнуў Сушчэня і зусім паныла дадаў: — Лепш бы павесілі. Разам!

Апошнія словы ён кінуў цераз плячо, нібы з рэштаю слабай надзеі апраўдацца, ці што. Але цяпер што карысці апраўдвацца, падумаў Бураў, хіба ён следчы? Бураў не следчы, ён выканаўца прысуду, а прысуд гэтаму чалавеку зроблены там, у лесе, ці яму перайначваць яго. Але як было і выконваць, калі выканаўца таксама пахіснуўся ў адчуванні свае праваты, нейкая яна не такая аказалася, тая яго правата.

Часу, аднак, у іх было мала, нават зусім не было часу. Тым болей, адчуваў Бураў, што ён проста можа завязнуць у гэтай заблытанай справе Сушчэні і праваліць заданне.

Яны паропка абышлі грувасткую кучу дроў і завярнулі на дрывотню, дзе ціха тупалі ў змроку двое коней і тырчэла побач скалелая постаць Войціка. Той аддаў Бураву повад яго кабылкі, і яны хуткім крокам пайшлі сцежкай да лазні — Войцік спераду, Бураў ззаду. Між імі ішоў з рыдлёўкай у руцэ Сушчэня. Надзіва, Бураў ні трохі не баяўся яго, не апасаўся, што ён можа ўцячы ці нават, павярнуўшыся, секануць па галаве рыдлёўкай. Ён не так разумеў, як адчуваў, што Сушчэню нешта моцна ўтрымлівае ад варожасці да іх двух, хоць, канешне, той не мог не разумець, што справы яго былі кепскія. Праўда, на ўсякі выпадак Бураў пасунуў кабуру на дзязе бліжэй да спражкі, неўпрыкмет расшпіліў яе язычок. Карабін ён нёс на плячы і ўвесь час напружана згадваў: дзе? Дзе яму расквітацца з гэтым чалавекам, каб скінуць з сябе гнятлівы клопат і знаёмымі шляхамі-сцежкамі вярнуцца паначы ў пушчу. Штось, аднак, замінала яму, нейкая няпэўнасць у абставінах, ці што? Усё ж на іхнім шляху была рэчка з нязручнаю кладкаю, цераз якую трэба было неяк пералезці на той бок. У полі пад лесам, адчувалася, будзе трохі вальней, чым на гэтых гародах, пад носам у бобікаў. Сам не прызнаючы сабе, ён між тым усё бавіў час, міжвольна адсоўваючы кудысь той самы апошні момант. Штосьці ў ім яшчэ не саспела, каб зрабіць усё канчаткова, хутка і рашуча.

Рэчку на гэты раз яны адолелі трохі спрытней, чым нядаўна, — Войцік узлез на каня і паціху пераехаў ля кладкі, па кладцы на той бок даволі спрытна перабег Сушчэня. Каб не мачыць ногі, Бураў таксама пераехаў не на кабылцы, і яны спыніліся на дзірваністым беразе за лазнякамі. Бураў яшчэ нічога не вырашыў, а Сушчэня гэтую кароткую замінку, мабыць, зразумеў па-свойму.

— Ну што ж вы... братцы! — амаль замаліўся ён. — Бераг жа залівае... Тарфянік тут.

— А ты што — пясочку хацеў? — без пэўнага, аднак, намеру сказаў Бураў.

— А хоць бы і пясочку! Усё ж лепей, сам разумееш... Прыйдзецца ж некалі і самому...

— Пясочку? — сказаў Бураў, падумаўшы. — Ну, ладна, паехалі. У сасонніку там пясок.

— Ну, хоць у сасонніку, — дрыготкім голасам пагадзіўся Сушчэня.

У полі было надта ветрана і зусім ужо цёмна, асабліва ў доле, на чорнай мокрай раллі, толькі збоч на захмараным светлавым фоне трохі вытыркалася прырэчнае кустоўе, а далей, за полем, чарнелася сцяна сасонніку. Бураў скіраваў у той бок кабылку, і яны паехалі цераз гразкае поле; Сушчэня з рыдлёўкай на плячы шырока сігаў поруч. Ён не адставаў, стараючыся ісці ўпоравень з Буравым, нібы нават памыкаўся штосьці сказаць, ды толькі соп, стомлена, амаль знямогла. А Бураў, гойдаючыся з боку на бок на вострай хрыбціне, думаў, што, мабыць, трэба наважыцца, прыдбаць упэўненасці, крутаватай рашучасці. Мала што ён кажа: невінаваты, але ж факты! Усе факты якраз супраць яго, і з іх самы жахлівы той, што хлопцы пагінулі, а яго выпусцілі. Ну, што яшчэ трэба, якія доказы? Рэйкі развінчвалі разам з гэтым вось брыгадзірам пуцейцаў, і ён нават не адмаўляе таго, а чаму выпусцілі, растлумачыць не можа. Не знае! Але за так не выпускаюць, гэта зразумела і дурню. А то знае адно цвердзіць: невінаваты, не выдаваў нікога, але ж во ідзе! Ведае ж, куды вядуць, і нават узяў рыдлёўку, а ідзе. Не ўцякае, не спрачаецца, а ідзе. Ці ішоў бы з такой пакораю невінаваты?

А можа, менавіта так пакорна і ідзе, што невінаваты?

Чорт яго ведае, думаў Бураў, пакутна адчуваючы, што ўсё ў ягонай галаве пераблыталася, што колькі ні думай — усё роўна чагосьці не зразумееш: так усё ўскаламуціла гэтая жахлівая вайна. Ці, можа, ён, Бураў, чагосьці не ведае? Хаця што тут змяніла б, каб і ведаў усё. Ён жа прыехаў сюды не для таго, каб разбірацца ці штось зразумець, яго дзела надзвычай простае — застрэліць здрадніка. Каб іншым была навука, каб ведалі, як партызаны караюць тых, хто адступіўся ад сваіх, служыў немцам. Не, вагацца тут нельга, трэба рашучай рукой выкараняць погань.

На ўзлеску яны пераехалі пустую гравійку, і Бураў саскочыў з кабылы — ехаць па хмызняку ноччу было не надта каб зручна. Пакуль ён злазіў, Сушчэня спыніўся, хвіліну счакаў побач, Войцік таксама спешваўся ззаду. У лесе скрозь было мокра і золка, зверху з голля падалі за каршэнь сцюдзёныя кроплі, але вецер тут трохі паменшаў, і здавалася зацішней, чым у полі.

— Тут пагорак недзе, — прыпамінаючы знаёмую мясціну, сказаў Бураў. Сушчэня згодна кіўнуў галавой.

— Ды во баравінка зараз.

— Ну давай. Ідзі першы.

Сушчэня моўчкі пайшоў наперадзе, Бураў за ім, ведучы на повадзе кабылку; голле часам здзірала з галавы шапку, і ён ледзьве паспяваў адхінацца ад сучча. Раптам Бураў падумаў, што гэтак Сушчэня можа і ўцячы, і ажно спалохаўся на момант. Ды толькі на момант, бо Сушчэня ў лесе нават не прыбавіў хады, нават часам прытрымліваў у руках якую галінку, каб дужа не сцёбнуць Бурава. Але прыдарожны падлесак-хмызняк хутка скончыўся, яны выйшлі да баравінкі: засланіўшы змрочнае неба, наўкол паўсталі таўшчэзныя хвоі, іх ціхі, цягучы пошум плыў угары. Чысты, без травы, дол пад нагамі пачаў паднімацца на невысокі пагорак — прывабную баравінку ў лесе. Бураў памятаў яе з дзіцячай пары: тут вясной хлопцы палілі вогнішчы, гулялі ў вайну; улетку пад хвоямі любілі адпачыць лясныя захожыя. Баравінка невысокім валам агінала ўзлесак, далей зноў пачынаўся мешаны зараснік хмызняку, асіны і бярэзніку.

Яны ўзлезлі на самы яе верх і спыніліся. Скрозь было ціха, цёмна, патыхала лясною сырызнай, хвояй. Наўкол у доле чарнеліся тоўстыя камлі хвой, купкі ядлоўцу, нейкія незразумелыя і страхавітыя плямы, але Бураў даўно ўжо прывык да загадкавага выгляду начнога лесу, той яго мала трывожыў. Цяпер яго болей трывожыў Сушчэня.

— Ну, — знарок бадзёра сказаў Бураў. — Чым не мясціна! На любы выпадак!

— Выпадак!.. Каб мне сказалі калі... — пачаў і не скончыў Сушчэня.

Паныла апусціўшы плечы, ён стаяў на пагорку, пераводзіў дых, усім сваім апанураным выглядам сведчачы, што робіцца несправядлівасць, супраць якой ён знямогся пратэставаць і змушаны ёй падпарадкавацца. Бураў бачыў гэта, і яму ўсё болей рабілася ніякавата ад сваёй незайздроснай ролі ў гэтай гісторыі, хоць ён і гнаў ад сябе тое недарэчнае адчуванне. І ён сказаў, нібы для таго, каб трохі паспачуваць Сушчэню:

— Канешне, усё бывае. У такую вайну...

— Але ж гэта дзіка! — ледзь не закрычаў Сушчэня, і Бураў, спахапіўшыся, шыкнуў на яго:

— Ціха ты!

І азірнуўся на Войціка, які стомлена стаяў з канём трохі ніжэй ад іх на схіле пагорка.

— Войцік, ты ад’едзь там к дарозе. Пільнуй, каб чаго... Пакуль управімся.

Не адразу, па сваёй даўняй звычцы аб чымсь спачатку падумаўшы, Войцік нацягнуў повад і моўчкі павёў каня ўніз да ўзлеску і недалёкай адсюль гравійкі. Бураў пусціў долу кабылку — хай пасвіцца.

— Ну давай! Дзе ты хочаш? — проста, як пра штось малазначнае, запытаўся ён у Сушчэні. Той нібы ачнуўся ад задумення і з сілай дзеўбануў рыдлёўкай там, дзе стаяў.

— Праўду сказаў Гросмаер: у яго ўжо не выкруцішся.

«Ага, ужо і Гросмаер нейкі! — падумаў Бураў. — Вось так і высвятляецца... Ці не сувязь высвятляецца...» Ён трохі адышоўся ўбок, каб не замінаць Сушчэню, стаў на пагорку. Увогуле ён разумеў, што, пагадзіўшыся завітаць сюды, робіць не тое, растранжырвае каштоўны час ночы, за які яны ад’ехалі б адгэтуль далёка, што заўтра як бы не давялося шыбаваць павідну каля шышанскага гарнізона, павідну пераходзіць шасейку. Але міжволі ён усё нешта адцягваў, абачліва знаходзячы для таго нейкія прычыны і нават быў рады ў глыбіні душы, калі тыя прычыны знаходзіліся яшчэ і ў Сушчэні.

Моўчкі, з нейкаю нават упартай зацятасцю, Сушчэня тым часам узяўся капаць сабе яму. Адкінуўшы ўбок мох, ён дзёўб хваёвыя карані, якіх, мусіць, тут была процьма, паабсякаўшы іх, выкідваў разам з белым сухім пяском і ўжо праз некалькі хвілін да калень паглыбіўся ў зямлю. Яшчэ пакапае трохі, і, мабыць, будзе даволі, са страхавітай рашучасцю падумаў Бураў. Усё ж трэба канчаць. Як гэта зрабіць, ён так і не надумаў за вечар — ці стрэльнуць яго ў яме, ці над ямаю? Страляць у грудзі або ў патыліцу? Як лепш? Ці, можа, запытацца ў самога? Ён не хацеў, каб усё гэта было бязлітасна, са здзекам, хацеў, каб усё абышлося па справядлівасці і без крыўды. Усё ж свой чалавек, знаёмы вясковец. Ды яшчэ Анэля. І малы Грыша... «Як усё тое агідна і не па-людску, хай бы каго паслалі яшчэ», — каторы ўжо раз пачынаў злаваць Бураў.

— Ты, гэта, хоць не кажы Анэлі, — выпрастаўся ў яме Сушчэня, часта і цяжка дыхаючы ад стомы.

— Што не казаць? — насцярожыўся Бураў.

— Ды што расстраляў! Скажы, немцы забілі. Пасля ўжо, канешне, дазнаецца...

— Там відаць будзе, — няпэўна адказаў Бураў.

«Дзівак чалавек! — падумаў ён пра Сушчэню, які, трохі перадыхнуўшы, зноў лёг у работу. — Пра што клапоціцца...» На пагорку ўжо вырас ладны пясчаны гарбок, які выразна бялеўся ў доле, хутка разрастаючыся ўшыркі. Сушчэня шчыраваў як мае быць — мусіць, сапраўды клапаціўся, каб магіла была не горшая, чым на вясковых могілках. Ну, але гэта яму не могілкі, каб рабіць усё добра і грунтоўна, ды і ён не той, якіх там хаваюць. «Найперш ён здраднік, а затым ужо ўсё астатняе», — стараўся раззлаваць сябе Бураў.

— Ну, можа, хопіць? — сказаў ён, ступаючы на пясок. Сушчэня задыхана азірнуўся з яміны. — Закопваць многа прыйдзецца.

— Ага, ты ўжо закапай, я цябе папрашу. Ватоўка... Ватоўку б трэба Анэлі аддаць.

— Ватоўку? Давай. Перадам калі.

— Ага. Харошая яшчэ ватоўка. Калі яна такую справіць? Удава...

Адставіўшы ўбок рыдлёўку, Сушчэня здзеў у яме ватоўку, кінуў яе пад ногі Бураву. Той узяў, страсянуў ад пяску і, ступіўшы ўбок, азірнуўся. Кабыла, чуваць было, паціху варушылася ля кустоўя, яна не любіла ўначы далёка адыходзіць ад гаспадара, ён гэта ведаў і не турбаваўся. Яго раптам устрывожыў недалёкі пошум у хмызняку ля дарогі. Здалося, гэты пошум неяк раптоўна сціх, і ён ціха гукнуў:

— Ты, Войцік?

Аднак з падлеску ніхто не азваўся, затым там штосьці хруснула — яўна і падазрона. Бураў пастаяў і, раптам угнуўшыся, тузануў затвор карабіна. Ён не так згледзеў здаля ды ў цемры, як адчуў пагрозу ў кустоўі, дзе напэўна ўжо з’явіліся людзі.

— Стой! — гучна вызверыўся ён.

І сеў на кукішкі, каб штосьці лепш згледзець. Нейкі цень ужо выразна матлянуўся там між нерухомых плямаў ядлоўцу і знік.

— Стой! — здушана загадаў Бураў.

І толькі ён дакрануўся да пляча карабінам, каб стрэліць, як з таго боку грымнулі запар тры стрэлы, куля ляснула аб камель блізкай хвоі, кінула ў яго карыной. «Што ж гэта такое, там жа Войцік... Дзе ж Войцік?» — роспачна матлянулася ў галаве думка, і ён стрэліў таксама — два разы запар. Адтуль застралялі — часта і бязладна, Бураў напружыў зрок, каб што-небудзь там згледзець, як спалохана асеў долу, падкошаны востра-пякучым ударам у бок. «Ну, папалі! Папалі...» У змроку непадалёк ужо мільгалі хісткія цені, ён яшчэ раз стрэліў і, спалохаўшыся, што яны акружаць яго, скочыў убок, покатам пакаціўся з грудка. Ззаду загалёкала некалькі галасоў, бахалі таропкія стрэлы, а ён, не разбіраючы дарогі, задыхана бег, нясучы пякучую патарчаку ў баку. Кулі з хлёсткім бізуновым посвістам нізалі лесавыя нетры, ён адчуваў іх імпэтныя ўдары вакол і бег колькі было сілы, бо толькі ногі цяпер маглі даць яму паратунак. Было зусім цёмна, ён не ведаў шляху, даўно згубіў шапку, абдзёрся ў суччы і ўрэшце ўлез у хмызняк. Тут бегчы было ўжо нельга, заблытаўшыся нагамі ў хворасце, упаў, за штосьці ўхапіўшыся, устаў зноў. Стрэлы бахалі ззаду, хоць, здаецца, ён адарваўся ад даганятых, пад нагамі пачалася балацявіна, нейкія шархоткія зараснікі лазняку ці алешніку, якія зусім не давалі бегчы. Ён запаволіў крок, ногі падагнуліся, і ён упаў, губляючы апошнія сілы. Свядомасць яго пачала цьмець у правалінах памяці і болю, ніз жывата быў увесь у крыві, ён павярнуўся ў доле і застыў, так і не сцяміўшы, уратаваўся ці ўсё ж пагібель дагнала яго...

Як толькі побач закрычаў Бураў, Сушчэня ледзь не абмёр у сваёй магіле-яме, бо надта спалохаўся, — хаця, здавалася б, чаго ўжо было палохацца гэтаму чалавеку? Але ён аж сцяўся, угнаў галаву, а затым, як забахалі стрэлы, і зусім абвяў у дне ямы. Вядома, ён не сцяміў адразу, што здарылася там, наверсе, і, толькі калі побач матлянулася прыгнутая постаць Бурава, зразумеў, што трэба ўцякаць. З незвычайным спрытам ён выкінуў сваё немалое цела з выкапанай па грудзі яміны і перакуліўся цераз жвіровы бруствер. Між частых таропкіх стрэлаў з дарогі ўжо чуліся нейкія галасы, кулі візгліва джгалі ў хвоях, але не па ім, — мабыць, туды, дзе пабег Бураў. І Сушчэня, разгарачаны і спатнелы, у адной кашулі, прыпусціў з пагорачка крыху ў іншы бок, але таксама ад тых, што беглі з дарогі. Ён не разумеў, што гэта былі за людзі, свае ці немцы, але калі Бураў кінуўся наўцёкі, дык і яму трэба было бегчы. І ён бег, спярша з баравінкі, ледзьве не паляцеў спотырча, зачапіўшыся за пень ці корань, абадраўся аб голле ў хмызняку, выскачыў на ўзбалаць з мяккім імшыстым долам; далей тут было хмызняковае балота, але, ведаў ён, балота можна было абысці, калі кіраваць па пагорку з хвоямі. І ён патрухаў пагоркам, аж пакуль ладна не ўходаўся, тады пайшоў крокам. За ім не гналіся, можа, яго і не згледзелі нават, нейкі час на баравінцы чулася няпэўная гамана і бахалі рэдкія ўжо стрэлы — усё ў той бок, куды кінуўся Бураў. Але за Буравым яны, здаецца, таксама не пагналіся — падобна, яны таўкліся ўсе на пагорку, голасна і ўзбуджана нешта гамонячы: словы іх ледзьве даляталі да Сушчэні, ды ён не мог іх разабраць. Ён слухаў і чакаў, куды яны скіруюцца далей — па ягоных слядах ці за Буравым, будуць шукаць ці не. Страляць, аднак, яны перасталі, над лесам зноў запанавала ветраная ціша, вакол ляжала настылая лесавая цемра. Тады Сушчэня падумаў, што, мяркуючы па ўсім, ягоны расстрэл пакуль што адсоўваўся, даўшы нейкую мажлівасць для паратунку. Толькі дзе той паратунак, у якой старане? Дома ўжо пэўна ён не ўратуецца, дома яго дастануць зараз жа, як толькі ён з’явіцца там. Але дзе не дастануць? Куды яму скіраваць свой адсюль бег і як пакарыстацца такой рэдкай і дзівоснай удачай, што нечакана кінуў яму яго нешчаслівы лёс?

Ён пайшоў цішэй і ашчадней, каб не налезці на сук, усё азіраючыся і праслухоўваючыся. Рабілася дужа холадна, рукі яго ўжо скалелі дашчэнту, сцюдзёнай карыной узялася на спіне кашуля. Ён доўга і слепа брыў па негустым тут хвойніку. Сярод лесавога пошуму ўслухаўся, стараючыся што-небудзь учуць з пагорка, але там, падобна было, усё сціхла. Можа, яны адтуль ужо і змыліся — вядома, чаго ім сядзець ноччу ўлесе? Недзе там засталася яго ватоўка, ды, мусіць, ватоўку ўжо не возьмеш — ватоўку яны падабралі. Канешне, гэта паліцаі, інакш бы Бураў не пачаў у іх страляць ды і яны ў Бурава таксама. Толькі як яны налезлі на іх уначы? Ці, можа, пачулі з дарогі? Але ж там быў гэты другі партызан з канём, куды ён падзеўся? Можа, забілі? Мабыць, забілі, калі ён нічым не азваўся — ні стрэлам, ні крыкам, і даў гэтак нечакана абкласці баравінку.

Праз які кіламетр ці болей ад баравінкі Сушчэня спыніўся на краі старой дзялянкі-вырубкі з добра падрослым гушчаром маладняку. Ён усё думаў: куды падацца? Слых яго сіліўся злавіць якія-небудзь гукі з баравінкі, але адтуль ужо нічога не далятала праз лес. Пастаяўшы трохі і спачыўшы, ён палез далей у гушчар на дзялянцы, але хутка спыніўся. «А можа, яны пайшлі з баравінкі ці пабеглі за Буравым», — падумаў ён і павярнуў назад. Выбраўшыся з гушчару кустоўя, зноў трохі спыніўся ў нерашучасці: куды ўсё ж ісці? Куды ісці яму на гэтам свеце, ён не мог ніяк сцяміць. Але ўвага па-ранейшаму вярталася да баравінкі, дзе заставалася недакапаная яго магіла, і, яшчэ хвіліну разважыўшы, ён паціху пачаў красціся на тое праклятае месца. Мабыць, яму важна было ўпэўніцца, што там нікога няма. А можа, і пашукаць там ватоўку.

Так ён ціхай хадой прамінуў пагорак, па якім бег сюды, і зноў выйшаў да сырога ўзмошша забалаці; на яе хмызняковым ускрайку спыніўся. Было ціха. Толькі ён зноў спупіў у цемрыве са два крокі, адхінаючы ад твару галіну, як пад нагой дужа хруснула — мабыць, хваёвы сучок, і ён стаіўся. Не, зноў скрозь было ціха, мабыць, яго тут ніхто не пачуў. Паспакайнеўшы і разважыўшы, ён махнуў у душы рукой — чорт з ёй, з ватоўкай, а раптам яны там сядзяць у засадзе, чакаюць? Напорашся, што тады?

І ён успомніў тады пра Бурава, які пабег якраз недзе тут паблізу, трошкі бы стараной, у той канец забалаці, — стрэлы з баравінкі тады джгалі менавіта ў тым кірунку, рэхам-водгаласам ляскаючы наскрозь па ўзлессі. Ці ён уцёк, ці, можа, яго забілі? А можа злавілі? Цяпер у той яго безвыходнасці лёс Бурава чымсь прыцягваў да сябе ўвагу Сушчэні, і ён, абмінаючы баравінку, узяў убок; памалу, часта спыняючыся, пабрыў у цемры, мабыць, па ягоных слядах. Колькі разоў пад ягонымі ботамі зноў страхавіта хрускала сухая галінка, тады ён заміраў, стойваўся, але крыку ці стрэлу ніадкуль не чулася, і ён, трохі пасмялеўшы, ступаў зноў. Мабыць, яму таксама трэба было кіраваць туды, у абход балотца, а там падумаць, што рабіць далей. Куды ісці. Бо на станцыю яму шлях закрыты, на станцыі паратунку яму не будзе. Хіба што ў лес? Ці куды на хутар? Ці ў які схоў, далей ад людзей, вёсак, дарог. Дзе толькі ён знойдзе такі здатны схоў? Ды яшчэ ў такую халадэчу.

Ужо добра адышоўшыся ад баравінкі, ён зноў набрыў на балота, здаецца, тут быў травяністы яго мысок, парослы алешнікам ды асіннікам, трошкі правей, ведаў ён, зноў цягнуўся мешаны лес — рэдкія хвоі, бярозы з падлескам і далей ішлі пералескі аж да Сінянскага бору. Недзе тут поруч была і дарожка, але дарогі Сушчэня баяўся — з дарог цяпер ішла ўся бяда. І ён, растапырыўшы рукі, слепа брыў, адхінаючыся ад голля, часам прытрымліваючы шапку на галаве. Густаваты малады асіннічак, які ён памятаў з лета, трэба было абмінуць стараной, па вальнейшым месцы. І толькі ён павярнуў на трохі цвярдзейшы дол, як у звыклым стоеным пошуме лесу ўчуў нейкі старонні гук. Бы лясны голуб недзе правуркатаў і сціх. Але гэта быў не голуб. Сушчэня паслухаў, счакаў і павярнуў у асіннік, улез у ягоны гушчар і зноў прытаіўся. Галубіны вуркат прагучаў зноў і бліжэй. Устрывожаны пэўнай здагадкай, Сушчэня наўпрост, дужа зашорхаўшы голлем, палез бокам. Хоць было цёмна і ў доле мала што можна было згледзець, ён згледзеў-такі шараватую на траве купінку — то быў чалавек. Сушчэня моўчкі ўкленчыў ля яго, каленам натрапіўшы якраз на рулю вінтоўкі, рукамі намацаў боты, расхлыстаныя полы шыняля, адкінутую руку. Пэўна, гэта быў Бураў, ягоны шынелак, ды ён не азваўся на дотык сушчэнеўскіх рук, і Сушчэня баяўся паклікаць яго — ці мала што!.. Ён толькі абмацаў яго воглае цела і ўчуў, што той быў жывы, мабыць, паранены. Сушчэня хутка ўлез пальцамі ў кроў, але дзе была тая рана, ён зразумець не мог. Тады ён трохі пераваліў цела на бок — трава пад ім таксама была ў крыві, у крыві быў бок і шынель ля дзягі. Але сам Бураў ніяк не азваўся на яго дотыкі, толькі ўнутрана, невыразна стагнаў. Што было з ім рабіць? Разважыўшы трохі, Сушчэня ціхенька патузаў яго за рукаў: «Гэ, гэ... Ты жывы?.. Куды цябе, га?..»

Бураў, аднак, маўчаў, толькі здрыгануўся целам і вуркотна-ціха стагнаў. Мусіць, папала яму як мае быць, падумаў Сушчэня, так ён можа тут і сканаць. Але што ж яму можа зрабіць Сушчэня, чым памагчы? Ці, можа, схаваць куды, бо ўдзень, як развіднее, гэты бераг асіннічку ўжо будзе, напэўна, відаць з дарогі, цяпер праз голы падлесак відаць далёка.

Сушчэня мужчына быў дужы, некалі на станцыі разгружаў вагоны з соллю, і цяпер, напяўшыся, узваліў на сябе цяжкаватае такі цела Бурава, узяў яго вінтоўку, і, абапёршыся на яе, бы на палку, узгробся на ногі. Немалой сілы спатрэбілася яму, каб з ношаю выбрацца праз гушчар на вальнейшае месца, далей ён выпрастаўся, зручней паддаў на спіне параненага. Пад хвоямі ісці стала спрытней, але ён зачапіўся за корань і ледзьве не паляцеў спотырча ў дол. Неяк усё ж утрымаўся, зноў паддаў Бурава, і той горача і пакутна выдыхнуў яму ў вуха:

— Войцік, ты...

Сушчэня хацеў азвацца, сказаць, што ён — не Войцік, але гаварыць яму было не надта каб зручна, і ён палічыў за лепшае змоўчаць. Хай думае, што гэта Войцік, а там будзе відаць. Галоўнае, пакуль ноч, трэба далей адсюль, бо, чаго добрага, зноў налезеш на тых ці яны самі дагоняць. Уранні яны могуць усё тут аблажыць, пачнуць прачоску, як бы не загрэблі абодвух у свой паліцэйскі нерат.

Аднак брысці так па лесе з цяжкім мужыком на плячах, нязручна ўгнуўшы галаву, было не дужа каб лёгка. Сушчэня ўгрэўся, ажно спацеў, праз якія паўгадзіны пачалі падгінацца ногі, і ён, каб не ўпасці, апусціўся на калені, побач на сухі, хвойны дол ашчадна паклаў Бурава. Рана таго ўсё крывяніла, плечы Сушчэні былі мокрыя ад яго крыві, і Сушчэня, сутаргава хапаючы ротам стылае паветра, хвіліну сядзеў зняможана, паклаўшы на калені рукі. Ён па-ранейшаму напружана ўслухоўваўся ў цягучы шум лясных абсягаў, нават азіраўся па змрочных баках, але адразу ўчуў, як побач заварушыўся паранены.

— Што? Што табе?..

У наступную хвіліну ён зразумеў, што Бураў лаяўся, мусіць, ад болю, а пасля запытаўся здушаным шэптам:

— Куды... Куды ты нясеш?..

— І сам не знаю, — узрадаваўшыся, што паранены загаварыў, сказаў Сушчэня, усё яшчэ цяжка аддыхваючыся.

— Войцік? — тузануўся Бураў, заграбаючы побач рукой.

— Не Войцік — Сушчэня я, — сказаў Сушчэня, і Бураў зноў змоўк, бы насцярожыўся. Падобна, ён успамінаў штось ці думаў і пасля спакайней сказаў:

— Сушчэня, мяне добра падстрэлілі?

— А хто ж яго ведае. Але падстрэлілі, — пагадзіўся Сушчэня.

— А я цябе не паспеў...

— Дык калі ж было?.. Яны знянацку наскочылі... — сказаў Сушчэня і змоўк, не ведаючы, што сказаць яшчэ.

Бураў, відаць было, неяк утаймаваў свой боль, расплюшчыў вочы, паўзіраўся між цёмных хваін у трохі святлявае начное неба.

— Куды ты мяне валачэш?

— І сам не ведаю, — сказаў Сушчэня. — Але ўжо не дагоняць.

— Ты мяне ў Зубраўку. У Зубраўку мяне, — скрыгаючы ад болю зубамі, сказаў Бураў. — Там папытаеш Хвашчэўскага...

— Хвашчэўскага? Добра...

Сушчэня памаўчаў, каб лепей запомніць тое прозвішча, і падумаў: дзе тая Зубраўка? Ведаў, ёсць недзе пад Сінянскім борам вёска з такою назвай, толькі як да яе дапяцца? Колькі туды кіламетраў?

Бураў тым часам змоўк, і ён трошкі пакратаў яго за нагу, падумаўшы, каб хоць не сканаў ненарокам. Мусіць, трэба б яго перавязаць, ды перавязаць не было чым, зноў жа ў гэтай цемры нічарта немагчыма было згледзець. Але цягнуць так на сабе колькі кіламетраў па лесе таксама было небяспечна, найперш для самога параненага — як бы не сцёк крывёю. Разважыўшы трохі, Сушчэня прыйшоў да думкі, што трэба недзе расстарацца каня. Дзе толькі? На станцыю ісці ён баяўся, каб зноў не налезці там на паліцыю. Тады хіба ў Бабічах? У гэтым баку, ведаў, кіламетры праз тры была невялікая лясная вёсачка, мабыць, там яшчэ хтосьці застаўся і там бы ён разжыўся канём.

Вырашыўшы так, ён зноў нахіліўся над нерухомым Буравым, трохі патрос яго за борт шыняля.

— Слухай... Ну, як ты? Можа, дабярэмся да Бабіч? А там, можа, каня расстараемся...

Бураў нібы прахапіўся, напружыўся і, апаўшы затым, спытаў:

— Дзе Войцік?

— Дык хто ж яго ведае, — ціха сказаў Сушчэня. — Можа, забілі.

Бураў, здаецца, вылаяўся і зноў знямогла аціх у доле.

Счакаўшы трохі, Сушчэня ўстаў на калені, бураўскі карабін надзеў рамянём на шыю, каб той не замінаў пры хадзе. Гэты раз узваліць на сябе Бурава аказалася трудней, чым раней, і ён, хістаючыся, ледзьве падняўся на ногі. Хісткім крокам між дрэў і голля ён скіраваў у той бок, дзе, памятаў, за сенакосамі і Цімаковым балотам былі тыя лесавыя Бабічы.

Ведучы на повадзе каня, Войцік тады спусціўся з баравінкі, прадраўся праз алешкавы гушчар да гравійкі. Тут, ля дарогі, была яшчэ спазнелая трава, у якую адразу ўлёг яго згаладнелы конь (там жа, на выспе пад хвоямі, не было нічога). Войцік спярша патрымаў яго на повадзе, а пасля пусціў самапасам; паначы між кустоўя нідзе не дзенецца, падумаў Войцік, а сам закінуў за плячо вінтоўку і прыпёрся да камля адзінокай хвоі, што бліжэй за іншых стаяла ля дарогі. Было сцюдзёна, з поля дзьмуў золкі настырны вецер, добра яшчэ — без дажджу, а то б зусім дапякло на гэтым іх бязглуздым заданні. Коні дык зусім падбіліся за дарогу без ніводнай папаскі, а яны... Яны згаладнелі не менш за коней, толькі пра іх каму клопат? Пра сябе яны вінны былі клапаціцца самі, так заўжды было заведзена на заданнях, па крайняй меры, з самай вясны, як Войцік прыйшоў у атрад. Але ў такіх заданнях, ведаў ён, не ўсё абыходзіцца гладка і шмат што залежыць ад старшага. Ад камандзіра. Цяпер камандзірам назначылі Бурава. Што ж, Войцік не пярэчыў: Бураў быў партызан з вопытам, зноў жа, разведчык, ён гойсаў па заданнях, можа, болей за Войціка, можа, і пад кулямі быў часцей. Толькі ці разумнейшы ён — вось у чым справа. Калі браць па нядаўнім яшчэ даваенным жыцці, дык усё ж Войцік як інспектар райза, мусіць, значыў крышку больш, чым нейкі там шафёр райпоўскай палутаркі Колька Бураў. Але ён ужо ведаў, што цяпер, у вайну, не надта зважалі на ранейшы, даваенны статус, цяпер неяк неўпрыцям павылучаліся новыя — хто іх да вайны калі і ведаў, — як во камандзір падрыўнікоў Рыбчонак, што перад вайной, мабыць, толькі паспеў скончыць школу, ці пажарнік Сліпчанка, цяперашні начштаба іхняга атрада. Пра Войціка яны нібы забыліся, нібы яго і не было ў раёне, не сядзеў ён у прэзідыумах, не круціўся па вёсках упаўнаважаным, не выступаў з допісамі ў газеце. Усё-такі ён быў чалавек вядомы і нават складаў прамовы старшыні выканкома таварышу Корбуту, які хоць і меў ордэн і быў кіраўнік хвацкі, але не ўмеў звязаць тры словы па-людску. Заўжды ў яго выходзіла не прамова, а нейкая слоўная каша. Ну, дома, у раёне, вядома, гэта была не бяда, тут да ягоных прамоў-трасянак даўно прывыклі, але ж часам трэба было выступіць і ў вобласці, на якой нарадзе, перад начальствам. Во тады старшыня выканкома і клікаў Войціка да сябе ў кабінет, садзіў за стол насупраць, і Войцік за два дні сачыняў яму любое выступленне. На любую мудрагелістую тэму.

Па сваім часе Войцік лічыў сябе чалавекам адукаваным, усё ж скончыў сем класаў, а галоўнае — меў зграбны, каліграфічны почырк, якім ганарыўся ўсе тыя гады, што працаваў у раёне. І асабліва калі яшчэ рабіў у сельсавеце. Ён і ў сельсавет трапіў менавіта праз гэты свой почырк. Неяк напярэдадні калектывізацыі абралі яго ў прэзідыум вясковага сходу і даручылі пісаць пратакол. Папера была так сабе, сшытак у клетачку, чарніла даволі вадзяністае, але ручку ён меў сваю, вучнёўскую, з літарамі КУШТО на бліскучай апраўцы, з выдатна распісаным пяром нумар 86. І там ужо ён пастараўся. Ён так акуратна, з палямі і выкручастымі росчыркамі вялікіх літар напісаў пратакол, што старшыня сельсавета, падпісваючы яго ў канцы, выкаціў вочы: ну і майстар! Ды і астатнія члены прэзідыума здзіўлена паўзіраліся — такога почырку яны ніколі не бачылі. Старшыня сельсавета на яго, аднак, не забыўся, і ў маі таго ж года ён ужо сядзеў у сельсавецкай хаце і пісаў. А калі таварыша Корбута пасадзілі кіраваць раёнам, Войцік таксама перайшоў у выканком — кадр ён быў ужо спрактыкаваны і даволі правераны.

Тут жа, у атрадзе, рабіць па ягонай спецыяльнасці, пэўна, не было чаго, ды ён, зрэшты, і не набіваўся на штось адметнае. Сказалі ўзяць вінтоўку і стаць у строй, ён узяў вінтоўку і стаў у строй. Праўда, і тут ён значна вылучаўся сярод малапісьменных калгаснікаў, якія ні дня не служылі ў войску і, канешне, тае вінтоўкі не трымалі ў руках. А ўжо калі разабраць і сабраць затвор... Ён жа хоць таксама не служыў абавязковай, але добра вывучыў вінтоўку на занятках Асаавіяхіма, дзе нават страляў тры разы, як здаваў нормы на значок «Варашылаўскі стралок». Значок і цяпер у яго на грудзях, бы ордэн. Хоць, можа, яшчэ заслужыць і ордэн, Чырвонай Зоркі, напрыклад, як у камандзіра. Што ён, дурнейшы за гэтага нахрапістага пяхотнага лейтэнанта? Можа, разумнейшы нават, бо старэйшы за яго аж на восем гадоў і ўсіх і ўсё тут ведае, а што радавы дагэтуль, дык гэта таму, што сціплы. Са словам не выскоквае, на бога не бярэ, усё па-добраму, паслухмяна і ціха.

Вось хоць бы і з гэтым Буравым.

Войцік яшчэ звечара, як яны пад’ехалі да сушчэнеўскай хаты, зразумеў, што Бураў нешта мудрыць, нешта цямніць ці хітруе, калі адзін ідзе ў хату і бавіцца там чорт ведае чаго, пакідаючы яго з коньмі калець у завуголлі на ветры. Усё тут можна было зрабіць проста і хутка: паклікаць на парог і стрэльнуць. Сабаку сабачая смерць, чаго валаводзіцца? Дык не, сядзеў паўгадзіны ў хаце, пасля павёў яго за раку, у лес. Магілу яму капае... Глядзі, яшчэ будзе лапкамі яе высцілаць, як той Паліванаў, калі расстрэльваў свайго сябрука Шургачова за праяўленую трусасць у баі. Абодва яны былі лейтэнанты з акружэнцаў, нядаўна прыйшлі ў атрад, і ў першым баі з кнігаўскім гарнізонам гэты Шургачоў збаяўся, уцёк з-пад агню, падставіўшы там пад агонь увесь іх узвод. Узвод, вядома, выбіла напалавіну, ну, камандзіры і рашылі, каб узводны сам выканаў прысуд, які Шургачову вынес атрад. Паліванаў загад выканаў, але, як для сябра, магілу на дне выслаў лапнікам, каб утульней было дружбаку, з якім, мабыць, хапілі ліха на фронце. Але тут не фронт — тут партызанка. Зноў жа, Сушчэня нікому з іх не дружбак, проста здраднік, хоць і колішні знаёмы Бурава. Нашто яму такая ўвага? Канешне, Войцік мог бы сказаць пра сваю нязгоду, ды ён ужо ведаў характар гэтага райпоўскага шафёра яшчэ з той пары, як той ганяў свой грузавік паміж мястэчкам і Лепелем — вазіў тавары, лён, пяньку і заўжды каго-небудзь побач — нарыхтоўшчыкаў, бухгалтараў ці начальства. Аднаго разу з ім паехаў і Войцік, трэба было тэрмінова адвезці звесткі пра тэмпы бульбаўборкі. Бураў у горадзе загрузіў сваю палутарку мяхамі з пярлоўкай, яны ўжо збіраліся ад’язджаць, як немаведама адкуль да машыны прыбілася бабка з суседняе з мястэчкам вёскі — ездзіла хаваць сына і цяпер вярталася дадому. Войцік пагадзіўся падвезці (што ж ён які злыдзень, не разумее, што і бабка — чалавек, хоць цёмная і старая, але не ісці ж ёй пехатой па гразі сорак кіламетраў). Ён яшчэ дапамог бабцы ўлезці ў машыну, і тая неяк уладкавалася там у куточку кузава ля мяшкоў і была страшэнна давольная яго дабрынёй і гасціннасцю. Тым болей, што пачынаў ісці дождж, і нідзе не было ніякай фурманкі. Але тут выскачыў з канторы запыханы, з квіткамі ў руках Бураў і, калі Войцік паказаў яму на бабку ў кузаве, закрычаў як рэзаны: «Злазь!» Бабка, вядома, злезла, а ён тады расчыняе дзверы кабіны, дзе ўжо сядзеў Войцік, і крычыць на яго: «Вылазь!» Здурнеў ён, ці што, падумаў Войцік ды вылез, і той усадзіў на ягонае месца бабку. Яны пасварыліся там, бабка сядзела, бы мыш, але не вылезла, і Войцік змушаны быў сорак вёрст трэсціся на дажджы і ветры ў дрогкім кузаве палутаркі. І ніякай увагі на яго ўсё ж раённага маштабу пасаду, на яго службовы аўтарытэт. І ўсё тое на вачах у бабкі. Войцік тады прастудзіўся, вядома, пасля з паўгода абходзіў гэтага Бурава стараной, вызнаў, ці не радня якая яму тая бабка, аказалася, не, не радня, нават не дужа знаёмая. Значыць, звычайная наравістасць, нахабнасць і хуліганства — іначай як назавеш той выбрык райпоўскага шафёра.

Цяпер во гэты Сушчэня...

Конь рупна поркаўся ў цемры ля канавы, дарога ляжала пустая, трошкі пабліскваючы ў цемры гразкімі крывулямі каляін. За полем на станцыі ўзяліся брахаць сабакі, там жа, дзесь на падворку, бліснула чырвонае святло — мусіць, з сенцаў. Там цяпер цёпла і сытна, вараць на вячэру бульбачку, падумаў Войцік, а тут во глытай слінкі ды калей на гэтым узлеску. Ён усё чакаў стрэлу на выспачцы, пасля якога яны адчулі б сябе вальней і паехалі б паначы да Зубраўкі, дзе былі свае людзі і дзе можна было б абагрэцца, паесці, пераначаваць. Мінула, мабыць, ужо з гадзіну, а стрэлу ўсё не было, і Войцік адышоўся ад хвоі, зябка патупаў нагамі — ногі зусім акалелі ў худых стаптаных гамашах. Ён наставіў каўнер воглай суконнай паддзёўкі, глыбей на вушы насунуў кепку і толькі зноў прыхінуўся да хвоі, як пачуў на дарозе галасы — якраз там, дзе поркаўся ля канавы згаладнелы конь. Ля лужыны там стаялі ўжо дзве фурманкі (і адкуль яны ўзяліся?), і з іх моўчкі ссыпаліся людзі — постацей мо з шэсць, якія неяк крадком, уроссып шаснулі ўсе за канаву ў падлесак. Адзін дык зусім блізка прайшоў ля хваіны, Войцік, абмёршы і перастаўшы дыхаць, праводзіў позіркам яго цьмяную постаць з вінтоўкаю ў руках і нават заўважыў, як ён высака ставіў ногі, мусіць, каб не надта шархацець у быльнягу пры дарозе. (Як на тую бяду, з баравінкі данеслася некалькі слоў, мусіць, Бураў нешта гукаў Сушчэню.) Спярша змярцвеламу Войціку здалося, што гэтая постаць прэ проста на яго да хваіны, але яна моўчкі і ціха падалася ў падлесак. Тады Войцік ураз апрытомнеў і, прыгнуўшыся, кінуўся за хвою, а пасля — па ўзлеску далей. У гэты час ззаду ўжо раздалося галёканне, крык і стрэлы — пругкія хлёсткія ўдары іх паласнулі па голлі — ці не над самай галавой Войціка. Ламаючы нейкі ссохлы прыдарожны быльнёг, Войцік бег як ашалелы, засцярожліва гнучыся да самай зямлі. Пасля трохі разагнуўся, няпэўна сцяміўшы, што страляюць не па ім, — кулі, чуваць было, дзігалі кудысь збоч, да выспы, там жа асядаў уначы крык ці, можа, лаянка — гучна задыханы Войцік не шмат што мог разабраць на бягу.

Унізе, якраз ля забалаці з алешнікам, ён знямогла прыпыніў свой бег, слухаючы, ці не пачуецца дзе Бураў. Але Бурава нідзе не было, навакол было ціха, спакваля спыніліся і стрэлы на баравінцы. Што там здарылася? Але што там магло здарыцца, калі абрынуліся паліцаі, — мусіць, забілі Бурава і аслабадзілі Сушчэню — трэба было яго валачы ў гэты лес! Мабыць, жонка збегала да каменданта, той і паслаў даганяць... Ну, трэба было яму ўсчынаць тую магілу! Цяпер у тую магілу Сушчэня сам скіне Бурава. Зрэшты, можа, так яму і трэба, дурню.

Горш, аднак, што ён, Войцік, застаўся без каня, якога цяпер, напэўна, падабрала паліцыя. А можа, і не падабрала, можа, ён там пасецца і спакваля яго можна будзе ўзяць? Гэтая думка змусіла яго наблізіцца да дарогі — не той, гравійкі, дзе яго напаткала бяда, а да лесавой, па якой надвячоркам яны сюды ехалі. Дарожка ціха і сонна ляжала між дзвюх змрочных сцен з хмызняку і хвой, угары светлаватай шчылінай бліскала змрочнае неба. Каб лепш чуць, Войцік прыпыніў дыханне і сціх: здалося, быццам ад баравінкі данесліся галасы. Але калі ён лепей услухаўся, галасы прапалі. Можа, тыя паехалі? Забралі забітага Бурава і паехалі на станцыю? А калі пакінулі там засаду — гэта ў тым выпадку, калі Бураў уцёк? Зрэшты, на чарта яму баравіна, яму трэба быў конь, а ягоны конь заставаўся каля гравійкі, там, дзе стаялі і іхнія дзве падводы.

Трохі пастаяўшы ў нерухомасці і пацікаваўшы навокал слыхам, Войцік яшчэ паразважаў і памалу пашкандыбаў травяністай лесавой дарожкай да недалёкай гравійкі. Паблізу ад яе ён прыпыніўся, паслухаў і зноў пайшоў, сігаючы шырокім, аднак, асцярожным крокам. Ля разложыстага ляшчынавага куста вылез на ўзлесак. Хвоя, пад якой ён стаяў, высілася крыху воддаль, да хвоі ён не пайшоў, паўзіраўся адсюль — фурманак на дарозе ўжо не было. Значыць, яны паехалі. Ці, можа, ад’ехалі куды ў іншае месца? Але не было нідзе і каня. Ён яшчэ паслухаў, паўзіраўся — шумеў голлем вецер, пачаў накрапваць сцюдзёны дожджык; станцыя ўдалечы ўжо сціхла, была, мабыць, глыбокая ноч. Ну, ведама, падумаў Войцік, каня яны не маглі абысці. Каня яны прыхапілі з сабой.

Ён яшчэ раз са злосцю памянуў гэтага недарэку Бурава і яго неразумнае патуранне Сушчэню. Падумаў, што, мусіць, няма ўжо ніякай рацыі марна тырчэць тут, у гэтым праклятым лесе, трэба, пакуль не развіднела, падавацца ў Зубраўку і далей у партызанскую пушчу. З заданнем нічога не выйшла, заданне правалілі, хай пасылаюць іншых. Ва ўсякім выпадку, віны тут за Войцікам ніякай няма, ва ўсім вінаваты Бураў.

Гэтую лесавую дарожку ён трохі запомніў з учарашняга, паселішчаў паблізу быцца нідзе не было, і, мабыць, яму можна пакуль не баяцца. Хіба што далей тут недзе былі невялічкія Бабічы, але Бабічы можна, напэўна, абысці стараной, і Войцік жвава пашыбаваў тою дарогай, прыемна саграваючыся на хаду і ўсё ж несучы ў душы агорклае адчуванне няўдачы — паехалі двое на конях, а вяртаецца адзін пёхам. А галоўнае — немаведама што сталася з Буравым. Як ён раскажа аб тым у атрадзе?

Аднак у змрочным хваёвым лесе дарожка стала болей прыкметнай, ён ужо слепа не збочваў з яе і не натыкаўся на сучча падлеску. Здаецца, пачынала днець, начны змрок туманнай шэрасцю выціскаўся прэч з лесу, асядаў у голлі хваін. Як заўжды, ранак нёс трохі бадзёрасці пасля начной бессані. Войцік паспакайнеў, сагрэўся, аднак не страціў пільнасці, ступаў ціха і неяк знянацку ўчуў асцярожны старонні гук. То быў трэск галля пад нагамі — спрактыкаваным слыхам Войцік гэта вызначыў пэўна. Ён стаіўся ля маладой хваіны, паслухаў і неўзабаве згледзеў, як непадалёк у гушчары, неяк дзіўнавата-няпэўна ступаючы, нехта крадзецца — ужо ці не мядзведзь гэта? То ідзе разгоніста прама, то быццам замірае, аглядаючы шлях і ўслухоўваючыся. Во ён схаваўся за разложыстай елкай з апушчанымі долу сукамі, выйшаў зноў. І Войцік хутчэй здагадаўся, чым згледзеў у паўзмроку, што гэта ж чалавек нешта на сабе нясе. Ці не другога чалавека?

Няпэўная яшчэ здагадка стукнулася ў свядомасці Войціка, і ён, нерашуча сышоўшы з дарогі насустрач, ціха гукнуў:

— Бураў?

Чалавек, відаць было, знерухомеў, угледзеўся ў яго, але не кінуў ношу, а толькі выпрастаў з-пад яе галаву і азваўся:

— Таварыш Войцік?

— Войцік, ага. А ты...

Ужо нешта сцяміўшы, Войцік запаволеным крокам ішоў па мяккім імшарніку да начнога сустрэчнага. І перад ім усё болей выплывала з паўзмроку крутаплечая постаць Сушчэні з вінтоўкай на шыі, якую той, аднак, не спяшаўся хапаць у рукі і тым трохі супакойваў Войціка.

— Спаткаліся, называецца? — без жаднае злосці, хутчэй паныла сказаў Войцік. — Што з Буравым?

Мабыць, Бурава параніла-такі здорава: куля, здаецца, прабіла бок навылёт, і ён марудна сплываў крывёю. Прытомнасць яго знікала, растварылася ў болю, які нясцерпнай пякельнасцю ахапіў цела, сэрца захліпнулася, і ён праваліўся ў пакутны свет зданяў. Аднак тыя яго пакуты ў непрытомнасці былі зусім іншыя, чым наяве, там ён трываў болей душэўна, а фізічна адчуваў сябе хіба дашчэнту знямоглым, з ватнымі нагамі, такімі ж пазбаўленымі сілы рукамі. Аднак ён трымаўся імі за край кузава сваёй палутаркі, якая кацілася пад адхон па дарозе да Залескага возера, дзе быў масток цераз пратоку ў другое, меншае, возера. Ды ўся бяда ў тым, што масток той знік, на берагах нават не засталося ягонага следу, палутарка разгоніста набірала хуткасць, і ён не мог ускараскацца ў кузаў, каб неяк спыніць яе. Чаму яна пакацілася, таго ён не ведаў, можа, ён не паставіў на тормаз, а можа, там хто кіраваў ёю, але, так ці інакш, неўзабаве машына павінна была скульнуцца з абрыву.

Бураў енчыў, крычаў, ды крыку яго не чуў тут ніхто, хоць побач ішлі і ехалі людзі, але гэта былі дзіўныя людзі, быццам вайскоўцы, толькі ў нейкай незнаёмай форме, у рудых шынялях — японцы, ці што? І ўсе яны былі з акулярамі на плоскіх тварах і ўзіраліся ў яго, але ні адзін не памог яму. І вось урэшце машына паляцела з абрыву, і ён разам з ёю. Толькі ў пратоку яна не ўпала, яна ўзнялася ў паветра, ягоныя ногі адарваліся ад зямлі, ён падняўся, учапіўся за борт, і той іх палёт нечакана здаўся мяккім, плаўным, нават прыемным, калі б не страх вышыні. Зямля аддалілася, знікла, навакол была цёплая лагодная прастора, у якой прагырчэў чыйсьці голас і сціх. Здаецца, голас пытаўся штосьці, але Бураў не мог зразумець, хто і пра што пытаецца, тое прычыняла яму пакуты, як і яшчэ адна акалічнасць: вакол стала цёмна, і ён занепакоіўся — як жа ў цемры спусціцца яму на зямлю з няўключанымі фарамі?

Сапраўды, навокал было цёмна і сцюдзёна, ён ляжаў на зямлі, гэта пэўна, але без машыны. Палутарка яго дзесьці знікла, і нейчы інакшы голас ціха, зусім па-зямному, пытаўся: «Ты жывы, га?»

Ён хацеў сказаць, што жывы, але не разумеў, дзе ён і што з ім сталася. Чаму ён ляжыць? І хто гэта побач? Здаецца, павінен быць Войцік, з ім жа яны паехалі ў Масцішча... Нашто яны ехалі ў Масцішча?.. Ах, забіць здрадніка. Яны, здаецца, яшчэ і цяпер едуць, толькі чаму так цёмна і чаму ён гэтак няўклюдна распяты — вісіць дзесь на руках, а ногі часам валакуцца па лісцвяным доле, ногі сапраўды ватныя, без сілы, а пад шчакой штосьці мяккае і цёплае, і пахне чалавечым потам...

Толькі куды ж прапала палутарка?..

...Ах, ягоная палутарка, біты, разняшчасны грузавічок маркі «ГАЗ-АА»! Колькі ён натрываўся ад яе ды і разам з ёю, колькі ягоных спадзяванняў нарадзілася і перагарэла на гэтай машыне і як усё недарэчна скончылася...

Пра машыну ён марыў даўно, мабыць, з таго восеньскага дня, як упершыню згледзеў яе на станцыі — гэта прыехалі нейкія экспедытары з Віцебска, і яна стаяла ля прывакзальнага скверыка — магутная трохтонка на вялізных гумовых колах. У яе ўтульнай, зашклёнай кабінцы сядзеў шафёр з вялізнымі акулярамі над казырком, абапёршыся на руль, ён пазяхаў — мабыць, чакаў астатніх. Трое пасялковых сяброў-падшыванцаў спярша ўглядаліся ў яе здаля, пасля, падышоўшы бліжэй, памацалі яе тугія гумовыя колы, дашчаны кузаў, падножку. Вельмі хацелася паглядзець ім, што ў кабінцы, але яны баяліся дзядзькі-шафёра, які ўсё круціў галавой ды барабаніў пальцамі па чорным баранку-рулі. Бураў тады не зводзіў з ягонага твару ўлюбёнага позірку і, мусіць, тым дамогся свайго — шафёр павярнуў галаву і спытаў ляніва, але з жартоўнаю добрасцю ў голасе: «Што, хочаш піпікнуць?» — «Хачу», — раптам сказаў Колька, і той шырока расчыніў кабіну: «Ану, лезь сюды». Колька з дрыготкім сэрцам ускочыў на падножку, шафёр пасунуўся на мяккім сядзенні, і ён умасціўся побач, аберуч ашчаперыўшы слізкі кругляк руля. Яму ўжо ўявілася, што яны едуць — далёка і шпарка, і побач ззяюць у захапленні хлапечыя позіркі, — усе шалёна зайздросцяць яму. А тут яшчэ шафёр кажа: «Ану, ціскані гэта» — і паказвае на чорны гузачок пасярод руля. Колька ціскануў і зараз жа скалануўся ад нечаканага рыку, што пагрозліва раздаўся ў жалезным нутры машыны. Шафёр засмяяўся, паляпаў яго па плячы: «Не палохайся, падрасцеш, на шафёра вывучышся».

Кольку Бурава нібы падмянілі ў той лістападаўскі дзень, аўтамабіль для яго стаў марай, ён пільнаваў кожную машыну на вуліцы, хоць іх было яшчэ мала, і яму яшчэ мо разы чатыры шчасціла бачыць іх пераважна на станцыі, ля грузавога двара. Яшчэ гады праз чатыры, калі ён добра падрос, на машыне стаў працаваць дзядзька Ігнат, бацька ягонага аднакласніка Стася, і тут ужо Колька ўвесь вольны час прападаў на сядзібе сябра, пільнаваў ягонага бацьку, калі той прыязджаў на абед, і яны мелі кароценькую магчымасць пасядзець трохі ў цеснай, напечанай сонцам, але такой утульнай кабінцы. Але Стась не дужа захапляўся машынай, яму болей даспадобы былі трусы, якіх была працьма ў іхняй варыўні і якія зусім не цікавілі Кольку. І калі неяк летам дзядзька Ігнат узяўся за рамонт свае трохтонкі, яго першым дабраахвотным памочнікам стаў Колька. Спярша ён адціраў ад гразі рысоры, пасля мыў у газе балты і гайкі, памагаў дзядзьку Ігнату разбіраць задні мост — дзе патрымаць ключ, дзе падаць шплінт і шайбу, а то і падлезці дзіцячай рукой туды, дзе не пралазіла рука дарослага чалавека. Затым яны тыдзень корпаліся ў рухавіку, і дзядзька Ігнат тлумачыў хлопцу, навошта патрэбны шатуны і поршні і як яны круцяць каленчаты вал, як перадаецца ягоная энэргія на колы, адкуль і куды ідзе электрычнасць і як яна запальвае гаручае ў цыліндрах. Коля быў хлопец кемлівы і запамінаў усё да драбніц — слава богу, тады ўжо вучыўся ў сёмым класе. Праўда, затым у яго шафёрскай адукацыі настаў перапынак, аж гады тры ён рабіў у леспрамгасе, затое, прызваны на вайсковую службу, адразу папрасіўся ў аўташколу: сказаў камандзіру, што ведае будову аўтамабіля, трэба толькі навучыцца ездзіць. Камандзір трапіўся добры, і месяцы праз чатыры маладога чырвонаармейца Бурава залічылі ў аўташколу, дзе ён паказаў найлепшыя здольнасці і па сканчэнні атрымаў шафёрскія правы і па два трохкутнічкі ў пятліцы. Пасля ён ужо ні пра што іншае не марыў, як атрымаць машыну і ездзіць на ёй хоць да скону жыцця.

У жыцці, аднак, усё сталася болей складана і меней шчасліва, чымсь у марах. Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся дамоў, у мястэчка, але машын у раёне было ўсяго чатыры і на ўсіх сядзелі шафёры. Яму машыны ўжо не дасталося, і ён стаў чакаць. Каб было з чаго есці хлеб і карміць маці з сястрою, наняўся грузчыкам у райпо, там ён з год цягаў мяхі і скрынкі, нагружаў і разгружаў свае і гарадскія машыны. Неяк увосень часова падмяніў на трохтонцы Хвастова, калі той захварэў і яго старэнькая «АМО» засталася без вадзіцеля. Але Хвастоў неўзабаве паправіўся, і Бураў зноў мусіў падацца на апрыклы яму склад, грузіць нарыхтаваную за лета кару лазы і крушыны. І ён чакаў, упарта і настойліва, з роспаччу і надзеяй, аж пакуль аднойчы пад восень старшыня райпо Падабед не паклікаў яго ў кантору і не загадаў ехаць у Віцебск на станкабудаўнічы: рабочыя-шэфы выдзелілі райпо грузавы аўтамабіль. Выправіўшы дакументы, Бураў, нібы на крылах, паляцеў у Віцебск. З вакзала на завод ён ішоў пехатой і быў нібы ў тумане ад радасці, не заўважаў ні гарадскіх дамовак, ні трамваяў, ні пешаходаў, ва ўяўленні яго ззяў такі новенькі, зграбны грузавічок, што ён гатовы быў несці яго на руках да свайго райпа. Канешне ж, ён неўзабаве паедзе на ім па шашы, будзе даганяць, абганяць фурманкі, і ўсе будуць глядзець, як ліха і спраўна ён кіруе машынай. Не, вядома ж, ён не ліхач, ён не будзе ганяць машыну без толку, ён будзе ашчаджаць рухавік, не перакручваць яго, божа барані — не пераграваць, ён ужо ведаў шмат якія шафёрскія сакрэты — што спасціг сам з падручнікаў, чаму навучылі на службе, а што ўчуў ад старых спрактыкаваных вадзіцеляў. Ён толькі баяўся, каб не адбылася памылка, каб на заводзе не павярнулі яго назад — ён ужо ведаў, што могуць прыдрацца да дакументаў або сказаць, што спазніўся і аўтамабіль перадалі каму другому. Якой інакшай арганізацыі ці калгасу.

Памылкі, аднак, не адбылося. У цесным заводскім пакойчыку з кратамі на акне вусаты надзьмуты начальнік у белай талстоўцы, падпяразанай чачэнскай, з мноствам дробненькіх бляшак, дзяжкай, праверыў яго дакументы і павёў цераз заліты мазутам двор на заводскія зады. Яны ішлі доўга, завод быў вялікі, праціснуліся вузкім пераходам між дзвюма глухімі сценамі, пералезлі цераз гару ржавай жалезнай арматуры і тады ў кутку за трансфарматарнай будкай нерашуча спыніліся. Ля плота стаяла яго прыгажуня, яго паўтаратонка славутай на ўвесь свет горкаўскай маркі «ГАЗ-АА».

Убачыўшы яе, Бураў знерухомеў, у яго адняўся язык, ён не мог вымавіць слова. Мусіць, бачачы яго збянтэжанасць, дзядзька ў талстоўцы бадзёра вымавіў: «Вось, калі ласка, прашу любіць і жалаваць, ваша аўто. Наладжвайце і язджайце» — і пайшоў у сваю кантору. А Бураў усё разгублена стаяў на ранейшым месцы — такога ён не прадбачыў. Гэта быў не аўтамабіль — то быў аўтамабільны труп, аўталамачына, рэшта ржавага металу і паламанага дрэва. Абедзве фары не лбе гэтага трупа былі без шкла і без лямпачак, тонкая паласа бампера жахліва сагнулася, мабыць, у аварыі, левае крыло хістка трымалася, мусіць, на адным болціку, дзверцы кабіны, канешне ж, не зачыняліся, бо былі без ручкі. Да таго ж яны былі праламаны, таксама як і ўвесь левы борт кузава, з якога тырчэлі канцы абламаных дошак. Брудныя скаты напалову сплюснуліся без паветра, а ў кабіне валялася на падлозе завадная ручка побач з пустою бутэлькай, на абадраным сядзенні ляжаў хвост селядца ў парудзелай ад сонца паперыне. Шкала спідометра была выдрана з мясам, аголеныя правады віселі пад рулявой калонкай. Убачыўшы ўсё тое, Бураў ледзь не заплакаў ад расчаравання, пакратаў тугі абаранак руля. Думаючы, што нікуды яму адсюль не крануцца, што гэтую дэрбіну можна хіба парэзаць аўтагенам ды здаць ва ўтыль, ён падняў палавінку капота, зазірнуў на замаслены і запылены рухавік, які не праціралі, мабыць, з часу яго ўстаноўкі на аўтамабіль. Свечы, аднак, былі ўсе на месцы, у радыятары нібыта штось пляскалася. Трохі падкачаўшы бензіну, ён уставіў ручку ў храпавік каленвала, дужа крутануў — раз, другі, трэці... І во дзіва: на чацвёртым павароце рухавік падхапіў абароты, затросся, зачхаў — Бураў таропка павярнуў рычажок дроселяў, і поршні захадзілі весялей — падобна, рухавік завёўся. Аднак, яго шафёрская радасць была заўчаснай: неўзабаве абароты пачалі змяншацца, рухавік затросся, затузаўся і заглух. І колькі затым Бураў ні круціў ручкай (аж змакрэла спіна), як ні тузаў падсос, рухавік не азваўся, маўчаў, нічога з ім нельга было зрабіць.

Увесь той дзень да вечара ён корпаўся ля машыны, падкачаў колы, прыбраў кабінку. Надвячоркам пайшоў у кантору прасіць якую машыну, каб адбуксіраваць палутарку ў раён. У канторы не было нейкага начальніка ды і скончыўся рабочы дзень, стомлены і згаладнелы, ён пераначаваў на абадраным сядзенні ў кабіне, і толькі назаўтра ранкам да яго задам падсунуўся чатырохтонны «ЯС», які і ўзяў яго на буксір. Пакуль яны выехалі з горада і затым паўзлі па шашы, Бураў змакрэў ад поту за рулём свае дэрбіны — ад стомы і хвалявання; добра, што буксір быў даўгі, яму неяк удалося не стукнуцца ў задні борт таго «ЯСа». Пасля абеду, аднак, ён пад’ехаў да шырока расчыненых варот райпоўскага склада і, як вылез з кабіны, ледзьве не ўпаў на зямлю ад горычы і знямогі.

Усё доўгае лета затым Бураў корпаўся пад машынай — разабраў яе да апошняга вінціка: і рухавік, і хадавую частку, перабраў усе вузлы і агрэгаты — чысціў, змазваў, рэгуляваў. Кепска, аднак, што добрая палова дэталяў ні к чорту не гадзілася ад старасці і выпрацоўкі, трэба было мяняць, але дзе было ўзяць новыя? Разоў дзесяць ён ездзіў у Віцебск, усё на той жа станкабудаўнічы завод, ездзіў у Оршу да знаёмага чыгуначнага нечальніка, замяніў задні мост, які райпо здабыло аж у пагранатрадзе за Полацкам. Мост гэты таксама быў далёка не новы, ды ўсё ж трохі лепшы за ягоны ўшчэнт разбіты. Паўмесяца ён праціраў клапаны, паяў радыятар і ладзіў тармазы. Калі хадавая частка і рухавік былі трохі даведзеныя да ладу, настала чарга кабіны і кузава, але гэта было ўжо лягчэй — тут ужо ён абышоўся сваім матэрыялам. Зрабіўшыся на тыдзень сталяром, ён залапіў дзіркі ў кузаве добра падагнанымі дошкамі, а кабіну абабіў цынкавай бляхай, лістоў пяць якой сам адарваў з даху местачковага кляштара пры закрытым касцёле, які даўно ўжо курочылі людзі. Заставадася пафарбаваць усё ў нейкі прыстойны колер, ды нідзе нельга было дастаць фарбы, і ён месяц ездзіў у такім страхоцкім выглядзе — з бляшанай кабінай і стракатым кузавам. І толькі позняй восенню за два мяхі капусных качаноў з гарода раздабыў на станцыі паўвядра жоўтай фарбы, якой і афарбаваў палутарку. Атрымалася даволі прыстойная машына, якая пасля за дзве зімы і лета выездзіла не адну тысячу кіламетраў і, мусіць, ездзіла б і яшчэ, калі б не ўсчалася вайна.

На трэці ці чацвёрты дзень ад пачатку вайны машыну загадалі адагнаць на станцыю, меліся пагрузіць на платформу, каб кудысь адправіць. Бураў і адагнаў, паставіў у рад з іншымі недаломкамі на таварным двары, болей ён нічога не мог ёй зрабіць, бо сам спяшаўся з позваю на зборны ваенкамацкі пункт. Але сталася так, што ні ён не трапіў туды, куды яго пасылалі з ваенкамата, ні ягоны аўтамабіль не дачакаўся пагрузкі. Добра пасланяўшыся па жудасных дарогах вайны, ён мусіў урэшце вярнуцца дамоў, бо фронт далёка перагнаў яго, мястэчка занялі немцы, начальнікам над раёнам паставілі нядаўняга бухгалтара Шалькевіча, які стаў называцца бургамістрам, хутка арганізавалі паліцыю, што размясцілася ў новым памяшканні раённай бальніцы. Там жа ён убачыў аднойчы і сваю гаротную палутарку, на якой цяпер раз’язджалі паліцаі, а за яе рулём сядзеў малодшы Мікіцёнак, што вучыўся ў школе адначасова з Буравым, толькі ішоў на тры класы пазней. Ён і жыў на суседняй вуліцы, і некалі, як дзядзька Ігнат рамантаваў свой грузавік, яны разам памагалі шафёру. Мікіцёнак таксамса захапляўся тэхнікай і вывучыўся на шафёра.

Тое, што ягоны аўтамабіль апынуўся цяпер у паліцыі, адабрала ў Бурава сон, ён дужа схуднеў, перастаў есці і нават размаўляць з маці, тая ўжо думала, што ён захварэў. Але сын быў здаровы, толькі ён тыднямі ламаў сабе галаву, як адпомсціць паліцыі ды і гэтаму Мікіцёнку таксама. Сотні варыянтаў помсты пракруціў ён у сваіх мазгах, але ўсе яны былі з бракам: то надта дробязныя, то смешныя, то занадта небяспечныя, то зусім яму не па сіле. Але ўсё роўна ён думаў, прыкідваў, прымерваўся, назіраў. Мабыць, у снежні ён ужо ведаў напэўна, штó зробіць, належала толькі выбраць здатны для таго час. Гэты Мікіцёнак з машынай у будні і святы прападаў у паліцыі, ноччу машына стаяла на бальнічным двары, там была варта, туды падступіцца было немагчыма. На дарозе таксама ён нічога зрабіць ёй не мог: у яе кузаве заўжды сядзелі паліцаі з вінтоўкамі. Мусіць, у паліцыі была жорсткая дысцыпліна, канешне, немцы ўмелі наводзіць парадак, ды ўсё ж Бураў колькі разоў заўважаў, што Мікіцёнак калі-нікалі на кароткі час прыязджае дадому, заглядае да бацькоў. Машына тады стаяла ці каля веснічак на вуліцы, ці ён заганяў яе ў вароты. За варотамі, вядома, яе не дастаць, там бразгаў ланцугом звяглівы сабака. А вось ля веснічак...

Але гэта трэба, каб было цёмна, каб яго ніхто не ўбачыў ні праз акно, ні з вуліцы. І ўвесь канец восені ён сачыў уранку, як паліцаі выязджаюць куды на раён, а ўвечары калі вяртаюцца. У двары за хляўком ён прыладзіў да сцяны драбіну, каб хуценька ўлезці па ёй на страху, зірнуць цераз садкі на суседнюю вуліцу, дзе бачны быў вугол Мікіцёнкавай хаты. Ён ужо даўно падрыхтаваў добры квач на драціне, каб дастаць з бака бензін, ашчадна прыхаваў пад страхой паўкарабка запалак. Аднаго разу ён аж закалаціўся ад радасці, калі неяк на змярканні згледзеў машыну ля Мікіцёнкавай хаты. Але, мусіць, ён позна ўсё ж згледзеў — пакуль абабег пуньку і пералез цераз суседаў паркан, там ужо з’явіліся людзі — два паліцаі прыкурвалі каля веснічак, а Мікіцёнак нядоўго пакорпаўся над капотам, апусціў яго, і яны хутка паехалі некуды. Ён спазніўся. Другі раз у кузаве нехта сядзеў, мусіць, чакаў шафёра, які ненадоўга забегся ў хату. Затое трэці раз ён згледзеў сваю гаротніцу ў самы спрыяльны час. Тады ўжо вечарэла, ён еў бульбу за сталом у хаце і ўсё пазіраў у акно, дзе між будынін на суседняй вуліцы мільганула прыцьмелае святло фар, і ён зразумеў, што гэта Мікіцёнак. Кінуўшы на стале недаедзеную бульбу, ён рынуўся з хаты, падхапіў квач у сенцах, выхапіў з падстрэшша запалкі, цераз заснежаны і заліты памыямі сметнік выбег на гарод, пералез адзін плот і пераскочыў другі, прабег задамі суседавай сядзібы і з-за паркана паглядзеў на вуліцу. Машына стаяла пасярод дарогі, якраз насупраць Мікіцёнкавай хаты, у двух вокнах якой ліпела святло газнічкі, і Бураў наважыўся. Ён не так зразумеў, як адчуў інстынктам, што болей зручнага выпадку не будзе. Гэты самы зручнейшы.

Бураў пераскочыў цераз паркан і кінуўся да машыны. Бензінавы бак якраз быў з гэтага боку, таму праз акно з хаты яго ніхто згледзець не мог. Заснежаная вуліца ўся патанала ў паўзмроку, хоць чалавек на ёй быў бачны здалёк, але ніхто нідзе не ішоў і не ехаў. Бураў з усяе сілы крутануў з гарлавіны тугаватую накрыўку бака (ведаў, яна заўжды адкручвалася туга) і сунуў туды свой абкручаны пакуллем квач. Шкада, бензіну было не поўна, мусіць, з палавіну бака, ён адчуў гэта, боўтнуўшы квачом, і, выцягшы яго да паловы, церануў запалку. Пэўна, ён усё ж хваляваўся: першая запалка згасла, згасла і другая, тады ён узяў з карабка іх некалькі разам і запаліў. Калі запалкі добра ўспыхнулі, ткнуў імі ў квач, той ярка пыхнуў у самы ніз кузава, жарам ударыў у твар (абпаліўшы бровы), але Бураў усё кінуў з рук і рынуўся цераз плот. Не азіраючыся, на падворку адчуў, як ззаду агняна ўзвіхрылася, зашквірчэла, ярка асвяціла наваколле, ён убачыў перад сабой на снезе свой даўгалыгі цень ля хляўка і забег за вугал. Далей, не азіраючыся, прыбег на ўласны падворак і стаў ля дрывотні — за садкамі і стрэхамі будынкаў палаў дымны пажар і чуліся крыкі — то былі музыка і відовішча, весялейшых за якіх ён не памятаў у жыцці.

Машына згарэла датла, рамантаваць там ужо не было чаго, паліцаі яе нават не звалаклі з вуліцы, яе абгарэлы шкілет стаяў там да сярэдзіны лета, пасля недзе прапаў. Але таго Бураў ужо не бачыў: тае ж ночы, калі па яго прыйшлі паліцаі, ён прадбачліва сядзеў у пуньцы і гародамі падаўся з мястэчка ў пушчу. Там пачаўся для яго новы жыццёвы этап, які як бы не скончыўся разам з жыццём у гэтым прыстанцыйным лесе...

Бураў ляжаў пад стромкай, голай аднізу хваінай, і Войцік нейкай анучай спрабаваў перавязаць яго. Рана была, мусіць, кепская — ці не разрыўной у левы бок, крыві наплыло многа, Войцік у прыцемках доўга поркаўся пад яго кашулямі, і Бураў, хрыпата стогнучы, лаяўся:

— Мудак! Я ж цябе паслаў пільнаваць... А ты...

— А я і пільнаваў. Што я вінаваты, што яны з іншага боку? — шчыра дзівіўся Войцік.

— Іншага...

Стоячы на каленях, Войцік нарэшце абкруціў анучай скрываўлены жывот Бурава. Як след перавязаць яго было, аднак, неяк ды і не было чым, і Войцік думаў, што карысці з тае перавязкі будзе няшмат. Трэба б яшчэ якую анучыну, але дзе яе возьмеш у гэтым бязлюдным восеньскім лесе? Ён ваўкавата зірнуў на змакрэлага ад поту Сушчэню, які паныла сядзеў побач, і ад яго, відаць было ў світальным прыцемку, веяў потны парок. Сушчэня сохнуў, аддыхваўся, упёршыся рукой у імшарнік, і нявесела пазіраў на двух партызан. Яны да яго не звярталіся, ні пра што не пыталіся, быццам нават злавалі на яго, але не стралялі і нават не праганялі яго. Яму ж ісці адгэтуль не было куды, і ён сядзеў так, стомлена дыхаў, чакаў. Праўда, адчуваў ён, што, мусіць, яшчэ спатрэбіцца: хілы Войцік наўрад ці сам справіцца з цяжкім, зусім ужо знямоглым Буравым, трэба будзе падмога. Пэўна, гэта ж адчуваў і Войцік, які, перавязваючы Бурава, усё думаў: што з ім рабіць, куды несці? І як несці?

— Ох і нарабіў ты... Ох і нарабіў! — стагнаў тым часам паранены.

— Гэта ты нарабіў, — вяла апраўдваўся Войцік. — На чарта было лезці ў лес?

— Што ты разумееш, Войцік, — прастагнаў Бураў і, нібы штосьці ўспомніўшы, запытаўся: — Дзе Сушчэня?

— Ды во сядзіць, — кіўнуў галавой Войцік.

— Не чапай Сушчэню, — выразна вымавіў Бураў і сціх. Войцік зацяў дыханне, нібы чакаючы пачуць ад яго і яшчэ нешта, але, не дачакаўшыся, паціснуў плячыма пад воглай рудой паддзёўкай.

— Хай... Мне што. Толькі што камандзір скажа?

Бураў на тое ўжо не адказаў,ён зусім неяк нядобра абціх у доле і ляжаў так, нямогла выпрастаўшыся даўгім целам, раскінуўшы худыя ногі ў ботах. Знятую з яго дзягу з наганам у кабуры Войцік ужо начапіў сабе на паддзёўку і, мабыць, не збіраўся яе знімаць. Але Бураву, відаць, было не да зброі, здаецца, ён зноў упаў у непрытомнасць.

Пасядзеўшы трохі, Войцік трывожна заазіраўся.

— Яшчэ дагоняць і возьмуць, як суслікаў. Нада матаць адсюль. — Ён ускочыў на ногі. — Ану, давай бярэм удвух!

Сушчэня з прымаруджанай гатоўнасцю падняўся, падышоў да параненага. Карабін Бурава ляжаў побач, але цяпер пры Войціку ён не адважыўся яго ўзяць. Тады карабін падхапіў Войцік і, шчоўкнуўшы затворам, закінуў яго за плячо. На другім плячы ў яго вісела свая даўгая вінтоўка, на баку звешвалася дзяга з наганам. Мусіць, замнога для аднаго чалавека набралася ў яго зброі, але Сушчэня не сказаў нічога — зброя цяпер яго не датычыла.

— Так. Бярэм!

Войцік нахіліўся да ботаў Бурава, а Сушчэня ўзяў параненага пад пахі, натужыўся, зноў узваліў яго на сябе, і яны кудысь павалакліся воглым ранішнім лесам.

Тым часам наўкола віднела, угары праступіла хмарнае сцюдзёнае неба, у якім раздумна гойдаліся хваёвыя верхавіны, голае бярозавае вяршалле. Лес поўніўся тужлівым працяглым пошумам, які часам трохі спадаў, каб зноў неўзабаве ўзяць сваю несціханую жалобную ноту. Усё навакол — і рэдкія хвоі, і кустоўе ядлоўцу, і голы танканогі беразняк, а таксама дол-беламошнік — сачылася набрынялай золкай сырызнай. Нават апалы сушняк пад ботамі трускаў амаль нячутна, ледзь хрупаў у чэзлай траве, на мокрым імху. Зрэшты, Сушчэня ўжо не асцерагаўся нічога, азірацца яму было надта нязручна, і ён спадзяваўся на Войціка: ужо Войцік павінен глядзець. Ён ведаў адно — цярпліва валачы на сабе цяжкое цела Бурава таксама ў набрынялым вільгаццю і крывёй шынялі і толькі прыслухоўваўся час ад часу да яго дыхання на плячы, якое часцяком зусім памірала. І тады ён думаў: хоць бы не сканаў гэты Бураў. Ён не ведаў яшчэ, чым той цяпер яму неабходны, але ён чуў, што той сказаў Войціку, і, нібы тапелец за квёлую саломінку, ухапіўся за тыя ягоныя словы. Ён згледзеў у іх нейкую нечаканую нітачку, якая, можа, вывела б яго да сваіх, калі б не ўратавала жыццё, дык хоць бы засцерагла ад недарэчнай пагібелі. Пасля ўсяго, што з ім здарылася, ён ужо не спадзяваўся на жыццё — для яго найвялікшаю ўдачай было б загінуць па-людску, пакінуўшы па сабе хоць някепскую памяць. З нейкага часу ён ужо адчаяўся пазбыцца пагібелі, жыццё для яго зрабілася недасяжным, ведаў, з тае пасткі, куды яго загналі ворагі ці абставіны, мусіць, паратунку не будзе. Але хоць бы не спляжыць жыццё самых дарагіх ягоных істот — Анэлі і сына. Пра тое ён думаў усе гэтыя тыдні, хоць, канешне, інстынктыўна яшчэ турбаваўся, тузаўся за жыццё, нібы на што спадзяваўся. Хіба на цуд. Але, мусіць, нейкі цуд і адбыўся, ягоная пагібель адсоўвалася. Што будзе далей, Сушчэня, аднак, не меў уяўлення.

Яны доўга брылі так з параненым, якога няспрытна коўталі на сушчэнеўскіх плячах — і так і гэтак; ён ужо добра адарваў іхнія рукі, а ў Сушчэні яшчэ і падкошваліся ногі. Добра яшчэ, думаў Войцік, што гэты Сушчэня быў мужык дужы, адзін ён, мусіць, не даў бы рады гэтаму цяжкому Бураву. Зрэшты, цяпер болей за параненага, які наўрад ці пражыве доўга, Войціка непакоіў Сушчэня — што з ім рабіць? Праўда, пакуль што валачэ ён спраўна, нават не трэба яму загадваць, але куды вывалача — во ў чым справа. Войцік быў родам з другога канца раёна, гэтага лесу амаль не ведаў. Учора з Буравым ён трапіў сюды першы раз і цяпер, на гэтай бездаражы, зусім страціў арыенціроўку, куды яны чаўпліся, не мог зразумець. Мабыць, трэба было папытацца ў Сушчэні, але не мог жа ён тым паказаць, што не ведае дарогі і не знае, куды ісці. Так ён можа даждацца, што гэты Сушчэня яшчэ прывядзе абодвух у нейкую пастку, у самае паліцэйскае логава, тады ўжо кранты будуць абодвум. І чаму яны не застрэлілі яго ў Масцішчы або на выгане, каля рэчкі, навошта павалакліся з ім аж у лес? Але гэта ўсё Бураў. Ці не за гэтую сваю дурноту ён цяпер і расплочваецца крывёю. Але і Сушчэня ўсё ж нейкі незразумелы здраднік, глядзі, вынес знямоглага Бурава і цяпер не спрабуе ўцячы, брыдзе — куды і навошта? Мабыць жа, ведае, што чакае яго, як вынесе, а во ідзе.

Зноў жа, а як бы ён абышоўся адзін, без Сушчэні?

Дзівосная сітуацыя, нічога не скажаш, заклапочана думаў Войцік. І ён азіраўся вакол, спрабуючы ўбачыць якую знаёмую прыкмету, каб пазнаць месца, дзе яны ўчора ехалі конна ў Масцішча. Толькі нічога знаёмага не траплялася ў гэтым лесе, вакол цягнуліся здзічэлыя баравыя нетры, шумелі, пагойдваючы верхавінамі, стромкія хвоі, і ім ні разу не трапілася ні сцежкі, ні якой лесавой дарожкі. Добра яшчэ, што дол амаль скрозь быў раўнінны, не трэба было абыходзіць балоты, але ўсё роўна яны знемагліся. Мусіць, усё ж памагаты з Войціка быў кепскі, мокрыя боты параненага ўсё лузгаліся з яго рук, Сушчэня тузаўся, пакуль, стомлена хакаючы, не прахрапеў з-пад Бурава:

— Вы кіньце... Я сам...

Войцік і кінуў, сапраўды, яму хапала дзвюх цяжкіх вінтовак на вузкіх плячах, нагана, ён таксама ўходаўся за гэтую ноч, ды яшчэ пачаў балець страўнік — азвалася яго застарэлая язва. Маўчала амаль тыдзень, а во напомніла. Ну але, мабыць, турботаў гэтае ночы яму было мала, адчуваў, яны яшчэ вылезуць бокам. Ісці так без грузу ў руках стала лягчэй, ён трохі аддыхаўся і раптам у звыклым лесавым пошуме ўчуў раскацістае водгулле некалькіх далёкіх стрэлаў — як раз у тым баку, куды яны кіравалі. Войцік аж прыпыніўся, хацеў гукнуць Сушчэню, але той сам, мабыць, учуў страляніну і стаў — сагнуты ў тры пагібелі пад няўклюдна распластаным на спіне целам Бурава.

— Дзе гэта? У Бабічах?

— Можа, і ў Бабічах, — шумна выдыхнуў Сушчэня.

«Вот жа халера, — падумаў Войцік. — Калі ўжо страляюць у Бабічах, дык куды ж паткнуцца?»

Мусіць, тое ж адчуў і Сушчэня, які трохі паправіў на сабе ношу, хістка пераступіў на нагах — праз хвіліну яшчэ даляцелі два стрэлы, і затым усё няпэўна знямела. Яны пастаялі, тады Войцік зайшоў наперад і паказаў рукой трохі ўбок ад тых стрэлаў.

Яны зноў рушылі па бары, усё пільна ўслухоўваючыся праз лесавы шум, — пакуль што, праўда, вакол было ціха. Куды яны ішлі, цяпер ужо не ведаў ніхто — ні Сушчэня, ні Войцік. Неўзабаве, аднак, ім трапілася старая лесавая прасека, дзе-нідзе парослая маладым падростам — хвойнікам і бярозкамі, дол тут слаўся пясчаны, і ісці па ім было цяжэй, чым па бары-беламошніку, у пяску грузлі ногі. Сушчэня часта спыняўся, усё паддаючы на сябе цяжкое цела параненага, якое ўпарта спаўзала долу. Бураў спярша маўчаў, мо быў у непрытомнасці, а пасля стаў надта стагнаць, і Сушчэня спыніўся. Яны ашчадна паклалі Бурава долу, Войцік сказаў заклапочана:

— Зноў закрывяніў...

Ён знямогла скінуў са сваіх плеч вінтоўкі і сеў, дзе стаяў, — на сухі, засыпаны ігліцаю дол. Штось памеркаваўшы, Сушчэня на гэты раз рашуча сцягнуў цераз галаву сваю чорную чыгуначную кашулю, хуценька скінуў нясвежую, выцвілую ад старасці майку.

— Э, ужо нічарта не паможа, — недаверліва сказаў Войцік. — Тут ужо столькі нацякло...

Схіліўшыся над параненым, яны зноў расхінулі ягоны мокры шынелак і ўдвух пачалі абвязваць майкай ягоны жывот. Каб яна неяк трымалася там, выцягнулі з ягоных штаноў вузкі каляны раменьчык, падперазалі жывот па майцы.

— Мне, мусіць, усё, — квола прастагнаў Бураў і памаўчаў. — Не данесяце...

Удвух яны моўчкі пасядзелі над ім, адпачываючы і непружана згадваючы, як быць далей, і Войцік азваўся першы.

— Трэба падвода. А так, канешне...

Усё нешта мяркуючы, ён паўзіраўся наперад, у затуманены прасцяг вузкай прасекі, з аднаго боку якой стаяла сцяна спелага хваёвага бору, а з другой зелянеўся кучарывы гушчар маладога, радкамі пасеянага лясніцтвам хвойніку. Хвойкі тыя не надта каб выраслі, але ўсе дружна імкнуліся ўгору, утварыўшы высакаваты, на два-тры чалавечыя росты, непралазны гушчар. Мабыць, там можна было схавацца, іншага сховішча ў скразным бары не было.

Толькі яны ўзяліся за Бурава, каб несці яго туды, як зноў здалёку забахала, ды так часта і густа, што яны знерухомелі. Некалькі доўгіх хвілін яны слухалі з пякельнаю мукай на тварах, затым Войцік страпянуўся першы.

— Давай, хутка, туды, у хвойнік!..

Абодва, задыхаўшыся, прынеслі параненага на край хвойнічку і, расхінаючы яго калючыя нетры, прадраліся яшчэ крокаў з дваццаць. Тут сапраўды было схоўна і ціха, і яны, натрапіўшы на невялічкую прагалінку, паклалі на дробную траўку спакутаванага Бурава.

— Дзе гэта... страляюць? — ціха запытаўся той, не паднімаючы запалых век.

— А чорт іх ведае! — сказаў Войцік. — Недзе ў тым баку.

— У Бабічах?

— Можа, і ў Бабічах. Але ты ляжы. Во расстараемся падводу — адвязем.

— Расстараемся... — няпэўна прамовіў Бураў і зноў маркотна надоўга сціх.

Яны ўдвух цесна сядзелі побач і круцілі ва ўсе бакі галовамі, слухаючы наваколле, ды тут нічога не было чуваць. Толькі шумеў (аж свістаў у хвойным гушчары) вецер ды, халера б на яе, недзе ўсчала стракатаць сарока — каб яна хоць не навяла каго на гэтую прагаліну, падумаў Войцік. Яны ўжо добра нахадзіліся па лесе, мабыць, і часу мінула нямала. У гэты кароткі дзень, ведаў Войцік, не заўважыш, як ранак зробіцца вечарам. Мабыць, трэба было пакарыстацца ім, пакуль не пачало змяркацца, а то ў цемры ды на незнаёмай мясцовасці вельмі проста налезці на ліха. Трэба ісці здабываць падводу. Толькі хто пойдзе?

— Сушчэня, — сказаў Войцік, — ты тут ведаеш, дзе што. Дзе вёска, ведаеш?

Сушчэня заклапочана ўгледзеўся ў хвойнік, паслухаў, падумаў.

— Дык Бабічы там недзе. Пад пушчай. А можа, мы іх дзе прамінулі?

— Гэта там, дзе стралялі?

— Ну.

— Дык ідзі па падводу, — сказаў Войцік.

Сушчэня ўстаў, хацеў нешта сказаць, мабыць, на развітанне.

Але не паспеў ён, прыгнуўшыся, ступіць у гушчар, як Войцік яго спыніў.

— Не, чакай! Усё ж пайду я, — вырашыў ён. — А ты сядзі тут, пільнуй.

— Добра, — паслухмяна сказаў Сушчэня, зноў сядаючы ля бухматае, з абвіслымі лапкамі хвоі.

Войцік пачаў хуценька збірацца ў дарогу: падняў з долу бураўскі карабін, уздзеў за спіну, узяў у рукі вінтоўку, ямчэй насунуў на голаў сваю казыркастую кепку. Ён ужо ступіў быў у хвойнік, як з долу ціха азваўся Бураў.

— Граната... А дзе граната?

Паранены абмацаў рукамі запалыя грудзі і зноў знерухомеў. Войцік працяглым позіркам паглядзеў на Сушчэню.

— Я не браў, — сказаў Сушчэня. — Мо згубілі ўначы?

Бураў паморшчыўся, падумаў штось і сказаў Войціку:

— Ты аддай мне наган.

— Наган? На, вазьмі, канешне.

Выняўшы з кабуры чорны міліцэйскі наган, Войцік уклаў яго ў выцягнутую руку Бурава, і той падапхнуў рэвальвер пад сцягно. Дзяга з кабурой засталася на Войціку.

— Я пастараюся хутка, — бадзёра сказаў ён. — Калі недалёка.

І палез у гушчар. Хвойкі паблізу трохі прашархацелі і сціхлі, і ўсё навакол сціхла. Сарока, чутна было, застракатала гучней, можа, пагналася за Войцікам, падумаў Сушчэня. Сарока, халера на яе, калі прывяжацца, дык не адгоніш.

— Во так, — выдыхнуў у цішыні Бураў. — Чаму я цябе не стрэльнуў у хаце?

Ён памыляў белымі, бяскроўнымі вуснамі і змоўк, а Сушчэня ніякавата перасмыкнуўся побач — ён ужо адпацеў, і ягоная спіна ў адной кашулі зноў пачала здорава зябнуць.

— Стрэльнуў бы цябе, сам быў бы жывы-здаровы.

— Як жа было ў хаце? — не пагадзіўся Сушчэня. — Дзіця там.

— Дзіця... А чаму ты не ўцёк, Сушчэня? — запытаўся Бураў і насцярожыўся, поўны нямоглае ўвагі.

Сушчэня выдраў з зямлі жмут травы, выбраў з яго даўжэйшую былку і разламаў яе напалам.

— Куды ж мне ўцякаць?

— А да немцаў.

— У немцаў я ўжо быў. Во глядзі!

Ён тузануў за падол кашулі, загарнуў яе да галавы, разам паварочваючыся да параненага голай, спаласаванай сінімі пісягамі спіной.

Бураў трошкі расплюшчыў вочы і зірнуў адзін толькі раз, павекі яго зноў зляпіліся, і ён змоўк. А Сушчэня ёжо нервова шкуматаў травіну, ірвучы яе вялікімі вузлаватымі пальцамі.

— І ты мяне нёс? — урэшце ціха вымавіў Бураў.

— Нёс. А што ж мне было рабіць?

— Але ж ты... выдаў. Тых, трох?

— Я нікога не выдаваў! — раптам узвіўся сцішаным крыкам Сушчэня, ускочыў на ногі і зноў сеў, уткнуўшыся тварам у рукавы. Мабыць, ён нават заплакаў, але хуценька авалодаў сабой, выцер бруднымі далонямі счырванелыя вочы. — Я нікога не выдаваў, гэта мяне выдалі, — сказаў ён спакайней.

Бураў у доле зацяў дыханне, слаба перабраў скрываўленымі пальцамі.

— А чаму не павесілі? Разам з тымі?

Сушчэня адказаў не адразу, неяк разважна памаўчаў і кінуў прэч травіну.

— Каб жа павесілі, я б ім дзякуй сказаў. Але выпусцілі. Думаў: нашто выпусцілі? Думаў, зноў возьмуць. Не ўзялі. Два тыдні дома сядзеў — куды мне было падацца? Цяпер стаў трохі разумець, чаму выпусцілі.

Гэта праўда, цяпер ён стаў разумець, і разуменне гэтае прыйшло спакваля, рознымі няпэўнымі прыкметамі стукалася ў ягоную свядомасць, каб канчаткова з’явіцца ўчора ўвечары разам во з гэтым Буравым, які цяпер ледзь жывы ляжыць на зямлі і не можа чагосьці ўцяміць у ягоным злашчасным лёсе. А тады, як яго перасталі біць у СД і доктар Гросмаер пасля двух зусім міласэрных допытаў сказаў, што ён прагоніць яго дамоў, калі ён такі незгаворлівы дурань, Сушчэня, канешне ж, зусім не паверыў яму. Дудкі, падумаў ён, каб яны выпусцілі, павесяць, як учора павесілі трох ягоных рабочых. Хіба што пасля.

А ён сапраўды ўзяў ды пусціў...

Сушчэня змалку ведаў за сабой адну недарэчную рысу ў характары — будучы пакрыўджаным, ён траціў натуральную здольнасць скардзіцца, пратэставаць, мог толькі заплакаць, зацяцца, адасобіцца ад людзей, забіцца ў які катух. Затым, ужо падросшы, у такіх выпадках мог толькі вылаяцца, апанурыцца, але не павініцца (калі быў вінаваты), ні апраўдацца (калі быў бязвінны). Ён сам не рады быў той не падуладнай яму зацятасці, і колькі натрываўся праз яе, аднаму яму і вядома. Добра яшчэ, калі побач былі сябры, якія ведалі яго і маглі абараніць ад крыўды. Калі ж ні сяброў, ні сведак не было паблізу, ён мусіў трываць усё сам-насам. Даказваць, бажыцца, спрачацца, браць за горла ці кідацца ў істэрыку, як некаторыя, ён не тое што не ўмеў, а нешта замінала яму так зрабіць, яго апаноўвала маўклівая крыўда, і ён мог толькі пакутна маўчаць.

— Я ж на пуцях трынаццаць гадоў прарабіў, — паспакайнеўшы, сказаў Сушчэня змарнеламу Бураву. — Ды ты ж ведаеш... Як немцы прыйшлі, быў кінуў. Аж прыходзіць начальнік станцыі, ну той наш Церашкоў: нада ісці працаваць, а то немцы мяне расстраляюць. Ну што рабіць, мусіў пайсці, хоць і не хацелася. Бы адчувала душа.

...І гэта была праўда, Сушчэню дужа не хацелася ісці пры немцах працаваць на чыгунку, бы чула яго душа, што дабром тая праца не скончыцца. Але было шкада і Церашкова, увогуле неблагога чалавека, з якім ён прарабіў апошнія шэсць год. Сабраў гэты начальнік брыгаду, усе ранейшыя хлопцы — аднагодак Сушчэні Тапчэўскі, які таксама гады тры працаваў тут на пуцях, харошы, кампанейскі мужык з гэтага ж Масцішча; Пятро Карабань з суседняе вёскі і малады яшчэ фэзэушнік Мішук, што, як пачалася вайна, вярнуўся да бацькі з Віцебска, дзе вучыўся на цесляра. Як і да вайны, пайшлі на пуці. Работа ўсё тая ж, знаёмая: рыхтоўка, падбіўка, замена гнілаватых шпал, рамонт стыкаў, калі дзе трэба, забіўка кастылёў. А на станцыі апроч свайго начальніка Церашкова паявіўся і нейкі немец, быццам цывільны, але ў мундзіры з чырвонай павязкай на рукаве. І па-руску трохі ўмее. Па пуцях неўзабаве пайшлі паязды — на ўсход, гружаныя тэхнікай і войскамі, на захад — больш паражняк, але былі і санітарныя, з палоннымі ў смярдзючых, глуха зачыненых вагонах.

— Знаеш, працуем, як і раней, але на душы так прыкра, што сказаць нельга: на каго робім?

— Што ж, не панімалі, на каго робіце? — прастагнаў Бураў.

— Панімалі, чаму ж. І гаварылі пра тое. Хлопцы ўсе свае, адзін аднаго не баяліся.

...Рабілі яны, аднак, не надта каб спраўна, болей бавілі час, а як толькі пачынала вечарэць, разбіралі інструмент і — на станцыю. Спярша ўсё ішло добра, і нават немец не дужа дапякаў, але вясной прыехаў новы начальнік па прозвішчы Ярашэвіч — чорт ведае што за чалавек. Быццам свой, але горшы за немца. Пачаў штодня правяраць працу пуцейцаў і прыдзірацца злосна і па-дробнаму: памерае пуць — не хапае міліметра або міліметр лішні — скандал! І ўзяў за правіла за ўсё спаганяць з брыгадзіра. Калі што дзе не так, ён брыгадзіра — па мордзе. Сушчэня спярша не разумеў, чаго ён гэтак на яго ўз’еўся, а пасля стаў здагадвацца: гэта ж ён настройваў брыгадзіра супраць ягоных хлопцаў, каб той больш з іх спаганяў, а яны каб яго баяліся і ненавідзелі. Во тады ён і пакарыстаецца сваёй уладай, як хоча.

Варожасці ў брыгадзе, аднак, ён не дамогся, хлопцы ўсе былі з розумам і калі каго ўзненавідзелі, дык гэта самога Ярашэвіча. І калі трохі раней, як начальнікам быў Церашкоў, пуцейцы яшчэ асцерагаліся чаго, дык цяпер тая асцярога адпала. Цяпер яны сталі адкрыта гаварыць між сабой — згаворвацца, як зрабіць немчуры «тарарам». Вельмі закарцеў хлопцам гэты «тарарам», тым больш што ў лясах ужо загуло-загрукатала, паявіліся партызаны, аднойчы спалілі два грузавікі на лясной дарозе воддаль ад станцыі. Брыгада пуцейцаў Сушчэні ў той час працавала на Кузоўскім балоце, там было шмат звычайнай работы па рыхтоўцы і замене шпал, наогул участак той быў самы горшы, і яны займаліся ім з вясны. А тут новы начальнік перакідвае іх на чыгуначнае закругленне перад Выспянскім мостам, кажа: шэф-немец праверыў надоечы, там трэба прайсціся, выверыць радыус і падбіць сотню шпал. Брыгадзір заўжды быў чалавек паслухмяны, і яны назаўтра ранічкай узялі інструменты і з ручной кацілкай патупалі палатном да Выспянскага моста.

Рабілі там дні са тры, і якраз тады немцы паязды на ўсход сталі пускаць ноччу. Што яны там везлі, пуцейцы не маглі бачыць, але так меркавалі, што, мабыць, важныя грузы, можа, танкі нават, калі для перавозкі карысталіся выключна цёмнай парой сутак. І вось неяк самы малады з іх, той фэзэушнік Мішук, калі яны, пасеўшы ў рад, перакусвалі за канавай, і кажа: «А давайце развінцім звяно і ўстроім «тарарам». На закругленні здатна палучыцца». Тапчэўскі падумаў і падтрымаў: «А што, кажа, дзельная думка!» Кобрань тады прамаўчаў, а Сушчэня дык быў адразу супраць — што ўдумалі! «Немцы — яны дурні, ці што, не здагадаюцца хіба? Стык жа развінчаны, адразу відаць». Пачалі спрачацца, і Мішук з Тапчэўскім даводзяць, што, калі цягнік паляціць пад адхон, тут ні адзін стык не застанецца, усё перакрышыцца, перакруціцца, як вунь ля Лемяшоўскай будкі. Месяц таму там была аварыя ці, можа, падрыў, і яны бачылі, што там зрабілася. Там сапраўды была каша з рэек, шпалаў, вагонаў. Але там трохі іншы профіль пуці, там выемка, а не закругленне.

З самага пачатку Сушчэня быў супраць гэтай задумы, бо ведаў, можа, лепей за іншых, што надта цяжка будзе схаваць канцы ў ваду, закругленне табе — не выемка, тут, мабыць, болей паляціць пад адхон. Паляціць на поплаў або нават у рэчку, пад мост. Таксама някепска, нават дужа добра. Толькі вось той стык як бы не застаўся ўлікай. Надта сумняваўся Сушчэня, але, у ягоных хлопцаў ужо загарэліся вочы — давай ды давай! І ён не схацеў, каб яго палічылі баякам ці яшчэ горш — нямецкім паслугачом. І пагадзіўся. Не сказаў, праўда, нічога, проста змаўчаў, калі перад канцом работы, ужо на захадзе сонца, гэты Мішук, Тапчэўскі ды і Карабань пабралі ключы і абступілі самы выгадны для таго стык на закругленні. Брыгадзір маўчаў, але ў душы ён ужо адчуваў, бы ведаў, што тое так не абыдзецца. Будзе бяда.

— Ну, ведаеш, развінцілі стык, трохі ссунулі рэйку — адну знешнюю, гэтага было досыць. І хутка пакацілі інструмент на станцыю. Думалі так, што яшчэ да цягніка не меней чым пара гадзін часу, наставаў прыцемак, стыку ніхто не заўважыць. А пакуль тое крушэнне, мы будзем далёка. Ці мала што магло здарыцца, маўляў — пасля нас. Можа, партызаны, ці што. Мы нічога не бачылі.

...Сапраўды, так яны думалі. Яны думалі, што пасля крушэння немцы будуць шукаць нейкія там доказы і доказаў не знойдуць, а пуцейцы будуць усе, як адзін, адмаўляцца, і ўсё неяк абыдзецца. Ды, мабыць, у жыцці ніколі не выходзіць, як думаецца, тым больш у вайну...

Той дзень штосьці парушылася і ў немцаў, і першы цягнік яны пусцілі раней, чым сцямнелася. Не паспелі пуцейцы закаціць кацілку ў бакоўку пры станцыі, як на стрэлках загрукацела, і ў Сушчэні нядобра зашчымела сэрца: надта не ў пару ішоў гэты цягнік! А цягнік тым часам скразняком прайшоў праз станцыю, яны ліхаманкава заспяшаліся, каб хутчэй змыцца, але гэты Ярашэвіч, як на тое зло, пачаў распытваць брыгадзіра: што сёння зрабілі, колькі засталося? Як закругленне ці вялікі брак? Сушчэня няўцямна адказваў, а сам стаяў перад начальнікам ля акна ні жывы ні мёртвы: цягнік ужо павінен быць там, каля моста. Няўжо ён прайшоў цэлы?

Аж не прайшоў цэлы, канешне, паляцеў пад адхон, і вагонаў з дзесяць зрабілі кучу малу пад насыпам. На стрэлках усе ўчулі, і да начальніка прыбег задыханы, потны стрэлачнік, кажа: «Бяда, ля моста крушэнне!»

Начальнік той Ярашэвіч адразу кінуўся на тэлефон, а мы памалу змыліся, хто куды. Я, як пабіты, прывалокся дамоў. Думаў тады: кончыцца кепска, але, можа, не надта хутка. Усё ж павінны яны нешта расследаваць, дапрошваць, высвятляць. А яны нас адразу і хлопнулі.

...Іх узялі на другі дзень ранічкай, як аварыйны поезд за ноч расчысціў ад завалу пуці і, канешне ж, як і меркаваў Сушчэня, немцы знайшлі пад друзам той злашчасны развінчаны стык. Узялі ўсю брыгаду, бо ад таго часу, як яна там рабіла, да моманту аварыі мінула ўсяго гадзіна. Хто ж яшчэ мог там быць? Зрэшты, асабліва нікога і не шукалі, адразу населі на гэтых чатырох пуцейцаў, хоць, па сутнасці, ніякіх канкрэтных супраць іх улік і не мелі. Пачалі, канешне, з брыгадзіра. Дапытвалі ў новым памяшканні былой раённай бальніцы, сышлося там чалавек дзесяць розных чыноў, сваіх і немцаў, чакалі. Кабінецік такі быў утульны, на падаконніках вялікіх акон стаялі кветачкі ў вазонах, а гаспадар, даволі яшчэ маладжавы чалавек, у рудым кіцелі з нейкімі пагонамі і даволі прыветлівым тварам, спярша і не крычаў, нібы спачуваючы нават, што здзівіла Сушчэню. Гаварыў чыста па-руску, хоць з астатнімі немцамі — па-нямецку. Ашчадна трымаючы ў даўгіх тонкіх пальцах з пярсцёнкам тонкую нямецкую цыгарэтку, ён проста, амаль па-сяброўску пытаўся ў Сушчэні: «Дык хто вам даў такое заданне? Каб разрушыць дарогу?» — «Ды мы нічога не разрушалі! Мы нічога не ведаем», — са страхавітай шчырасцю здзіўляўся Сушчэня. «А хто ж разрушыў?» — «Дык не бачыў, не ведаю». — «Не ведаеш, — з няпэўнасцю паўтарыў немец і кінуў камусь са сваіх памагатых, што пасталі радком ля сцяны: — Ану, дайце яму ўспомніць!»

...Яго адразу схапілі дзве пары ўчэпістых злосных рук, штурханулі, падхапілі, павялі. Двое раз’юшаных мардастых паліцаяў звязалі наперадзе рукі, а затым, пасадзіўшы на падлогу, і ногі, і ён недарэчна падумаў: а ногі нашто? Але неўзабаве зразумеў нашто — той жа вяроўчынай прыкруцілі да ног звязаныя рукі, і ён апынуўся, як кола, — скурчаны, з выпнутай голай спіной. І тут пачалося. Сушчэня не крычаў, стараўся не стагнаць нават. Ён, канешне, і не разлічваў на іншае, таму ўсё трываў, развітваючыся з воляй, сям’ёй ды і з жыццём таксама. Збітага на горкі яблык, яго кінулі ў склепе на воглую салому, дзе спакваля па адным апынуліся і астатнія трое ягоных пуцейцаў. Усе стагналі, войкалі, пляваліся крывёю; Тапчэўскаму, мусіць, адбілі лёгкія, і кроў у яго ішла з рота. Вельмі хацелася піць, ды піць не давалі. Допыты тым часам працягваліся — па два на дзень, ранкам і ўвечары. Зрэшты, пыталіся мала. Усё той сімпатычны немец службы СД, як пасля дазнаўся Сушчэня, па прозвішчы доктар Гросмаер, пачынаў допыт з пытання: хто загадаў развінціць рэйкі? Сушчэня тут мог не крывіць душой і не хлусіць — пазіраючы ва ўсмешыста-хітраватыя вочы немца, ён прастадушна адказваў і нават бажыўся, што ніхто не загадваў. І Гросмаер не настойваў, не дабіваўся болей нічога — ён адпраўляў у склеп, падумаць.

— Білі мяне чатыры дні запар, ужо не ўставаў. Думаў: яшчэ трошкі — і сканаю, і ўсё скончыцца. І, ведаеш, страху не было, толькі жонку і дзіця шкада было страшэнна.

...Іншыя трое таксама ўжо не паднімаліся, а самы малодшы з усіх — Мішук — неяк увесь дзень ляжаў непрытомны, і калі надвячоркам прыйшлі, каб узяць яго на допыт, дык вярнуліся з калідора — куды ж такога дапытваць? Такога можна толькі пакласці ў труну. Яны перасталі ўжо лічыць дні ў гэтым сутарэнні, не маглі адрозніць дня ад ночы — яны пластам ляжалі на скрываўленай саломе, з жахам прыслухоўваючыся да крокаў у калідоры — па каго ідуць? І неяк — о дзіва! — яны ўчулі музыку: дзесь паблізу, у мястэчку, іграў духавы аркестр, а музыка была жалобная, няйначай, пахавальная. І так яна добра клалася на іх змарнелыя, нямоглыя душы, нібы іграла на іх калектыўных хаўтурах. Не па іх, канешне, яна цяпер іграла, але ім усё роўна было прыемна слухаць яе, тым больш што, як пасля дазналіся, гэта хавалі бургамістра Шалькевіча, якога ўсё ж падстрэлілі партызаны на выездзе з мястэчка. У той дзень іх на допыт не ўзялі, не ўзялі і назаўтра, мусіць, паліцаі і гэты Гросмаер занятыя былі чымсь болей пільным, і яны трохі аклемаліся ў сваім сутарэнні. Сушчэня пачаў паднімацца, каб сесці, бо на адбітах баках і спіне ляжаць было зусім нестрывана. Устаў і Карабань і нават засмяяўся — нядобрым, істэрычным смехам вісельніка. Яны ўжо змірыліся з думкаю, што на свеце не жыць, жыццё іх скончылася, заставалася дажыць нейкую рэшту. І яны цешылі сябе слабой надзеяй, што гэтая рэшта абыдзецца мо без вялікіх пакут.

— І тады неяк пасля абеду прыходзіць паліцай, крычыць: «Сушчэня — на выхад!» Неяк узгробся я, хапаючыся за сцяну, іду. Ужо ці не на расстрэл, думаю.

...Але не на расстрэл — расстрэл неўзабаве здасца Сушчэню шчасцем, да якога яму не дапяцца. Яго прывялі зноў у знаёмы кабінет з вазончыкамі на вокнах, доктар Гросмаер, як заўжды, усмешыста пазірае на яго і кажа так, з трохі насмешлівай спагадай у голасе: «Сядай. Давай пагаворым, як сябры, па душах. Гляджу, ты чалавек палажыцельны».

«Палажыцельны, палажыцельны...» — затузалася ў галаве Сушчэні гэтае слова, і ён чамусьці згубіў яго сэнс, ніяк не мог даўмецца, што гэта значыць. А немец тым часам страсянуў попел са свае цыгарэткі ў маленькую талерачку на стале і прадаўжаў: «Палажыцельны, да, і мы цябе выручым. Заўтра ўсіх вашых павесім, а табе даруем жыццё. Толькі...» Гэтае паведамленне Гросмаера нібы выцяла Сушчэню па яго свядомасці — не тое, што іх павесяць (з думкай пра тое яны ўжо даўно звыкліся), а тое, што яго аддзеляць ад ягоных хлопцаў, — як жа гэта, чаму так? Яшчэ не разумеючы ў поўнай меры ўсяго жаху таго паведамлення, ён інстынктыўна адчуў, што нешта ў ягоным лёсе жахліва ўскладняецца. «Да, ты будзеш жыць. Толькі... Толькі ты павінен даць падпіску аб сатрудніцтве...» — «Якім сатрудніцтве?» — «З нямецкімі ўладамі. Сакрэтным сатрудніцтве. Мы табе ўстроім уцёкі, ты перабяжыш да сваіх. Да тых, хто табе даў заданне на тую дыверсію. І мы будзем з табой трымаць сувязь. Сакрэтна, разумеецца».

Сушчэня хвіліну маўчаў, не ведаючы, што сказаць, і толькі коўтаў у роце сліну. Яму даруюць жыццё. Але ж... Але ж ён адчуваў, што так нельга, што гэта — жах, што ягонае жыццё будзе горш за пагібель. «Не, ведаеце... Я не магу. Я не ўмею...» — «Што?»

Гросмаер увесь напяўся, нібы пачуў якую брыдоту, вочы яго сталі вузенькія і злосныя, нядобрым позіркам ён упіўся ў Сушчэню. «Што? Што ты сказаў?» — «Не магу я...» — «Ты што — дурань? Адмаўляешся жыць? Хочаш памерці?» — «Дык каб жа хацеў... Не хачу, вядома. Але...» — «Дык згаджайся. Мы ўсё зробім, бальшавікі носа не падточаць». — «Не, не магу». — «Значыць, хочаш памерці! — злосна заключыў немец. — Гэта прасцей паранай рэпы. Заўтра ж павесім. Ды ўсё ж падумай. Да заўтра».

Болей Гросмаер размаўляць не стаў, адправіў Сушчэню ў сутарэнне, і той пайшоў болей спакутаваны, чым пасля допыту і катавання...

— Атрымаў, значыць, такую галаваломку, што хоць ты крычы! І жыць хочацца, і хочацца чалавекам застацца. А як? І тое, і другое разам не атрымліваецца, трэба выбіраць адно. І тут, ведаеце, падумаў пра Анэлю і пра сынка, і нешта стала праяснівацца. Калі я зраблюся шпіёнам, дык як жа тады ім жыць?

...Зрэшты, як жыць ім — было пытанне з няхітрым адказам — яны застануцца ў заложніках. Сушчэня гэта ведаў напэўна. У якасці заложнікаў яны не дадуць яму ашукаць немцаў. Калі што будзе не так, гэты доктар закатуе абаіх. Дык ці не лепш яму ахвяраваць сабой, загінуць разам з усімі. Сям’я будзе без бацькі, затое будзе ганарыцца ім — усё ж ён намогся на нешта і хоць не надта ўдала, але спусціў пад адхон цягнік. Усё ж памёр недарма. А так...

У камеры ён сказаў толькі, што заўтра іх павесяць, і ўсе змоўклі, прыціхлі, нават перасталі стагнаць. Ніхто ўжо не наракаў на лёс, на той іх не надта спрытны ўчынак. Канешне, кожны цяпер разумеў, што, мабыць, усё трэба было зрабіць разумней, хітрэй, ці што. Можа, у іншым месцы, далей ад іхняга ўчастка, ад станцыі. Але далей ад станцыі, значыць, бліжэй да вёскі — пагінулі б невіноўныя людзі. Словам, роздуму хапала, асабліва Сушчэню, які тае ночы не заснуў ні хвіліны. Назаўтра раніцай за сцяной забегалі, замітусіліся, расчынілі дзверы — выходзь!

Усе знямогла выходзяць, наперадзе Сушчэня, за ім схуднелы, як кашчэй, Тапчэўскі. Карабань пад пахі вядзе Мішука, які ўжо сам не хадзіў. І тады з калідора старшы паліцай кажа: «Сушчэню адставіць!» — «Чаму адставіць?» — пытаецца Сушчэня. Кажа: «Доктар сказаў...» І яго зноў упіхнуў у камеру, а тых павялі. Хутка ў склепе стала ціха і пуста, мабыць, усе вымеліся на рыначную плошчу, дзе вешалі ягоных хлопцаў. У роспачы і адчаі Сушчэня біў кулакамі ў сцены, кулём качаўся па саломе ў доле, часам да яго даносіліся гукі нейкіх каманд з плошчы, і ён не мог знайсці сабе месца ў гэтым апусцелым катуху. Ён ужо адчуваў, што яго чакае нешта горшае за смерць, якую цяпер прымалі на людзях ягоныя хлопцы.

— Хацеў я разбіць сабе галаву аб сцяну, ужо і ляпнуўся здорава, але, мусіць, не хапіла сілы, і толькі самлеў. Трохі адышоўшыся, ляжаў. А надвячоркам прыйшлі: уставай! Павялі. «Ну што, — кажа гэты доктар. — Хочаш палюбавацца, як твае хаўруснікі на вяроўках качаюцца? Магу паказаць». — «Не, кажу, лепш бы вы і мяне таксама».

...Гросмаер тады трохі нават з цікавасцю паўзіраўся ў счарнелы, аброслы і страшны ад пакут твар Сушчэні і, мабыць, упершыню зразумеў нешта. А зразумеўшы, раззлаваўся так раз’юшана-жорстка, што Сушчэню стала страшна — ён аж закалаціўся, стоячы ля сцяны. Доктар падбягаў да яго і адскокваў, махаў перад тварам рукамі, браўся ў бакі, адскокваў за стол і вяртаўся на сярэдзіну кабінета. Праўда, ён ні разу не зачапіў яго пальцам, ён толькі крычаў амаль пакрыўджана: «Я думаў, ты разумны чалавек! Памяркоўны беларус! А ты дурань, ідыёт, бальшавіцкі чурбан! Ты захацеў смерці? Прапагандысцкай смерці? Каб цябе там шанавалі? У лістоўках пра цябе пісалі? Не, так не будзе! Я табе падрыхтую другую смерць, бальшавіцкі ўблюдак! Апошні раз пытаюся: згаджаешся на маю прапанову? Так ці не?» Ён упрытык падскочыў да Сушчэні, і той цяжка і трудна выдыхнуў: «Не, ведаеце... Не магу я...» — «Ах, не можаш! Тады прэч адсюль! Ідзі да тых, хто цябе паслаў! — закрычаў Гросмаер і шырока піхнуў нагой дзверы. — Ідзі! Ну!»

Сушчэня пазіраў на яго, няўцямна цепаючы вачыма: што ўсё гэта значыць? Мабыць, стрэліць у спіну? Або ў патыліцу? Або скажа застрэліць вартавому, які стаіць на ганку? Аднак рабіць не было чаго, належала выконваць каманду, і ён ступіў за парог, няўпэўнена, ледзь не зачапіўся за шула, выйшаў на ганак. Вартавы паліцай схапіўся за вінтоўку, але, згледзеўшы ззаду немца, зараз жа апусціў яе. Другі вартавы, ля брамкі, рашуча заступіў праход, ды ззаду гыркнуў Гросмаер: «Прапусціць!», і ён, вякнуўшы сваё «яволь», прапусціў: адчыніў і зачыніў за ім брамку. Сушчэня выйшаў на вуліцу і баяўся азірнуцца: няўжо не стрэльнуць? І не закрычаць, каб вярнуўся назад? Не, не стрэльнулі і не закрычалі. Тады ён, нібы заяц, выпушчаны з мяшка на волю, што было сілы рвануўся па вуліцы, перабег на другі яе бок, далей, на рагу азірнуўся: ад брамкі спакойна назіраў за ім вартавы, а з ганка неяк зусім па-прыяцельску памахаў рукой ягоны мучыцель ці вызваліцель доктар Гросмаер. І ён падумаў яшчэ, амаль спалохаўшыся: ці не напраўду пусціў? Яго ніхто не затрымліваў і не даганяў, і ён пайшоў спакайней (на бег не ставала сілы), нічога не бачачы навакол: нібы ў шызым тумане прамінуў крайнія дамы мястэчка і на ваколіцы сеў за канавай — сілы ўжо скончыліся, ісці ён не мог ад хвалявання і недаўмення — што ж гэта з ім сталася?

— Во як — і праўда пусцілі. Нейкі мужык з Шалупення якраз ехаў на калёсах з мястэчка, падвёз да станцыі. Прыйшоў дадому. Анэля на гародзе, выбірае бульбу, як згледзела мяне на двары, аж самлела. Суседка ледзь дала рады, а я як лёг, дык і праляжаў суткі — без рук, без ног. Усё думаў, прыйдуць зноў, возьмуць. Жонка плача, кажа: хавайся ці ўцякай куды. І праўда, тры ночы ў лазні начаваў, дзве — у суседавай пуньцы. Аж не ідуць, не бяруць. Во шчасце! Падарыў жыццё гэты нямецкі доктар. Дзіва, ды і толькі.

...Дзіва, аднак, не адбылося. Адбылася бяда...

З тыдзень марна прачакаўшы новага арышту, патуляўшыся па закутках, Сушчэня адлежаўся, трохі ад’еўся, асмялеў ды пачаў выходзіць на двор. Ды і трэба было памагчы Анэлі выкапаць бульбу. І во ён неяк капае, а за плотам па ўзмежку ад ракі ідзе Ігнась Пузырэўскі, іхні дзеравенец, можа, трохі старэйшы за Сушчэню, і не вітаецца неяк. Сушчэня павітаўся, а той, не адказваючы, кажа так, з кепікамі ў голасе: «Ну што, як жывецца, сяброў прадаўшы?» Сушчэня знерухомеў, страціў мову — бы яго хтось выцяў даўбнёй па галаве. Пакуль ён даўмеўся, як адказаць, Пузырэўскі пайшоў сабе, не спыняючыся, мяжой да вуліцы. Во тады Сушчэня ўпершыню, можа, сцяміў, чаму да яго за тыдзень ніхто не завітаў у адведкі — ні суседзі, ні нават радня, дзядзька Пятрок ці Аўгусціна, Анэліна сястра, ні пляменнік Косця, які, бывала, не міне дня, каб разы тры не наведаўся да дзядзькі. Яго цураліся. Бо ён — прадажнік.

Тая яго здагадка затым пацвердзілася мо разоў дзесяць, не меней. Неяк з вёскі прыйшла Анэля і пачала плакаць: бабы наракаюць, што гэта ён падбіў тых хлопцаў на дыверсію і сам жа іх выдаў, таму яго і выпусцілі. Адкупіўся таварышамі. Малы Грыша прыбягае з вуліцы і прастадушна так, улазячы яму на калені, пытаецца: «Татка, а ты пладажнік?» — «Які прадажнік? Хто табе сказаў?» — «А Шулка Балысаў сказаў: твой татка пладажнік». Ну як было Сушчэню і перад кім апраўдацца? Расказаў пра ўсё жонцы, тая паслухала, паплакала — жонка, канешне, паверыла. А можа, не паверыла і жонка, толькі прыкінулася, што паверыла.

— Але як жа мне жыць?! — з ціхай роспаччу пытаўся Сушчэня, няўцямна пазіраючы ў хвойнік. Там спярша здалёку на хваіне з’явіўся дзюбаты разважны груган, пасядзеў на верхавіне, паўзіраўся ў людзей, падляцеў бліжэй. Тое не спадабалася Сушчэню, і ён махнуў рукой: «Кыш, халера!», ды груган не паляцеў, не крануўся нават. — Што было рабіць? Я ім тады ўжо зайздросціў, траім маім пуцейцам: іхнюю памяць шанавалі людзі, імі ганарыліся дзеці. Іхнім сем’ям памагалі суседзі. А мяне ўзненавідзелі. І адчуў, што і самы мне дарагі чалавек, жонка Анэля, тожа на мяне пазірае не так, як раней. Пачала часта плакаць без дай прычыны. І як ёй быць? Неяк трохі на яе крыкнуў, ну, там як бульбу пераносілі, — як зарыдае! Кажа: «Лепш бы яны цябе там павесілі. Разам». — «Канешне, лепей, — кажу. — Але не павесілі во, дык цяпер што рабіць? Хіба самому павесіцца?» Во як атрымалася! То баяўся немцаў, хаваўся ад іх, то пачаў думаць: сапраўды, ці не павесіцца? Але, скажуць людзі: было за што! Скажуць, совесць загрызла, бо здраднік. Ну што мне было рабіць! І тады спакваля дайшоў: марныя тыя клопаты. Мусіць, не такой смерці мне было асцерагацца — гэтая занадта лёгкая. Будзе горшая. Страшнейшая. Аж і праўда, даждаўся. Як учора цябе пабачыў, усё зразумеў адразу. Што ж, я быў гатовы. Не апраўдвацца ж мне было — хто б паверыў. Ты ж не паверыў, га, Коля? А Коля? Ты чуеш?

Сушчэня падхапіўся з-пад хвоек, на каленях падаўся да Бурава, тузануў за рукаў. Але Бураў не азваўся. Тады ён пакратаў яго за падбароддзе. «Коля, а Коля?» Дзе там! Мікалай Бураў ляжаў з ссінела-зялёным, аброслым шорсткаю шчэццю тварам і не кратаўся. Сушчэня войкнуў, апусціў вялікія рукі.

— Божа, што ж гэта? Няўжо?.. Я ж яму ўсё... А ён і не чуў... Не даслухаў... Як жа я гэта, а божа!..

Цяжка махнуўшы крыламі, груган зваліўся з вяршаліны хвойкі, падляцеў бліжэй і нязграбна ўладкаваўся па суседству, амаль над самай прагалінай. Гэты раз Сушчэня на яго не махаў — што ўжо яму той груган?..

Нейкі час, аднак, Бураў яшчэ быў жывы. Спярша ён добра чуў і разумеў усё, што, седзячы ля ног, апавядаў Сушчэня, і ён верыў чыгуначніку. І як было не паверыць? Зноў, як і некалі ў дзяцінстве, побач гучаў знаёмы голас ціхманага і прыстойнага ў паводзінах чалавека, яго земляка. Паступова яго загадкавая «здрада» стала зразумела Бураву, і ён дужа шкадаваў, што ледзьве не застрэліў яго. Была б вялікая памылка, якая, бадай, цалкам лягла б на сумленне Бурава... Але, мабыць, яна і дала б жыццё, раптам падумаў Бураў. А так вось здыхай тут праз сваё чуллівае сумленне ў свае дваццаць сем год. Памірай без пары, без сям’і і дзяцей, не пакінуўшы ў свеце нікога. Страціўшы ўсіх і ўсё без рэшты. Праўда, затое, можа, застануцца тыя сушчэнеўскія Анэля і малы, а можа, і ён — у іхняй удзячнай памяці. Калі-нікалі, можа, і памянуць добрым словам.

Але гэта — калі ацалее Сушчэня. Без Бурава, аднак, наўрад ці ўцалее... Ён перастаў ужо разумець, хто цяпер ад каго залежыць: Сушчэня ад яго ці, наадварот, — ён ад Сушчэні? Штосьці заблыталася ў яго мляўкіх думках, і Бураў ужо пэўна не ведаў, як лепей было б зрабіць — надта ўжо розныя праблемы сышліся і замкнуліся на ім, каб іх можна было цяпер вырашыць. Мабыць, за кароценькі кончык ягонага жыцця нічога ўжо не вырашыш. Шкада гэтага Сушчэню, шкада і сябе таксама. А паміраць дужа не хочацца...

Дужа не хацелася Кольку Бураву тут паміраць, свядомасць яго ўсё чаплялася за яго бяду, час ад часу вяртаючыся ў тыя, пражытыя без вайны гады — хай сабе з іх неўладкаванасцю, нясытасцю, гаспадарчымі нявыкруткамі, матчынымі слязьмі і бацькавай змрочнасцю. Але іншых гадоў не было ў Бурава, то быў яго лёс і яго маладое жыццё, якое калі-нікалі ўсё ж радавала скупымі ўцехамі гарэзнай маладой весялосці, шчырага сяброўства ці першага маладога, дурнога, але і дзівоснага, як цяпер паглядзець, кахання. І ў гэты астатні перадсмяротны час дужа зашчымела ў ягонай свядомасці ад хуткае ростані менавіта з гэтымі радасцямі — як след не адчутымі ім да канца, не завершанымі і не асэнсаванымі ў той тлумны час. Тады ўсё штось замінала, не было вольнага часу, заядала праца і праклятыя клопаты аб тым, як пражыць, пракарміцца, абысціся мізэрнай капейчынай у кішэні — выплаціць усё, што належала выплаціць дзяржаве, разлічыцца з безліччу нарыхтовак — адчуць сябе вольным і хоць трохі шчаслівым. Ды ўжо, відаць, не адчуеш... Нават цяпер, перад хуткім канцом, калі нішто абсалютна не абавязвала яго — ні доўг, ні начальства, ні нават страх, — штось не давала адчуць жаданае волі, замінала; блытанае ў жыцці перад смерцю заблытвалася яшчэ болей. Ужо не разблытаецца. А галоўнае — не было калі. Не было калі жыць, няма як па-людску памерці, як некалі паміралі старыя: нетаропка, скончыўшы ўсе справы, аддаўшы ўсе запаветы. І яму дужа захацелася, каб як-небудзь забрысці да атрада, хай бы там свае хлопцы закапалі ў сухую зямлю, сказалі нябожчыку пару добрых і цёплых слоў, якіх не багата ён чуў у жыцці. Добрае ён бы пачуў і з магілы. Так мала было яму трэба, але і да таго, мабыць, не дапяцца.

Калі трохі святлела ў свядомасці ён адчуваў сябе сярод лесавога пошуму, тады не адразу, з натугай, прыпамінаў, што побач сядзіць Сушчэня. Пасля перастаў адчуваць, дзе ён і хто з ім; усё болей вакол шырэла адзінота, і вось ён застаўся адзін.

А пасля неяк неўпрыцям не засталося нікога...

Войцік лёгка ішоў па лесе, часта азіраючыся па баках, звыкла і чуйна слухаючы несціханы лесавы шум. Спярша ён трохі прайшоў прасекай, затым, падумаўшы, збочыў улева — чамусьці здалося, што тыя Бабічы павінны быць недзе злева. На плячы ў яго вісеў бураўскі карабін, у кішэнях паддзёўкі боўталася шэсць абоймаў патронаў. Сваю даўгую вінтоўку ён абачліва схаваў пад ламаччам недалёка ад прасекі — будзе вяртацца, забярэ, не пакідаць жа спраўную вінтоўку ў лесе. Аддаць яе Сушчэню ён не мог: было б недарэчы і бязглузда ўзбройваць здрадніка. Бураў, калі што, абыдзецца наганам, хаця і наган яму ўжо наўрад ці спатрэбіцца. Хіба каб застрэліць сябе ці Сушчэню? Гэты Сушчэня мала што нёс Бурава, памагаў перавязваць, але хто ведае, што ў яго ў галаве, куды ён урэшце скіруе. Яшчэ возьме ды адвалачэ таго ў паліцыю. За якую для сябе выгаду. Бураў кажа: не чапай Сушчэню. Але Бураву лацвей так казаць, мабыць, яму няма ўжо чаго баяцца, адной нагой ён ужо там... Як Войцік зірнуў на світанні пад ягоную кашулю, сцяміў адразу, што Бураву доўга не жыць. Тады за ўсё, што б ні здарылася, прыйдзецца адказваць Войціку.

Таму ён не спяшаўся, не пёр на злом галавы — мабыць, Бураву ўжо не паможаш, а самому проста налезці на кулю. Хоць гэта і лес, але, мабыць, блізка ёсць вёска, а ў вёсках, вядома, немцы, паліцыя, здраднікі — у вёсках заўжды небяспека. Ды і ў лесе таксама не лішне часцей азірацца, не глядзі, што адзін і навакол ціха. Небяспека, яна ідзе нячутна, на мяккіх лапках, а абрынаецца раптам і неспадзеўкі. Як на той баравінцы. Хто б мог падумаць, што наводдаль ад вёскі ды яшчэ паначы на іх так хутка наскочыць паліцыя. Канешне, каб не так нечакана, дык, мусіць бы, Войцік паспеў даць сігнал Бураву, хоць бы крыкнуць, ці што. Але ў абставінах той мітрэнгі было не да крыку. Добра, што сам выскачыў, кінуўшы каня. Без каня, канешне, цяпер намуляешся, пёхам па такой макрэдзі ды яшчэ з параненым далёка не дойдзеш.

Але дзе ж тыя Бабічы?

Хвойнік, усё-ткі, як быў — стары і рэдкі, — раптам засінеўся наперадзе нейкай прасветлінай. Неўзабаве Войцік памалу выйшаў на ўзлесак і ўбачыў перад сабой вялізны палявы прасцяг з дарогай, над якой роўна тырчэлі тэлеграфныя слупы з дзвюма ніткамі провада. Разрэзаўшы прасцяг, дарога зноў хавалася ў лесе, але вёскі там не было відаць. «Можа, яна дзе далей, за лесам?» — падумаў Войцік. Ісці туды цераз поле ён, аднак, не наважыўся, пайшоў краем лесу, беручы трохі ўбок. Гэта, канешне, будзе не абы-які крук, можа, на гадзіну шляху, але што зробіш? Добра яшчэ, што няма дажджу, хоць дужа падобна на тое, што неўзабаве пойдзе і дождж — неба спрэс было завалочана хмарамі, з узлеску дзьмуў напірысты сцюдзёны вецер, і Войцік трывожна азірнуўся, падумаўшы, каб хоць не заблудзіць у гэтай крутні па лесе.

Усё так ідучы недалёка ад узлеску, ён неўзабаве заўважыў, што дол стаў ніжэць, збягаць у нізінку, пад нагамі мякка ўгінаўся тоўсты пласт зялёнага моху, сям-там парослы купкамі маладых хвоек. Увогуле хвойнік тут стаў драбнець, падлеску не было зусім, і нішто не замінала бачыць далёка. Праўда, і яго маглі згледзець здалёк. Трохі страхавіта, аднак ён ішоў, дужа не адрываючыся ад узлеску, як згледзеў у нізінцы зараснік хмызняку, лазняк і алешнік з рэдкімі хамлакамі восеньскага лісця ў голлі. Войцік здагадаўся, што там недзе рэчка. Гэта яго засмуціла — пералезці цераз раку па гэткай макрэдзі, мусіць, будзе няпроста. Так яно і аказалася, калі ён сышоў ніжэй: у балоцістых берагах стаяла вада, рэчка, мабыць, была яшчэ далей, але, разліўшыся, затапіла куп’ё, алешнік — як было цераз яе перабрацца?

Падумаўшы і паазіраўшыся, Войцік павярнуў берагам улева да ўзлеску і там, яшчэ агледзеўшы пусты прасцяг восеньскага поля, памалу выйшаў з прыбярэжнага кустоўя. І раптам стаў. Здалёку па дарозе цераз поле марудна, валюхаючыся па калдобінах паўзло з паўтузіна крытых брызентам машын.

Войцік спярша знерухомеў, уцяў галаву ў плечы, пасля сеў на воглы прырэчны ўзмежак, і задам, дужа ўгнуўшыся, падаўся назад, у лес. Там, усё ўгінаючыся, азірнуўся: машыны падышлі бліжэй — вялізныя, зеленаватыя, у плямах, буды, — праз вецер быў чутны глухі вуркат іхніх рухавікоў. Але Войцік не стаў узірацца, ён хутка пашыбаваў над прырэчнай балацявінай у глыб лесу. Мусіць, у тыя Бабічы цяпер ужо не далезці, падумаў ён, там раней за яго будуць немцы. Але што там спатрэбілася немцам? Можа, паедуць далей, толькі куды? Бабічы пад пушчай, казаў Сушчэня, значыць, дарога адтуль ідзе ў пушчу. Але ў пушчы партызаны, іхні атрад імя Суворава, — тады ці не карнікі гэта? Але калі карнікі, дык як жа яму цяпер лезці ў іхнія лапы?

Праз якую гадзіну ён добра ўжо адышоўся ад таго поля з дарогай, вакол стаяў мешаны лес — бярэзнік, кустоўе з хворастам у доле, ісці стала трудней, але яму трапілася нейкая перакапаная кратамі сцяжына, і ён пашыбаваў па ёй. Ён думаў, што гэтая сцежка выведзе яго на якую лесавую дарогу ці, можа, наогул з лесу, аж яна, разы тры завярнуўшы сюды-туды, уперлася ў лесавы ручай, што вірліва гнаў чорную ваду між падмытага куп’я алешніку. Кладкі тут не было ніякай, дна таксама не было відаць, і, трохі прымерыўшыся, Войцік шугануў у чорную ваду. За якіх пяць крокаў ён адолеў ручай і выкараскаўся з яго тваністага дна. Пасля мусіў пераабувацца, выліваць з чаравікаў ваду, выкручваць анучы. Намуляныя ступні ног страшэнна азяблі, ды і сам ён скалеў, і нарэшце шпарка прыпусціў па сцяжыне, каб хоць сагрэцца. Але на бягу не так угрэўся, як прытаміўся, і пайшоў памалу. Сцяжына вывела яго на нейкую лесавую прагаліну, тут трэба было агледзецца і паслухаць. Здаецца, аднак, скрозь было ціха, абапал сцяной стаяў густаваты хвойнік, а злева на краі прагаліны пад кустоўем ляшчынніку мясціліся два закінутыя буданы з палкамі-рабрынамі ў прадраных баках. Войцік зазірнуў у адзін, там было пуста, у кутку ляжала трохі ўчарнелага сена і бялела некалькі зжаўцелых брудных паперын. Ён пайшоў далей праз ельнік, мінуў астравок бярэзніку і тут заўважыў, што сцежка ў доле знікла, пад нагамі слалася коўдра ззелянелага моху, трапляліся струхлелыя пянькі ў жоўтых зарасніках папараці. Войцік, здаецца, страціў адчуванне напрамку і, куды ішоў, не мог сабе ўявіць. Было падобна на тое, што ён заблудзіў. І тут, як на ліха, пасыпаў дождж — не густы і не надта напорысты, але сцюдзёны і зусім недарэчны. Казыркастая Войцікава кепка і плечы ў паддзёўцы ўжо добра змакрэлі, ногі ж да калень даўно былі мокрыя, і ён стаў пад хвоінай, думаў: што рабіць далей, куды ісці? Тым болей што пачало ўжо брацца на змрок, дзень увачавідкі канчаўся, насоўвалася восеньская ноч. А дзе ён апынуўся і ў якім баку цяпер Бураў з Сушчэнем, ён даўно ўжо не ведаў. Пэўна ж, ён заблудзіўся ў гэтым дурным лесе, згубіў напрамак на Бабічы, ледзьве не налез на карнікаў. Войцік услухаўся ў лесавы шум і ціхенькі лопат дажджу наўкола — стрэлаў ці голасу быццам нідзе не было чуваць. Але лепш бы пачуць стрэлы, каб ведаць, дзе вораг і небяспека, чым так вось кідацца па-заечы ў глухім незнаёмым лесе. А можа, і не трэба кідацца, тым больш напроціў начы, а пайсці назад ды знайсці тую самую сцежку. Усё ж сцежка павінна кудысь вывесці, можа, да якой ціхай вёскі, людзей і жытла?

Разважыўшы так і адчуўшы, што пачынае нерваваць ад сваёй няўдачы, Войцік хуткім крокам пашыбаваў назад да недалёкай прагаліны. Тым часам дождж пасыпаў гусцей, аднекуль з-пад хвой прарываўся настырны нізавы вецер, і не было дзе ад яго захінуцца. На прагаліне Войцік яшчэ зазірнуў у буданы. Адзін з іх, добра абкладзены збоку хваёвымі лапкамі, быў трохі цалейшы, і Войцік, неяк няўлад са сваімі намерамі, прыгнуўся ды сунуўся туды на кукішках. Сапраўды, тут было зацішней, пад бокам угіналася зляжалае, але не надта воглае сена, пад якім гойдаўся тоўста накладзены пласт моху. Адчуўшы раптоўную знямогу ў целе, Войцік бокам прылёг у куточку. Ён не меў намеру тут начаваць — хіба спачыць трошкі, можа, перачакаць дождж. Зноў жа, трэба было абдумаць, куды кіраваць далей. Ці, можа, пачакаць ужо да ранку? Ранкам заўжды лепей пачынаць усякую справу. Раніцай і яшчэ ў першую квадру месяца, на маладзік, як некалі казала маці. Праўда, Войцік даволі скептычна ставіўся да прымхаў і правіл маці, непісьменнай старой жанчыны, якая змалку да старасці жыла на хутары і не ведала нічога, апроч зямлі, працы ды таго, што яна кожнага дня бачыла навокал сябе. І толькі, можа, цяпер, страціўшы яе і сам даволі папакутаваўшы на вайне, Войцік часам вяртаўся ў думках да маці і адчуваў, што ўсё штоколечы яна ведала, мабыць, беручы ад спрадвечнага сялянства вопыту, з назіранняў, жыццёвых высноў, пачуцця. На жаль, яе неадмысловыя веды мала стасаваліся да гэтага трывожнага веку, тут ужо пэўна трэба былі веды іншага складу, іншыя маральныя меркі. Са старымі меркамі ў новы час яўна чакала нявыкрутка...

Ветраны пошум лесу зліваўся з дробным ляскатам дажджу, які добра такі разышоўся на склоне дня. Побач з хвойных галін дробненька капала долу, той бок будана даўно ўжо быў мокры, толькі ў гэтым кутку пад гушчынёй ссохлых хваёвых лапак было пакуль што зацішна і суха. Войцік скурчыўся на баку, заціснуў між ног карабін і заціх, аддаючыся сваім невясёлым думкам. Дужа хацелася есці, але з учарашняга дня ў ягоных кішэнях не было ні скарынкі, апошні кавалак хлеба зжаваў, як ехалі сюды з Буравым. У жываце даўно галодна бурчэла, стома ўсё болей апаноўвала цела. Канешне, увесь дзень сёння за імі хадзілі няўдачы, усё яны рабілі не так, як трэба было, цяпер ён яшчэ і недарэчна заблудзіўся ў гэтым лесе, а недзе ў хвойніку яго марна чакаюць Бураў (калі яшчэ чакае) ды той Сушчэня... Калі ўжо на добры розум, дык па каня трэба было паслаць менавіта Сушчэню, той лепей ведаў, дзе тут якая вёска. Але як было даверыцца гэтаму Сушчэню? Яшчэ прывёў бы паліцаяў, і тыя ўзялі б абодвух, як зайчанят, у хвойніку. Таму пайшоў сам, думаў, так будзе лепш. Ды лепш не атрымалася... Ну але, мабыць, ранкам ён што-небудзь прыдумае. Прыдумаць што здатнае ён умеў змалку, людзі казалі, што быў галавасты. Іншая справа, што Войціку часам не хапала цвёрдасці, мужчынскай упэўненасці, але тут ужо не яго віна — мусіць, такім нарадзіўся. І ён ведаў гэта даўно, зайздросціў іншым, цвёрдым і рашучым, не такім, як сам. Бывала, заўжды з захапленнем пазіраў на некаторых кіраўнікоў у раёне, надзеленых сталёвым характарам і хлёсткай рашучасцю ў адносінах да тлумных, турботных спраў, сваіх падначаленых ды і да простых людзей таксама. Сам так не ўмеў, не валодаў такімі здольнасцямі.

У тыя гады, як яны праводзілі суцэльную калектывізацыю ў раёне, тая сталёвая рашучасць была, можа, самай каштоўнаю якасцю кожнага кіраўніка ці ўпаўнаважанага. І калі Войцік з вялікаю цяжкасцю, цаной недасыпу, стомы, пагроз і абяцанняў, неяк зладзіў за зіму якія чатыры калгасы, дык ягоны начальнік, загадчык райза Хмялеўскі за той час меў на сваім рахунку аж восем. Хмялеўскі мог дамагчыся ўсяго, што хочаш. Ён не рассусольваў, як некаторыя, не ўгаворваў і не бавіў начэй на мляўкіх сялянскіх сходах — ён ставіў пытанне рубам, абрываў нязгодных, проста і нават весела раскулачваў, і тады кожнаму рабілася зразумела: гэты свайго даб’ецца. І ён дабіваўся, бо быў чалавек рашучы і ўпэўнены ў тым, што рабіў. Варта было аднойчы ўбачыць яго ўпэўненыя манеры, мажную паставу, яго крутое асадзістае падбароддзе, каб зразумець, што гэта — кіраўнік вялікіх магчымасцей і пойдзе далёка. Войцік жа быў слабаваты характарам, а з выгляду... Які ўжо выгляд у здыхляка-недаростка ды яшчэ хворага на язву страўніка.

Так, Хмялеўскі аж тры гады быў ягоным начальнікам і ягоным ідэалам кіраўніка, і хто б падумаў, што гэты ідэал так ганебна скончыць аднойчы. Пасля ўжо высветлілася, што знюхаўся з класавым ворагам, на сходах прапагандаваў адно, а рабіў зусім іншае і цішком шкодзіў уладзе. Праўда, тады Войцік не прыкмячаў за ім нічога асаблівага, але гэта, мусіць, таму, што ягоны загадчык умеў маскіравацца, і пасля, заднім чыслом, Войцік пачаў успамінаць дробныя факты, якія, каб Войцік быў болей праніклівы, маглі б у свой час навесці яго на пэўныя вывады. Ды не навялі, Войцік дакараў сябе найперш за страту палітычнае пільнасці. Хаця тады ён быў падначалены і што ні рабіў, рабіў па загаду Хмялеўскага. А вось пасля арышту загадчыка сітуацыя змянілася ў корані, і наступны грэх Войціка цалкам ужо быў на яго сумленні.

Яшчэ як яны працавалі разам, Войцік з маці кватараваў у старога яўрэя Мозеля якраз цераз дарогу ад дамоўкі Хмялеўскага. Войцікава маці, што жыла пры адзіным нежанатым сыне, сышлася з жонкай Хмялеўскага Кацярынай Іванаўнай, якая тады рабіла на пошце. Будучы жанчынай жаласлівай і лагоднай, маці неяк прывеціла дзвюх дзяўчынак ягонага шэфа — тыя ўлетку цэлы дзень без прыгляду таўкліся ў двары і часам завітвалі на іхні падворак. Па сялянскім звычаі маці частавала іх то блінком, то квартай малака, то яблыкам з саду. Дзяўчаткі вельмі палюбіліся бабцы, якая даўно мела сум па малых і калі-нікалі нават заводзіла пра тое гаворку з сынам. Але калі Войціку было выбраць час ажаніцца? У раёне была процьма спраў болей важных, і да самай вайны ён заставаўся халастым мужчынам, хоць даўно ўжо не адчуваў сябе маладым. Звычайна ўвечары да іх забягала Кацярына Іванаўна, дзякавала маці за дзяўчынак, і Войцік увогуле быў задаволены, што нечым дагадзіў калі не самому загадчыку, дык хоць яго жонцы — што таксама было няблага. Але во пасля арышту Хмялеўскага адносіны гэтых дзвюх сем’яў змяніліся, дзяўчынкі перасталі прыбягаць да бабы Фені, хоць тая часам і хадзіла праведаць суседку насупраць. Войціку гэта не надта падабалася, праўда, да пары ён маўчаў. Не спадабалася яму і тое, як неяк на пачатку зімы маці папрасіла яго пасобіць суседцы дрывамі. («Сядзіць, бедная, у няпаленай хаце, дзеткі хварэюць, дроў у двары ні палкі».) Войціку якраз меліся прывезці тры вазы дроў, дык маці папрасіла, каб некалькі палак скінуць пад плотам Кацярыны Іванаўны. Ім жа і без таго хопіць, палілі яны не штодня. Не спадабалася тая просьба Войціку, але ён змоўчаў, не стаў нічога тлумачыць маці. Ды і што б яна зразумела з усяе складанасці класавай барацьбы, якая разгарнулася ў краіне? Назаўтра, як прывезлі яму тры вазы дроў, ён сказаў возчыку скінуць тры бервяны ля варот Хмялеўскай. Хто б тады мог меркаваць, што праз месяц і гэтая Кацярына Іванаўна апынецца там, дзе ўжо апынуўся яе гаспадар, былы загадчык райза і шкоднік Кузьма Хмялеўскі. А Войцік пасля ледьве апраўдаўся. Чаго тады ён ні нагаварыў на сябе: і што не зарыентаваўся, страціў палітычную пільнасць, праявіў гнілы лібералізм. Мабыць, аднак, адгаварыўся, хоць і атрымаў спагнанне. Горш, што праз той выпадак яго не прызначылі на месца Хмялеўскага — прызначылі Душняка, які ў сельскай гаспадарцы наўрад ці што петрыў, бо быў рабочы з Полацка. Войцік тады вельмі зазлаваў на маці, якая так неўспадзеўкі спляжыла ягоную кар’еру. Трэба было ім шкадаваць гэтых Хмялеўскіх! Іншыя не шкадавалі, не спагадвалі, не памаглі ні разу, хоць тады, як Хмялеўскі ліха кіраваў аддзелам, падлізваліся да яго з усёй сілы. Той выпадак паслужыў Войціку добрым урокам у жыцці, і, можа, перасцярог ад многіх іншых памылак. Хоць канешне, цвёрдасці ў характары ад таго не прыбавілася, але ён імкнуўся яе выхаваць. Бо ўжо быў вучаны. Ягоная ж злосць на маці памалу стала мінацца, а ў вайну дык і знікла зусім, саступіўшы месца вялікаму шкадаванню да яе. Але гэта ўжо зразумела: маці прыняла пакутніцкую смерць за сына, мо нейкім чынам захінула яго.

Здарылася тое мінулаю восенню, як у раёне запанавалі немцы і пачаліся аблавы на камуністаў, камсамольцаў, былы раённы актыў. Партызан паблізу тады не было, туляцца па лесе напроціў зімы мала хто наважыўся, і ратаваліся, як дзе хто ўмеў. Войцік дачуўся, што паліцыя ўрэшце зацікавілася ім і пару разоў урывалася паначы ў апусцелы дом Мозеля. Ды марна: Войціка там, вядома, не было, ён хаваўся ў дальняга родзіча на прылесным хутары за пятнаццаць кіламетраў ад мястэчка. Але маці заставалася дома, за яе Войцік не надта трывожыўся: што паліцаі маглі зрабіць ёй, старой цёмнай бабе, нашто яна ім? Але зрабілі. На трэці раз не застаўшы Войціка дома, яны забралі ягоную маці і сказалі, што калі ён сам добраахвотна не прыйдзе ў паліцыю, дык пакараюць яе. І тады маці перадала праз знаёмую прыбіральшчыцу, што калісьці рабіла ў бальніцы, каб не ішоў. Яна ўжо старая, ёй усё роўна, а ён малады, яму трэба жыць. Пабедаваў тады Войцік, асабліва калі дачуўся, што маці і праўда забілі з вялікаю групаю местачкоўцаў, і гэтаму яго бедаванню, здаецца, не будзе канца. Шкада яму маці, і чым далей, тым больш, ну але што зробіш?

Закалыханы ў будане дажджом і блізкім лесавым шумам, Войцік неўпрыцям заснуў, скурчыўшыся на баку, і неўзабаве сасніў нейкі дзіўны, бязглузды сон. Прысніўся яму яго жоўты скураны партфель, які ён за тры кіло сала некалі прыдбаў у бежанца з Польшчы. Партфель быў цудоўны, з тоўстай свіной скуры, на тры аддзяленні, з двума блішчастымі замкамі-зашчэпкамі, якія хлёстка шчоўкалі, калі іх ціскануць пальцамі. Такога партфеля не меў ніводзін службовец у раёне ды, мабыць, і ва ўсёй вобласці. Войцік дужа шанаваў яго, стараўся не надта набіваць паперамі, насіў толькі на працу ў выканком ды яшчэ браў, калі ехаў у Віцебск са справаздачай або на якую нараду. У вагоне ён заўжды клаў яго пад падушку, але так, каб не дужа прыціскаць галавой, не пашкодзіць акуратныя ражкі, аблямаваныя жоўтымі бляшкамі. Ён дужа баяўся, каб яго не ўкралі, калі адлучаўся ў прыбіральню ранкам. Але тады ўсё абышлося добра, партфель ён збярог да самай вайны і, як у мястэчку паявіліся немцы, схаваў яго на гарышчы за комінам. І вось цяпер ён прысніў той партфель, які быццам ляжаў на дашчаным стале ў штабной зямлянцы, а побач стаяла начальства — камандзір Трушкевіч, начальнік штаба і яшчэ нехта, яны чакалі Войціка і, калі той увайшоў, загадалі расчыніць партфель. Не ведаючы, што там, і дужа баючыся чагось, Войцік дрыготкімі пальцамі націснуў на знаёмыя зашчапкі, падняў скураное вечка партфеля. Ён з неспакоем чакаў убачыць там свае паперы, некаторыя дакументы і даведкі, а з партфеля раптам выкацілася вялікае гусінае яйка, за ім яшчэ два — аказваецца, там было поўна яек і быццам тыя яйкі былі дзесьці ўкрадзеныя і за тое прыйдзецца адказваць Войціку. Войцік напалохаўся і не ведаў, як апраўдацца, а Трушкевіч тым часам ужо схапіўся за сваю абдрыпаную кабуру, мабыць, каб выканаць прысуд. Войцік схамянуўся ад страху і прачнуўся, не адразу пазнаўшы, дзе ён і што з ім здарылася. Нейкі час затым ён перажываў сон, не ў стане вызваліцца адразу ад яго брыдка-страхавітага сэнсу і ўсё суцяшаў сябе, што глупства гэтыя яйкі і ўся гэтая недарэчная сцэна. Не хапала яшчэ яму палохацца сноў.

Спакваля, аднак, ён супакоіўся, сцюжа і скалелае цела напомнілі яму, дзе ён і як сюды трапіў. У будане было яшчэ цёмна, дужа шумеў вецер у лесе, але дождж быццам бы перастаў. Войцік адчуў, што неўзабаве пачнецца брацца на ранак, і ляжаў, думаючы, куды яму падацца тым ранкам, дзе шукаць вёску. Ці лепш вярнуцца да Сушчэні з Буравым? Толькі дзе ён цяпер знойдзе той хвойнік? Ці не напорацца ён тут на немцаў, во тады і спраўдзяцца тыя гусіныя яйкі, сасніць якія, паводле вясковага павер’я, азначала трапіць у бяду.

Мабыць, ён і яшчэ трохі заснуў, а як прачнуўся, наўкола ўжо добра ўвіднела; побач відаць стала абвялае вецце, чорныя жэрдкі ўгары, і ён на кукішках выбраўся з будана.

З-пад хвой на прагаліну поўз золкі туман, ахінаў дрэвы, кустоўе, вогла слаўся па травяным доле, спрэс затуляў блізкае лясное наваколле. Зябка цепаючы плячыма, Войцік трохі прайшоў сцяжынай у хвойніку і нечакана для сябе выбіўся на нейкую вузкую пустую расцяробу. То была прасека — ці не тая нават, якой яны ўчора неслі параненага Бурава, падумаў Войцік і, азірнуўшыся, узрадавана пашыбаваў у тумане.

Рэшту таго нешчаслівага дня Сушчэня скамянела і моўчкі сядзеў ля мёртвага Бурава. Спярша ён чакаў, што той, можа, яшчэ ажыве, заварушыцца, можа, адзавецца нават, і час ад часу кратаў яго за плячо, ціха гукаў: «Коля, а Коля...» Аднак усё было марна: Бураў не кратаўся і не адзываўся. Спакутаваны твар яго ўсё болей дранцвеў пад адрослаю шчэццю, крыўдліва зламаныя вусны засмяглі ў нерухомасці, да гладкага белага лба ўспатнела прыліпла высахлая пасма валасоў. Рудая мурашка аднекуль узбегла на лоб, спынілася ля гэтай пасмы, чагось памарудзіла і порстка скацілася па скроні ў траву. Мусіць, пільнаваць нябожчыка тут ужо не мела вялікага сэнсу, нічым памагчы яму было нельга. Але і ісці адсюль... Куды Сушчэня мог цяпер адгэтуль пайсці? Зноў жа, мусіць, трэба было дачакацца Войціка, які нешта бавіўся, не вяртаўся. Хоць бы дзе не налез на якую бяду, занепакоена падумаў Сушчэня. Клопат гэтых двух партызан неяк неўпрыцям рабіўся ўжо і ягоным клопатам, і, страціўшы аднаго, ён ужо турбаваўся за лёс другога.

Вецер дужа шумеў у недалёкіх старых соснах, і, хоць тут, у хвойным гушчары, увогуле было зацішна, Сушчэня скалеў ад сцюжы і нерухомасці ў адной кашулі, без майкі. Даўно, з перапынкам стракатала недзе сарока — можа, на яго, а можа, на каго іншага, і Сушчэня ўстаў, каб паазірацца наўкола. Чорны наган, што тырчэў з-пад шыняля нябожчыка, Сушчэня асцярожна пацяг за рукаятку. Мусіць, наган быў зараджаны, але Сушчэня не стаў у яго зазіраць, націскаць курок, каб не шчоўкнуць ці, яшчэ горш, неўзнарок не стрэльнуць. Засунуўшы наган у кішэню, ён асцярожна прадраўся між хвоек, вылез на прасеку. Тут, аднак, усё было ціха і пуста, сарока якраз таксама прыціхла, і ён паазіраўся, маючы кволую надзею ўбачыць дзе Войціка. Ды Войціка нідзе не было. Тады ён паціху вярнуўся да свае прагаліны і аж устрывожыўся ад таго, што тут згледзеў.

Блізка ад прагаліны на тонкім верхавінні хвоек насела зграя варон, якія ціха пагойдваліся на ветры і ўсё касавурыліся сюды — пэўна, на мёртвага чалавека ў доле. Сушчэня ўзняў голаў — той першы груган сядзеў ужо зусім побач, ледзь не на крайняй хвойцы і, звесіўшы чорную дзюбу, утаропіўся ў яго — чакаў. Сушчэня абурана махнуў рукой раз і другі, крыкнуць ён не наважыўся. І груган, мусіць, зразумеўшы тую яго нерашучасць, не скрануўся нават, не варухнуў крыллем — сядзеў як прывязаны на галіне і толькі з боку на бок паварочваў чорную галаву, каб лепш бачыць наўкола. «Ах ты, пракляты крумкач!» — сказаў сабе ў думках Сушчэня і пашукаў на зямлі якую ламачыну, каб кінуць у яго. Ды ні ламачыны, ні каменя нідзе не было побач, і не было чым адагнаць гругана.

Разважыўшы, Сушчэня, аднак, паспакайнеў — што ўжо яму гэты груган! Можа, на жывога не кінецца, а Бурава ўжо ён абароніць. Бурава ён ім не дасць, пакуль сам жывы. Можа, тым і адплоціць свой доўг перад нябожчыкам — усё ж Сушчэня яму абавязаны. Жыццём абавязаны. Іншая справа, чым урэшце абернецца тое яго жыццё. Што прынясе далей — збаўленне ці яшчэ горшую смерць?

Груганы і смутнае жаданне дачакацца Войціка прымусілі Сушчэню адмовіцца ад намеру пайсці куды з гэтага месца, і, хоць было страхавіта і сцюдзёна, ён цярпліва чакаў. Ён сеў на траву каля ног нябожчыка, сцяўся, угнуўся, затуліў пад пахі азызлыя ад сцюжы рукі. Бураў ляжаў у непатрэбным цяпер для яго шынелку, ды Сушчэня не наважваўся распрануць нябожчыка — не паднімаліся на тое рукі. Ён усё думаў, што вось-вось паявіцца Войцік з фурманкай, і тады яны паедуць адсюль. Куды паедуць? А хоць бы куды, абы далей ад гэтага здзічэлага хвойніку, ад гругання, можа, куды да людзей...

Ды мінаў час, а Войцік не паяўляўся, груганы нікуды адсюль не ляцелі, азіраліся, гойдаліся на тонкім вяршаллі, часам мяняючыся месцамі, і ўсё шчыльней абступалі прагаліну. Пад вечар іх ужо сабралася тут з тузін, і наперадзе, на самай верхавіне хвойкі, бліжэй за іншых усё тырчэў той першы груган — цярпліва і пільна сачыў за двума чалавекамі ўнізе.

Неяк неўпрыкмет насунуўся вечар; хмарнае неба яшчэ болей захмарылася, з-пад хвойніку папоўз змрок, усё шчыльней атуляючы маленькі лапік-прагаліну. Тры вароны з дальніх вяршалін паляцелі кудысь адна за адной, рэшта ж засталася, чагось цярпліва чакала. «Але чорта вам, во!» — лаяўся ў думках Сушчэня, усё махаючы на іх рукамі. Толькі дарма: чалавек іх не палохаў, мусіць, яны разумелі марнасць яго пагроз. Было падобна, што гэтыя ўжо не збіраліся нікуды ляцець, ці не мелі яны намер і начаваць тут? Калі ўжо добра сцямнела і ў небе засталося відаць адно счарнелае вяршалле хвоек, недзе прапалі ў змроку і вароны. Аднак час ад часу там адчувалася нейкае варушэнне, некаторыя вяршаліны неспакойна пагойдваліся — значыць, вараннё ўсё чакала.

Войціка ж нідзе не было.

Сушчэню ўсё болей пачала агортваць стома. Ужо некалькі разоў ён лавіў сябе на тым, што пачынае драмаць, тады трывожна прахопліваўся, уставаў, махаў рукамі, прысядаў і ўскокваў — разганяў сон і грэўся. Але гэта не сагравала — стамляла яшчэ болей, хацелася легчы і забыцца ў сне. Зусім знямогшыся, урэшце не стрываў і лёг побач з нябожчыкам — бокам на пале ягонага расхінутага шыняля. Бураў даўно ўжо астыў, аддаўшы зямлі рэшту свайго жывога цяпла, але Сушчэню ўсё ж здалося ля яго ўтульней, нават нібы бяспечней. І ён сцішыўся са сваімі журботнымі думкамі, шчыльней месцячыся спіной да скалелага цела нябожчыка. Усё думаў, чаму яму так не пашэнціла ў гэтай вайне, у чым ягоная віна перад людзьмі ці перад Радзімай, самім сабой? Чаму менавіта яго напаткаў гэткі нялюдскі лёс? Чым ён заслужыў такую горкую долю?

Уся вялікая сушчэнеўская сям’я, без бацькі, колькі яе памятаў старэйшы Сушчэня, жыла ў нейкім хваравітым імкненні да праўды і чысціні ў адносінах з іншымі — вяскоўцамі, раднёй, суседзямі. За гады сваёй маладосці Сушчэня не мог уявіць, як гэта можна, напрыклад, пазычыць і не аддаць або нават не пазычыць каму, хто прасіў, калі гэта можна было зрабіць. Самі жылі трудна, бадай што бедна, кожны пуд збожжа, кавалак сала, якая капейчына былі надта патрэбны самім, але калі прыходзіла да іх бедная бабылка Хрысціна з прыжытым без мужа дзіцём, Сушчэні аддавалі апошняе — які кавалак хлеба, ці трант, ці рубель на лекі. Яно заўжды было шкада, заўжды не хапала самім, але маці ды баба Хвядора ў такіх выпадках казалі, што нельга гнявіць бога, не памагчы і без таго пакрыўджанай людзьмі і богам. Баба Хвядора вельмі сачыла і за імі — малымі, і пасля, як падраслі, — каб не было якой несправядлівасці ў дачыненні да іншых, малодшых ці там вясковых сяброў і суседзяў, і часам, калі што здаралася, сварылася на сваіх болей, чым на чужых, хоць часта свае і былі найменш вінаватыя. Або зусім не вінаватыя, як у тым памятным выпадку з піліпавымі снапкамі.

Здарылася так, што дзядзька Піліп, які жыў у другім канцы вёскі за станцыяй, вазіў каля іхняга гарода зжаты ячмень ад ракі і згубіў чатыры снапкі. Снапкі гэтыя бачылі ўсе Сушчэні, і маці, і дзеці, і бабка Хвядора, — тыя ляжалі сабе на сцежцы ўвесь адвячорак, дзядзька Піліп, мусіць, яшчэ не згледзеў прапажу, а як згледзеў і назаўтра вярнуўся па іх на сцежку, снапкоў ужо не было. Снапкі прапалі. Вядома, дзядзька Піліп засмуціўся, калі пачуў ад Сушчэняў, што снапкоў ніхто з іх не браў, а куды яны зніклі — хто ведае? Пабедаваў дзядзька і пайшоў, а ў Сушчэняў усчалася трывога. Бабка Хвядора ледзьве не плакала: гэта ж ён падумае на іх, тых Сушчэняў, каторыя за жыццё не сашчыкнулі чужога стручка цераз плот, не пакарысталіся чужым яблыкам-ападкам з узмежка. Увесь вечар Сушчэні раіліся, як ім уратавацца ад ганьбы. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што свой ячмень яны ўжо абмалацілі, у пуньцы не засталося ніводнага снапка. І тады бабка Хвядора пабегла цераз тры хаты да кульгавага Змітрака, у якага і пазычыла чатыры снапкі ячменю, і Сушчэня аднёс іх дзядзьку Піліпу, сказаў, што малыя, дурэючы, учора іх прыбралі са сцежкі, нікому не сказаўшы пра тое. Дурная ўвогуле сітуацыя, тым больш што тыя піліпаўскія снапкі сапраўды нехта прыбраў са сцежкі. Але падазрэнне ўсё ж было адведзена ад Сушчэняў, і бабка Хвядора сказала: «А чорт іх бяры, тых снапкоў, цяпер хоць спакайней спаць будзем». І ўсё яно было б добра, дзядзька Піліп не злаваў, калі б у душы ў Сушчэні не засталася малая стрэмка: нехта ўсё ж пакарыстаўся тымі піліпаўскімі снапкамі, як і сушчэнеўскім прастадушшам таксама. Ну але ці першы і ці апошні раз? Заўжды ў такіх выпадках бабка Хвядора ці маці казалі: «А хай! Сабе спакайней будзе». Яны надта імкнуліся да ладу і спакою ў душы, але во ўрэшце гэтая яго гісторыя перавярнула ў Сушчэні ўсё дагары нагамі і гатова была адабраць жыццё, не толькі спакой душы...

Жахлівая тая ноч цягнулася для Сушчэні бясконца, ён то драмаў нядоўга, то прахопліваўся ад сцюжы ды і трывогі таксама, паднімаў галаву, слухаў. Калі ўсчаўся дождж, стала зусім кепска, ад дажджу тут не было схову, хіба апроч хвойнага вецця. Ужо змакрэлы, ён перацягнуў Бурава пад нізка навіслыя лапкі суседняй бухматай хвойкі, урэшце наважыўся, зняў з яго воглы, скрываўлены шынелак. Сам зноў прытуліўся поруч і, як з жывым, разам накрыўся яго шынялём. Так стала цяплей, прынамсі, не цякло на твар, а да нябожчыка можна было прыхінуцца спіной — нават утульна стала ў ямцы пад хвояй. І ён, здаецца, заснуў.

Спаў ён доўга ці не — невядома, толькі раптам пачуў блізкі здзічэлы крык — плач дзіцяці, ён адразу пазнаў той голас — галасіў яго Грышачка. І плач яго быў такі роспачны, столькі было ў ім адчаю, што Сушчэня з абмерлым сэрцам кінуўся на яго — за вугол хлява, у гародчык, здалося, менавіта там плача сынок. Ды плач пачуўся ўжо далей — за крайнім радам вішанніку ў садку. Баючыся спазніцца, Сушчэня пабег туды, за садок, пералез цераз трухлявы, аброслы крапівай плот на мяжы з бульбоўнікам, аднак нікога там не было — плач ужо чуўся аднекуль з падворка. Грышачка захлынаўся з астатняе сілы, мусіць, з ім сталася дужа кепскае, і Сушчэня жахнуўся, што не паспее, спозніцца. Па ўзмежку ён ірвануўся да падворка, і, як выскачыў на дрывотню, цэлая вароняя зграя ўзнялася над страхой варыўні; вароны ўсе закрычалі, няўлад і зласліва, замахалі крыллем, ашчэрыўшы чорныя дзюбы з вострымі чырванаватымі языкамі, — здаецца, яны гатовы былі задзяўбці чалавека. Баронячыся, Сушчэня ўскінуў рукі, утуліў галаву ў плечы, памкнуўся бегчы адсюль, як ад разлютаванага пчалінага рою. А Грышачкаў плач між тым усё роспачна лунаў у прасторы, памалу сціхаючы ці аддаляючыся. Пасля неяк усё памалу заглухла, засцілася невыразным наплывам сну...

Спакваля, аднак, ён прачнуўся ад пакутнай трывогі, якая так і не мінулася ні ў сне, ні наяве, і адразу пачуў знаёмую варонюю валтузню побач. Лежачы пад хваінай, ён трохі паслухаў; не, чалавечага голасу або плачу нідзе не было чуваць, толькі блізка, над самай прагалінай, абурана каркалі вароны, чуваць было, мітусіліся, варушыліся, пераляталі з хвоі на хвою, нібы чагось абурана патрабуючы ад чалавека, і Сушчэня са злоснай рашучасцю вылез з-пад хвоі. На прагаліне ўсё было воглым і стылым ад начнога дажджу і туману, які цяжкім нізкім покрывам спрэс сунуўся ў хвойніку, затуляў неба і дальняе вяршалле дрэў. Было, аднак, ціха. Калючае голле нізка звісала долу, абцяжаранае безліччу дробных празрыстых кропель, і ён добра намок, пакуль выбраўся з-пад хвойкі. Праклятае вараннё не адступалася. На гэты раз ён не стаў махаць на іх рукамі — выбраўшыся на шырокую зацягненую туманам прасеку, ён знайшоў здатную палку, абламаў на ёй сучча і вярнуўся на прагаліну.

— Прэч, праклятыя! Прэч!..

Ён замахнуўся палкай, выцяў ёю па хвойцы, другой — гругун неахвотна зваліўся і вяршаліны, узмахнуў крыламі і пераляцеў далей.

— Прэч, сволачы!!!

Войцік прыйшоў, калі ўжо добра развіднела і Сушчэня страціў рэшту надзеі — не ведаў, што рабіць і нават што думаць. Варон ён трохі паадганяў ад прагаліны, але тыя ўпарта не хацелі пакідаць хвойнік і трохі радзей парасселіся зводдаль на вышэйшым ці, можа, зручнейшым вяршаллі хвой. Чакалі. Накінуўшы на плечы бураўскі шынелак, Сушчэня паныла сядзеў пасярод прагаліны, таксама чакаў, сочачы за насцярожаным вараннём зводдаль. Тут яго і застаў Войцік, што ціха прадраўся ў тумане паміж радам хвоек.

— Сядзіш? — запытаў ён нават са здзіўленнем у голасе. Сушчэня бадай без радасці, няўцямна паглядзеў на яго. — А Бураў?

— Вунь, — паныла кіўнуў ён галавой у бок хвойкі, з-пад якой вытыркаліся нерухомыя боты Бурава.

— Так я і ведаў, — сказаў Войцік. — Даўно?

— Учора пад вечар.

— Добра што. Не трэба і падводы.

Войцік патупаў сюды-туды па цеснай прагаліне, паўзіраўся на варон.

— Іш сабраліся. Чакаюць.

— З учарашняга чакаюць, — сказаў Сушчэня і, памаўчаўшы, запытаў: — А што, фурманкі — няма?

— Фурманкі няма, — сказаў Войцік, зняў з пляча карабін і зморана апусціўся долу. — У Бабічах немцы.

— Во як!.. Дык як жа цяпер? — затрывожыўся Сушчэня. Вялікія рукі яго прыкметна здрыгануліся на каленях.

— А што цяпер? Прыхаваем і патопаем. Можа, прарвёмся.

— Куды?

— Ну хто куды. Я — у атрад, а ты ж, мабыць, да немцаў хочаш? — сказаў Войцік і сцюдзёнымі вачмі на абвялым, парослым шчэццю твары выпрабавальна ўставіўся ў Сушчэню.

— Я не да немцаў, — з зацятаю крыўдай сказаў Сушчэня. — Вядзі мяне ў атрад. Інакшай дарогі мне няма.

— У атрад, ага. Цябе там чакаюць, — няпэўна прабурчэў Войцік.

Яны памаўчалі трошкі, Сушчэня з пакутай уваччу пазіраў кудысь паверх хвойніку, на варон, што сям-там чарнеліся ў тумане. Ён зразумеў кепскі намёк Войціка, сам ведаў, што нічога добрага яго там не чакае.

— Бурава нада з сабой узяць, — сказаў ён нібы між іншым. — Нягожа тут яго кідаць. Вунь варання колькі.

— Калі сам панясеш, — пагадзіўся Войцік.

— Ну панясу, што ж...

Войцік памаўчыў, нешта згадваючы, а Сушчэня ўжо рашыў у думках, што панясе. Ён не можа тут пакінуць цела Бурава, бо... Бо з чым ён інакш з’явіцца ў той іх атрад? Хіба з сваёй недарэчнай віной.

— Трохі яшчэ пасядзеўшы, Войцік устаў на ногі, паазіраўся ў тумане на вяршалле дрэў і заспяшаўся раптам:

— Калі так — бярыся. Мне яшчэ вінтоўку трэба ўзяць.

На каленях Сушчэня падлез пад нізкае голле бухматай хвойкі, і, ашчаперыўшы нябожчыка пад пахі, выцягнуў яго на вальнейшае месца. Цела Бурава ўжо закалела і стала амаль нягнуткім. Сушчэня ашчадна заламаў угору ягоныя рукі, паклаў сабе на плечы. Затым з натугай узняўся з долу, праўда, ззаду яму трохі пасобіў Войцік, і яны неўзабаве выдраліся з хвойнага гушчару на прасеку.

Наўсцяж усёй прасекі, па лесе між камлёў старых хвой і ў падлеску курэў слотны туман, вяршалле дрэў угары хавалася ў яго плыўкіх рваных пасмах. Відаць было недалёка, на якіх паўсотню крокаў, і, трохі прайшоўшы па-над прасекай, Войцік спыніўся.

— Калі не ў Бабічы, дык трэба лявей браць, — сказаў ззаду Сушчэня. З падкручанай пад ношаю галавой ён локцем паказваў некуды ў туманныя лесавыя нетры.

— Харашо. Толькі вінтоўку вазьму.

Улезшы ў цёмны зараснік ядлоўцу, Войцік задам выбраўся адтуль з сваёй доўгай вінтоўкай, закінуў яе рамянём за плячо. На другім плячы ў яго вісеў карабін Бурава.

— Ну, вядзі! — сказаў ён. — Толькі глядзі мне, каб не прывёў да немцаў.

Сушчэня не адказаў — моўчкі прыдушыў у сабе крыўду, бо была яна далёка не першая, падумаў, што, мабыць, крыўд яму яшчэ хопіць. Яшчэ ён накрыўдуецца, трэба прывыкаць. Калі толькі ўсё як-небудзь абыдзецца. А калі не абыдзецца, дык што ж... Што яму тады тыя крыўды. Праўда, слухаючы цяпер шматзначныя закіды Войціка, ён адчуваў, што трэба б нешта сказаць дзеля свайго апраўдання, нешта растлумачыць з свае недарэчнай гісторыі. Але ён не мог наважыцца на тое, штось яму замінала, і ўсё. Калі б Войцік сам запытаўся ў яго, захацеў зразумець, а так... Аднойчы ўжо наважыўся, перад Буравым, і гэтак няўдала атрымалася — паспавядаўся мёртваму. Чамусьці, аднак, усё ж стала лягчэй, нібыта Бураў яго зразумеў, канаючы. Можа, і зразумеў. Сказаў жа ён Войціку перад тым, як сканаць: «Не чапай Сушчэню», значыць, зразумеў нешта. Першы чалавек за ўвесь час ягоных пакут, ды і той вось... мёртвы. І таму ён нясе яго на сабе, каб не кінуць варанню, немцам... Мабыць, нежывы Бураў быў патрэбны яму для ўпэўненасці і самаадчування праўды, і Сушчэня так трымаўся за яго, як тапелец трымаецца за саломіну. Ці шмат толькі паможа яму тая саломіна?

Гэтая, аднак, даволі-такі цяжкаватая саломіна хутка адбірала ягоныя сілы, Сушчэня пачаў часта спыняцца, папраўляць ношу. Бы прадчуваючы недарэчнасць яго намаганняў, нябожчык ацяжэла імкнуўся долу — туды, да чаго ён ужо належаў з учарашняга надвячорка і куды яго не пускаў гэты былы аднавясковец.

Яны доўга брылі так па золкатуманным лесе, астуджана дыхаючы яго густа спіртавым водарам. Абсыпаны ігліцай дол у бары быў мяккі і чысты, ісці па ім было лёгка і нячутна, верхавіны высачэзных хвой хаваліся ў нізкай туманнай навалачы, неба амаль не было відаць; рэдкі падлесак з параснікаў бярэзніку, ядлоўцу і хвоек таксама ціха стаяў, ахутаны клоччам туману. Было сцішана, глуха, ніводная галінка нідзе не кранулася. Птушак чамусьці не было чуваць, толькі аднойчы ўгары пастукаў на сухадрэвіне дзяцел і сціх. Сушчэня добра ўгрэўся пад шынялём з сваей нялёгкаю ношай, яму даўно ўжо карцела спачыць, але Войцік быццам не заўважаў таго, і Сушчэня быў змушаны брысці далей. Ім трапіліся ўжо дзве прасекі, але абедзве пралеглі ўпоперак іхняга напрамку. Час ад часу пазіраючы ў бакі з-пад локцяў напята расстаўленых рук, Сушчэня збольшага пазнаваў лес і меркаваў, што ідуць быццам правільна. За трэцяй прасекай павінен пачацца квартал старых, пераспелых хвой. Некалі, яшчэ да калгасаў, тут маладыя хлопцы з Масцішча нарыхтоўвалі зімой лес для вывазкі ў Данбас, і тут у яго ўпершыню пачалося з Анэляй... Пачалося быццам шчасліва, ды во як скончыцца... Ад гэтага квартала Бабічы ўжо застануцца ўбаку, лічы, яны мінулі вёску. Праўда, калі ісці прама, дык наперадзе іх чакала не лепшае — наперадзе была шаша; мабыць, шашу таксама прыйдзецца пераходзіць у лесе. Добра б перайсці ноччу, а ўдзень... Хіба што паможа туман.

Увесь час ідучы недалёка ззаду з дзвюма вінтоўкамі на плячах, Войцік з зайздрасцю думаў, які ўсё ж здаравенны мужык гэты Сушчэня. Угнуўся ледзь не да долу, а прэ і прэ, нібы трактар, і нават не спыніцца для адпачынку. Дужы чыгуначнік, нічога не скажаш. Папраўдзе, дык Войцік здаўна недалюбліваў такіх вось здаравякоў, хто б яны ні былі, ён неяк хваравіта адчуваў іхнюю перавагу над сабой, паставіць насуперак якой у яго не было чаго. Хіба што розум, разважнасць, мо нават хітрасць. Ці, як нядаўна казалі, — прынцыповасць. Але прынцыповасць патрэбна была да вайны, у класавай барацьбе, у іх тлумнай складанай службе, а тут навошта? На вайне куды болей патрэбна такая вось дужасць, простая чалавечая сіла, якой у Войціка было малавата. Ды што зробіш, кожнаму сваё. Таму няхай нясе, калі сам напрасіўся. Вельмі нават магчыма, што камандзір Трушкевіч запытаецца, дзе забіты, і яшчэ пагоніць па труп. Дык тут будзе недалёка, лагер пад бокам ужо, труп, калі што, можна прывезці пасля на фурманцы. Вядома, у лагер Сушчэню весці нельга. Гэта праста будзе скандал, калі ён, пасланы, каб забіць здрадніка, прывядзе яго ў атрад. Ён, канешне, стрэльне яго, хіба дзе бліжэй да ракі. І тады будзе вольны. Сам адзін ён ужо як-небудзь дабярэцца да свае пушчы і даложыць Трушкевічу: загад выкананы. Праўда, не абышлося без страт: Бураў забіты. Але на вайне хіба гэта вялікае дзіва — страты? Колькі яны ўжо страцілі за восень і лета...

Да трэцяй прасекі яны яшчэ не дайшлі, як недзе ўбаку злева нечакана забахалі стрэлы. Не так, каб блізка, але і не далёка. У тумане гукі стрэлаў прагучалі няпэўна, прыглушана, і цяжка было зразумець, якая да іх адлегласць. Сушчэня нядоўга пастаяў з ношаю і вяла апусціўся долу, Войцік таксама ўкленчыў на мох. Абодва ўслухаліся. Бахала мо з дзесятак ці болей вінтовак, туманныя нетры лесу выразна даносілі кароткія без водгулля стрэлы, якія туга аддаваліся ў паветры, бы выбітыя з бутэлькі коркі.

— У Бабічах, ага? — спытаўся Войцік.

— Каб жа ў Бабічах, — услухоўваючыся, сказаў Сушчэня. — То з іншага боку. Ці не на шашы.

— На шашы?

— Ну.

— Дык яшчэ і шаша тут! Куды ж ты завёў?

Войцік ціха пры сабе вылаяўся — ён зусім забыўся, што тут недзе павінна быць і шаша. Пра шашу ён і не падумаў нават.

— А куды ж яшчэ весці! — з ціхаю крыўдай зазначыў Сушчэня. — Вы ж кажаце: у Бабічах немцы?

— Ну немцы.

— Значыць, толькі сюды. Цераз шашу.

Але, мабыць, сапраўды цераз шашу, інакшай дарогі ў пушчу няма. Можа, упершыню Войцік падумаў, што Сушчэня трапіўся яму дарэчы, што без яго ён зноў заблудзіў бы ў гэтым чортавым лесе. А заблудзіўшы, нядоўга налезці на ражон і развітацца з жыццём. Гэты хоць ведае мясцовасць і, можа, яшчэ выведзе да сваіх.

Ось калі б ён быў свой чэсны мужык, а не здраднік!

Але каб быў свой, а не здраднік, дык, пэўна, тут не было б чаго швэндацца і Войціку, і, мусіць бы, Бураў не ляжаў цяпер на воглай імшарыне, задраўшы ўгару падбароддзе. Каб быў не здраднік. Горш, што ён яшчэ і з наганам; думае, мабыць, што Войцік забыўся пра той наган Бурава і не адбярэ яго назад. Але трэба адабраць. Калі, можа, не тут (каб не абвастраць адносін), дык ужо за шашой трэба адабраць. Усё ж здраднік, якіх цяпер, у вайну, развялося нямала — адны імі сталі з ахвотай, з нейкай для сябе карысцю, іншыя па безвыходнасці, праз страх, баючыся за жыццё, за дзяцей і сям’ю. Але тое не мяняе нічога па сутнасці, здраднік ёсць здраднік. Не глядзі, што каторы прыкідваецца смірным і нават гатовы навязаць табе шкадаванне, а затым... А затым — нож у спіну, кулю ў патыліцу. Хто ведае, што ў яго ў галаве, у гэтага Сушчэні, чаму яго там навучылі, у паліцыі. Мабыць, завербавалі, прымусілі ці ўгаварылі і далі заданне. Інакш бы жывога не выпусцілі. Войцік ужо разумее, яго не ашукаеш. Што-колечы пабачыў за жыццё, чаму-нічаму навучыўся.

Яны паляжалі на імшарыне, трохі спачылі, трывога ад страляніны памалу ўляглася, тым болей што і страляніна неяк нейпрыцям быццам і зусім перастала. Тады зноў пайшлі ранейшым кірункам — у бок шашы. Толькі цяпер ішлі асцярожней: наперадзе Сушчэня з сваёй ношай, за ім уступам крокаў праз пяцьдзесят — Войцік. Часта спыняліся па адным ці абодва адразу і слухалі. Туман не знікаў увесь дзень, мо трохі парадзеў надвячоркам, угары пацягнула лесавым шумам, ад лёгкага ветрыку трохі заварушыліся хвойныя вяршаліны. У гэтым пошуме, аднак, стала горш чутна, і яны зноў абодва разам пападалі ад раптоўнага грукату, што пасыпаўся непадалёк наперадзе. Паляжаўшы, сцямілі, што, мабыць, падышлі да шашы — там, недзе блізка, праносіліся машыны. Праўда, праз зараснік падлеску іх не было відаць, як не было відаць і шашы.

Калі грукат той крыху заглух удалечы, Войцік, прыгнуўшыся, падбег да Сушчэні.

— Шаша, ага?

— Шаша.

— Што ж рабіць? Пярэйдзем?

Перш чым адказаць, Сушчэня паслухаў. Лес слаба шумеў, як і раней, аўтамабільны грукат пакрысе глухнуў, аддаляючыся ўправа; злева ж лесавы прастор атуляла ціша. Хоць, канешне, у кожную хвіліну там зноў маглі з’явіцца машыны.

— Можа, лепш паначы, як сцямнее, — слаба запярэчыў Сушчэня.

— Ну, столькі чакаць...

— Ага, трэба б счакаць.

Сушчэня застаўся ляжаць — ніцма пад кустом ядлоўцу, усё ўзіраючыся ў падлесак, у бок недалёкай ужо шашы. Яму было ўсё роўна, калі пераходзіць яе, ведаў, нічога добрага па той бок яго не чакае. Як, мабыць, не чакае нідзе. Але ён пачаў ужо прывыкаць да свае новае ролі — правадніка ці нават партызана, і імкнуўся выконваць яе спраўна. Ды каб выканаць спраўна ў ягоным становішчы, трэба было слухацца гэтага партызана Войціка, цяпер як бы яго начальніка. Тое паслушэнства давала яму цьмяную надзею, якая і вяла яго ўвесь дзень па лесе. Зноў жа Войцік, можа, зразумее, што ўсё тое Сушчэня робіць з свае добрай волі, без жаднага прымусу, хай ён памятае, а пры выпадку і засведчыць тое.

Яны праляжалі так, можа, і не надта доўга, на шашы ўсё было ціха, мабыць, не праехала ніводнай машыны. Не чуваць было і страляніны. Вецер угары, мабыць, патроху суняўся, так і не разагнаўшы туман, які ці не стаў нават гусцець на сконе дня, за час іх чакання. Так, туман пагусцеў, Войцік адзначыў гэта па тым, як у шэрай навалачы здаля закурэў падлесак. Доўга ляжаць на воглым доле зрабілася сцюдзёна, дрыжыкі раз-пораз скаланалі цела, і Войцік ціха гукнуў:

— А калі цяпер, га? Па адным?

Сушчэня падняўся, сеў, азірнуўся. Ён не пярэчыў, але і не спяшаўся згадзіцца, ён памеркаваў трохі.

— Трэ паглядзець. Як там, на шашы.

— Ну паглядзі. Толькі нядоўга.

Цяжка ўстаўшы на ногі, Сушчэня валюхаста патупаў у падлесак, а Войцік раптам недарэчна сумеўся: дарма пусціў! На ўсякі выпадак ён з вінтоўкай адбег трохі ўбок і схаваўся за камель тоўстай хвоі. Глянуўшы з-за яе, убачыў, як Сушчэня асцярожна, крадком прабіраецца да шашы, часам яго затуляе беразнячок падлеску, але ён хутка паяўляецца ў іншым месцы. Пасля, аднак, яго зусім затуліў хмызняк, і Войцік расслаблена апусціўся за хвояй.

«Чорт яго ўвогуле ведае, што гэта за чалавек, — падумаў ён. — Быцца як свой? Ці, можа, падладжваецца, каб увесці ў зман?» Канешне, яго трэба дужа асцерагацца ўдзень, а калі яшчэ ўначы? Не, заставацца з ім нанач Войцік не меў намеру, ён адчуваў, што трэба як найхутчэй вызваліцца ад гэтага Сушчэні. Перайсці шашу і стрэльнуць. А то яшчэ стрэльне самога...

Аднак пакуль што кепскага нічога не здарылася, Сушчэня хутка паявіўся з кустоўя, і Войцік адначасна з ім падышоў да распластанага ў доле Бурава.

— Ну?

— На шашы пуста, — сказаў Сушчэня. — Нідзе нікога.

— Тады пойдзем, — рашыў Войцік. — Пакуль нікога няма. Трохі счакаем і пойдзем.

— Добра, — пакорліва азваўся Сушчэня.

Яны зноў апусціліся долу абапал Бурава, які, падкурчыўшы рукі, у чорнай картовай кашулі ляжаў на баку. Раскудлачаныя валасы і шырокія плечы нябожчыка былі аблеплены павуціннем і абсыпаны ігліцай, боты нізка спаўзлі з ног, і ўсё ягонае цела здавалася ненатуральна даўгім і няўклюдым. Сушчэня паправіў на яго жываце перакручаны падол мокрай ад крыві кашулі.

— Даўно знаёмыя былі? — запытаўся Войцік.

— Змалку. Цераз вуліцу іхняя хата стаяла.

— Да-а, — сказаў Войцік, нешта пачынаючы разумець. — Во гэта і падвяло. Яго і цябе.

— Яно, можа, і так, — неахвотна пагадзіўся Сушчэня. — Ды толькі мяне падвяло не тое.

— А што ж яшчэ?

Сушчэня працягла выдыхнуў і сашчапіў пальцамі рукі.

— Што не ўмёр там, у паліцыі. Во што.

— Гэта, можа, і праўда, — падумаўшы, сказаў Войцік. — Але паміраць не трэба спяшацца. Бураў вунь паспяшаўся. Праз сваю дурасць.

— Бураў не ў пару. Малады яшчэ. Шкада...

— Табе чаго шкадаваць?

— Бо праз мяне быдта. Але ж я ні пры чым. Ці ж я хацеў? Я толькі там, у балоціне, не хацеў ляжаць.

— Вот лёг бы ў балоціне, Бураў жывы быў бы. Так жа?

— Гэта так, мусіць, — паморшчыўся Сушчэня. — Але вы ўжо скажыце там, камандзірам...

— Што сказаць? — насцярожыўся Войцік.

— Ну пра мяне, калі што. Калі не дайду. Усё ж жонка ў мяне, дзіця...

— А, во што! — здагадаўся Войцік. — Гэта скажу. Не турбуйся. Шчэ мо і напісаць прыйдзецца.

— Напісаць гэта добра. Усё ж дакумант.

— На дакумант спадзяешся? — здзівіўся Войцік.

— Ну. Усё ж, можа б, разабраліся калі.

— А ўсё ж завербавалі, ага? Ну прызнайся!

Войцік пільным выпрабавальным позіркам павёў на Сушчэню, і той ад няёмкасці крыва перасмыкнуў вуснамі.

— Каб жа завербавалі, дык не ж! Вербавалі, ага! Але я не мог. Ну не мог я, і ўсё.

— Так ужо і не мог? — сказаў Войцік.

Сушчэня шчыра здзівіўся:

— Ну як жа можна, памяркуйце самі! На такое дзела? Мала, што сябе загубіш, дык яшчэ і сям’ю. Як жа ім жыць?..

Ён гаварыў тое быцца бы і шчыра, адзначыў у думках Войцік, і калі меркаваць наогул, дык пэўная праўда была ў ягоных словах. Але ўсё роўна паверыць яму Войцік не мог. Войцік за жыццё ўжо зведаў, як дасканала хітруе вораг, як прыкідваецца сваім, сябрам, нават партыйцам. Як той Хмялеўскі. Колькі гадоў віў сваю шкодніцкую вяровачку, прытвараўся, арганізоўваў слабыя калгасы. Ды ўсё ж выкрылі разумныя людзі, заўважылі і пакаралі. І хіба аднаго Хмялеўскага! А дырэктара школы Пратасевіча, міліцэйскага начальніка Лакцёнка, старшыню райспажыўсаюза Кузьміча. Ды ў кожнай вёсцы, у кожным калгасе. А ў вобласці! Скрозь паналезла процьма заядлых ворагаў, шкоднікаў, здраднікаў. А ў вайну іх вылезла яшчэ болей. Надта шмат было тых урокаў класавай барацьбы, каб і дурань чаму-нічаму навучыўся. Не, мусіць на тое дадзена і пільнасць, каб заўжды быць начаку і не паддавацца на зман. Не даць адмякнуць у сабе непрымірымасці і заўжды да ўсіх прыглядацца. Да суседа, да сябра, а то і да бацькі з маткай. Ці мала што? Часам, можа, шкадаванне возьме да каторага, асабліва калі знаёмы ці там радня. Але тое бабскае пачуццё міласэрнасці належала задушыць у сабе, сцяць зубы і намагчыся на тое, чаго вымагае бязлітасны класавы прынцып. Канешне, бывае агідна, боязна нават, часам не хапае рашучасці. Ну, але гэта таму, што ў Войціка слабы характар. Што зробіш...

— Ну, яно ўсяляк бывае. Вядома, вайна, — знарок прымірэнча зазначыў Войцік.

Але тыя ягоныя словы Сушчэня падхапіў з нязгодай і загаманіў са сцішаным запалам у голасе, чым нават здзівіў раздумна-насцярожанага Войціка.

— Вось вы кажаце — вайна! Што ўсё бывае... Але ж ці за год гэтай вайны ўсё так змянілася? Хіба людзі так хутка могуць мяняцца? Каб да вайны адзін, а ў вайну — іншы. Я тут усе трыццаць сем год пражыў, мяне ўсе ведаюць. Заўжды ўсе паважалі, ні з кім не пасварыўся ні разу. Але ж чаму цяпер перасталі верыць? Вот палучаецца, што немцам вераць, а свайму чалавеку — не. І суседзі, і вы. Жонка нават і тая... сумняваецца. Перамяніўся! Як гэта я перамянюся, калі мяне нарадзілі такім? — з ціхім абурэннем гаварыў Сушчэня.

— Э, шчэ як мяняюцца! — сказаў Войцік. — Асабліва няўстойлівыя элементы. Калі жыць захочацца...

— Вот іменна: калі жыць захочацца, дык як жа на горшага мяняцца? Гэта калі ўжо смерць, дык, быць можа, усё роўна. Але ж жывы на жывое спадзяецца. Хай не для самога, дык для дзіцёнка, можа. Калі хоць таму жыць пашэнціць

Адхінуўшыся на адстаўленую руку, Войцік пазіраў у недалёкі прытуманены падлесак, не надта ўважліва слухаў Сушчэню і думаў, што доўга марудзіць тут нельга. Відаць, гэты чалавек умеў сваёй памаркоўнасцю размякчыць сэрца. Бач, прыпомніў ужо і дзіцёнка! Так, чаго добрага, нядоўга і пашкадаваць яго, а там недалёка застанецца і да апраўдання.

Не, трэба канчаць.

Вось пяройдуць шашу, і Сушчэня яму ўжо не спатрэбіцца. Дарогу далей Сушчэня збольшага ведаў, неяк дабярэцца. Бурава трэба будзе дзесь прыхаваць, каб пасля прыехаць па яго на фурманцы. Цяпер холадна, суткі-другія пачакае разведчык. Гэта — калі камандзір загадае. А можа, і не загадае. Атрад мяняе дыслакацыю, пад пушчу наехала карнікаў, мабыць, цяпер будзе не да забітага Бурава.

Цямнела, аднак, марудна. Белаваты туман хвалямі расплываўся па лесе, асядаў зверху і насоўваўся нізам, змрокам і сцюжай ахінаючы голае кустоўе падлеску, цёмнае куп’ё маладых хвоек паблізу.

— Так, давай! — прыўзняўся на каленях Войцік. — Пярэйдзіш, дзе пачакай. Я — следам.

Сушчэня не дужа ахвотна падняўся, Войцік рупна памог яму ўзваліць на спіну цела Бурава, і той, трохі хістаючыся, павалокся ў падлесак.

Як толькі Сушчэня схаваўся ў падлеску, на душы ў Войціка нядобра зашчымела — здалося, ён даў прамашку. Нешта ўжо надта ахвотна гэты здраднік нясе на сабе труп Бурава, паслухмяна выконвае ўсё, што яму скажуць, — мусіць, у гэтым тоіцца нейкая хітрасць, — занепакоена думаў Войцік, лежачы ніц на імшаніку. Усё ж яго не мог ашукаць той імпэт, з якім Сушчэня спрабаваў апраўдацца, на памяці ў Войціка ўжо былі выпадкі, калі гэтак жа апантана, а то са слязьмі і кляцьбой, спрабавалі апраўдацца некаторыя здраднікі ці нямецкія паслугачы; іншыя ж наадварот — нібы гублялі мову і ўпарта маўчалі. Войцік ведаў, што ў такой справе ўсё залежала ад характару чалавека, паводзіны якога зусім не вызначаюць ступені ягонай віны або невіноўнасці. Ён не ўяўляў, як бы паводзіў сябе сам, калі б незнарок выплыў на свет ягоны леташні выпадак у Вайноўскім урочышчы, што ледзьве не скончыўся для яго пагібеллю. На шчасце, не выплыў, і ўсе малавясёлыя драбніцы таго здарэння ён насіў у сваёй памяці, глыбока схаваныя на самым сподзе душы. Хаця часам яны і варушыліся там, неспакойна і апрыкла, і трэба было намаганне, каб прыглушыць пачуццё вінаватасці, улагодзіць развярэджанае сумленне. Напэўна, аднак, будзе доўга помніцца яму той світальны золак на пачатку зімы, калі па гразкаватым цаліку ён таропка бег з хутара ў Вайноўскае ўрочышча, дзе яны, трое раённых саўработнікаў, туліліся ў выкапанай на пагорку зямлянцы. Увогуле там было схоўна, спакойна і нават утульна каля напаленай бляшанай печкі ў кутку; харч здабывалі па чарзе ў навакольных вёсках ды на рэдкіх, уцалелых ад даваеннага зносу хутарах. Таго разу чарга падышла да Войціка, і ён позняй ноччу прывалокся на гэты адзінокі хутар. Гаспадара хутара рыжага Клімку і яго маўклівую бабу ён ведаў даўно, яшчэ з калектывізацыі, людзі яны былі неблагія, хоць і не дужа ласкавыя, і менавіта з тае прычыны да іх уладкавалі хворага акружэнца лейтэнанта Свірыдава. У адну з чарговых вылазак за харчам той спярша намок пад дажджом, а пасля падмёрз у мокрым адзенні і неўзабаве захварэў на гарачку. Баючыся за жыццё лейтэнанта, яны тыдзень таму прывезлі яго на гэты хутар. Тады Войцік адведаў хворага, добра пад’еў, сагрэўся і нават неўпрыцям задрамаў у цяпле на лаўцы. Але на сваю бяду, задрамаў трошкі болей, чым трэба, і калі выйшаў на сцежку, пачало віднець. Ён устрывожана наддаў кроку, наперадзе ў кустоўі трэба было перайсці дарогу і далей каля рова, пералескамі прабірацца да іх урочышча. У сідары за спіной у яго ляжаў бохан хлеба і муляла з паўвядра бульбы, якой яго надзяліў рыжы Клімка. Увогуле не багата, але пакуль што павінна хапіць, думаў Войцік, а там сходзіць хто іншы, прынясе яшчэ. Людзі ў навакольных паселішчах былі чулыя на чужую бяду і без прынукі дзяліліся ўсім, што мелі самі.

Войціку ўжо зусім трохі заставалася да кустоўя і дарогі, як невыразна яшчэ ў світальным сутонні ён згледзеў наперадзе людзей. Іх было трое, і яны таксама ўбачылі яго ў полі, насцярожана знерухомеўшы, чакалі. Сэрца ў Войціка скаланулася ў грудзях, але ён, быццам па інерцыі, дробнымі крокамі ўсё бег па ледзьве прыкметнай у мокрым снезе сцяжынцы. Зброі ў яго не было — за харчам яны заўжды хадзілі без зброі — і цяпер ён затрывожыўся: хто тыя людзі? Здалёку было не згледзець, але, падышоўшы бліжэй, Войцік і зусім азмрачнеў душой — на дарозе чакалі яго трое мужчын з вінтоўкамі. Рабіць, аднак, не было чаго, ён пераскочыў канаву і апынуўся насупраць. Адзін з іх груба спытаўся «куды?», пасля «адкуль?», двое іншых аблапілі за спіной яго сідар, садралі з плячэй вераўчаныя почапкі. Войцік зразумеў, што апраўдвацца было бескарысна, тым больш што тыя ўжо аблаялі яго «бандзюком» і пачалі дапытвацца, дзе ўзяў прадукты. Усё ж Войцік паспрабаваў выкруціцца, сказаў, што не ведае дзе, маўляў, завітаў да знаёмага чалавека і папрасіў. Пасля нядоўгае лаянкі тыя загадалі зараз жа паказаць хату гэтага знаёмага і руляй зараджанай вінтоўкі балюча піхнулі яго між лапатак у спіну.

Рабіць не было чаго, Войцік павярнуў на праклятую сцяжынку, якая гэтак па-здрадніцку завяла яго ў пастку. Ваўкавата зацяўшыся, паліцаі ішлі следам, а ён ашалела думаў, куды іх прывесці? На пагорачку ў полі сцежка дзялілася на тры: адна бегла ў недалёкую вёсачку пры нізінцы, дзе ён ніколі не быў і нікога там не ведаў, другая вяла ўбок, да недалёкага Фамічоўскага хутара, гаспадар якога, казалі, ужо знюхаўся з паліцыяй. І толькі трэцяя кіравала па полі да Клімкавага хутарка, што сціпла прыткнуўся ў хмызняку да рова. Войцік нерашуча мінуў першую паваротку, усё пакутна думаючы, куды яму скіраваць? Вельмі яму не хацелася весці іх да Клімкі, дзе выкашліваў хворыя лёгкія Федзя Свірыдаў, але куды ж яшчэ ён мог павесці? Фамічоўскі хутар адпадаў з тае прычыны, што гэтыя самі там маглі начаваць сёння, значыць — толькі да Клімкі. І ён прайшоў паўз і другой павароткі — цяпер ужо выбару ў яго не заставалася, і ён усё з большай пакутай уяўляў, штó будзе далей. Але што ён мог зрабіць? Ён толькі прымарудзіў крок, каб як мага даўжэй расцягнуць гэты апошні кіламетр шляху. Але як ён яго ні расцягваў, усё ж яны апынуліся нарэшце на Клімкавым падворку, і паліцаі сунуліся ў дзверы. Дзверы, аднак, былі зачынены, паліцаі пачалі стукаць, гучна патрабуючы адчыніць, і тады за дзвярыма грукнула разам тры ці чатыры стрэлы. Адзін паліцай выпусціў з рук вінтоўку, да яго кінуўся другі, а трэці, разбіўшы прыкладам акно, кінуў у хату гранату. Як толькі там грымнула, са звонам сыпануўшы на двор бітым шклом, Войцік сарваўся з месца, кінуўся за вугол, абабег хляўчук і праз кустоўе стрымгалоў скаціўся па схіле ў роў. Падхапіўшыся на ногі, што было сілы паімчаў прэч ад гэтага хутара. Па ім стралялі, стралялі на хутары; там яшчэ колькі разоў выбухнулі гранаты, і хутка ў неба паваліў белы дым — яны падпалілі хутар. Зрэдчасу азіраючыся, ён доўга бег па рове, пакуль не выбраўся на раўнейшае, збочыў у лес і, з паўдня паблукаўшы па ўрочышчы, дабраўся нарэшце да іхняга стойбішча. Там ён сказаў толькі, што раніцай хутар абклала паліцыя, яму пашэнціла ўратавацца пад дымам, а што сталася з іншымі, ён не ведае. Праз суткі, аднак, стала вядома, што хутар згарэў з людзьмі, адзін паліцай там забіты, другі паранены. Але паліцаі, відаць, аказаліся не тутэйшыя, Войціка з твару не ведалі, і жахлівая сустрэча і імі заставалася тайнай, якою ён не меў ахвоты з кім-небудзь дзяліцца. Канешне, часам было непрыемна перад сабой, але яго супакойвала думка, што гэта яшчэ не прадажніцтва, што іншыя прадалі болей, чым гэты богам забыты хутар з трыма жыхарамі. Ды і хіба ён прадаў? Ён толькі быў змушаны пад пагрозай расстрэлу паказаць, дзе ўзяў прадукты, і ці яго віна, што паліцаяў на хутары сустрэлі стрэламі праз дзверы? Усяго кантакту з паліцыяй у яго было якіх паўгадзіны ці гадзіна часу, але і таго хапіла, каб пагубіць трох чалавек. Сушчэня ж праседзеў два тыдні ў СД і яшчэ наважваецца хлусіць, што не здаўся. Выстаяў, не скарыўся. Ведаем мы такіх нескароных, зласліва разважаў Войцік. Зламалі і завербавалі, інакш не магло і быць.

Але што ж, мабыць, цяпер было позна праяўляць пільнасць — ён яго ўпусціў, дарэчы, са зброяй, бураўскім наганам у кішэні, — як бы неўзабаве не атрымаць з яго кулю ў лоб. Каб яно ўсё згарэла! — лаяўся Войцік. І які нячысцік наслаў на яго гэтага здрадніка! Чым бліжэй яны прыходзілі да партызанскай пушчы, тым усё большы неспакой агортваў Войціка, і ўсё праз таго Сушчэню.

Хвілін, можа, праз дзесяць пасля Сушчэні Войцік таксама падняўся, яшчэ раз паслухаў — быццам нідзе нікога. Наваколле прыцьмела, ужо трэба было добра ўгледзецца, каб адрозніць у доле гнілы пень ад маленькай хвойкі. Пад нагамі часам глуха шорхала апалае лісце, і ён стараўся ступаць цішэй. Ціхенька выбраўся з драбноты падлеска, падышоў да дарожнае выемкі, зірнуў у адзін канец гразкай шашы-гравійкі, у другі. Трохі памарудзіў і па крутаватым адхоне засцярожліва, каб не ўпасці, пайшоў уніз. Толькі ступіў некалькі крокаў, як паслізнуўся на стаптаных абцасах, і ягоныя вінтоўкі ззаду знянацку стукнуліся прыкладамі. Стукнуліся зусім трошкі, ледзь-ледзь, але тут, над шашой, іхні стук прагучаў страхавіта-далёка, і Войцік занепакоена зірнуў па баках і насупраць. І ў тое ж імгненне ён сцяўся, знерухомеў, зусім збянтэжаны. На тым баку за адхонам шарэлі ў тумане нерухомыя постаці двух чалавек — адзін, як можна было зразумець, узіраўся праз хмызняк у поле, а другі, тонка падпяразаны і высокі, бы жардзіна, трывожна матлянуў рукой.

— Стой!

Крутнуўшыся на травяністым сціле, Войцік адразу сцяміў, што ўліп. Чамусьці на імгненне здалося, што другі побач з гэтым даўгім — Сушчэня; значыць, навёў, падпільнавалі ўрэшце. Войцік роспачна сігануў па адхоне ўгору; карабін яго, споўзшы з пляча, зваліўся пад ногі, толькі ён ухапіў яго, як туманны прыцемак ззаду агняна пыхнуў ад траскотнай аўтаматнай чаргі. Кулі ўдарылі ў траву на адхоне, здаецца, адна ляснула па карабіне з ціхім вуркатам адляцела ў цемру. Ззаду ўжо закрычалі, злосна і патрабавальна, зноў пратрашчала чарга, здалося, бліжэй; яму ўжо зусім трошкі заставалася гэтага адхону, у лесе ён, можа б, уратаваўся. Але ўсё ж не хапіла якіх пяці метраў, куля з наступнай чаргі імпэтна выцяла пад лапатку — бы загнала ў грудзі гарачы кастыль, ён захліпнуўся, выпрастаўся і паляцеў назад — уніз галавой па мокрым, травяністым схіле. Вінтоўкі таксама паляцелі кудысь з плячэй, ды, мусіць, вінтоўкі яму ўжо былі не патрэбны, ён ужо адчуў, што забіты. Забіты недарэчна, не ў пару, па-дурному, праз сваю неабачлівасць. Нашто ён пусціў Сушчэню...

Ён апынуўся ў быльнягу ля самай канавы, зрок яго заслала чорным туманам, ён удыхнуў — трудна, з клёкатам у грудзях — і не меў сілы выдыхнуць. Пачулася недалёкая гамана, выкрыкі, спярша на шашы, пасля галасы загучалі бліжэй — яго ўжо шукалі. Ён чакаў урэшце пачуць знаёмы голас Сушчэні, каб канчаткова праклясці яго перад пагібеллю, ды не пачуў. Гучней за іншыя чуўся гугнявы, нібы прастуджаны ці задыханы голас чалавека, які гукаў да кагосьці:

— Панімаеш, азірнуўся — стаіць! Ах ты... Недзе тут ён. Хадзі сюды...

— Чакай ты...

— Ды во ён... Ляжыць!

Голас той быў не Сушчэнеў, але надта знаёмы Войціку, які ўжо чуў яго недзе, толькі цяпер не мог прыпамятаць дзе.

— Во вінтоўка! Ну я ж казаў...

Зусім блізка пачуўся шоргат травы, крокі, што болем аддаліся ў Войцікавых грудзях. Затым ён пачуў зморанае хрыплаватае дыханне побач.

— Бандыт, во! — задыхана вымавіў нехта, дужа дзёўбнуўшы яго нагою ў бок.

— Забіты?

— Забіты, мусіць.

Яны ўжо былі ля яго, двое ці болей, нагнуліся, папіхалі ў бок. Войцік не кратаўся і не адзываўся, усё на свеце стала яму чужым і апрыклым. Рэшта жыцця яшчэ трымалася ў ім, але цела было ўжо не яго. Яго заставаўся хіба пякельны боль у грудзях, які засланіў цяпер ад яго ўвесь белы свет.

— Во кабура... пустая. А дзе наган?

— Трэ пашукаць. У траве недзе...

Тое, што спыталіся пра наган, дало зразумець Войціку, што Сушчэні з імі не было, Сушчэня наган не шукаў бы. Яны ўхапіліся за яго дзягу, расшпілілі спражку і выдралі дзягу з-пад цела. Пасля перакацілі на другі бок, пачалі знімаць паддзёўку. Войцік не кратаўся і нават не дыхаў, ён ледзь трываў боль і амаль не адчуваў свайго цела. Яму балюча заламалі руку, здзіраючы рукаў, паліцай злосна вылаяўся, і тады раптам Войцік пазнаў: то быў пляменнік Хмялеўскага Драбіна. Невядома, ці то было прозвішча, ці мянушка, але мінавіта гэтак клікалі ў мястэчку таго даўгалыгага худога мужчыну, што перад вайной паліў печы ў местачковай лазні. Ён жа тады памагаў Кацярыне Іванаўне пілаваць дровы, якімі Войцік падзяліўся з удавою Хмялеўскага. Аднойчы яны нават трохі пагаманілі цераз плот уранку, як Войцік бег у выканком на працу. Цяпер гэты Драбіна, пэўна, не пазнаваў Войціка, ды Войцік яго пазнаў і са спазнелым пакаяннем падумаў: во ўпусцілі, не дадушылі ў свой час. Цяпер прападай. Ад рук во такіх...

Тым часам яны аблапалі яго кішэні, выцягнулі кашалёк з паперамі, лыжку і ладны жалезны складанчык на два лязы са штопарам. Ён яшчэ быў жывы. У грудзях ужо не клёкала, кроў ціха сцякала праз дзірку прадранага на локцях світэра на сцюдзёны травяны дол. Урэшце яны адступіліся, і ён падумаў: прыйдзецца канаць. Усведамленне задоўжанай смерці нават спалохала яго — як вытрываць яму, калі доўга? Лепш бы адразу. Але ён не мог ні азвацца, ні нават заенчыць — мог толькі ляжаць тут, нібы труп, і ціха сплываць крывёю.

Ліпкая млявая знямога ўрэшце пачала засціць ягоную памяць, ён то забываўся, то пачынаў разумець, штó здарылася, і адчуваць пад сабой стылую вогласць травы. Неяк падумаў, што яны пайшлі, і тады ў ім пыхнула кароценькая надзея: а раптам... А раптам яшчэ ўратуецца. Можа б, Сушчэня... Аднак ён не паспеў нічога дадумаць — пэўная думка яшчэ не аформілася ў яго змарнелай свядомасці, як блізкім абвалам зноў затаўкліся таропкія крокі побач.

— Гамашы ў яго! — надта гучна ўначы прагучала паблізу, і Войцік адчуў балючы ўдар па назе ля калена.

— Давай хутка...

Паліцай, мусіць, прысеў ля яго на кукішкі, Войцік адчуў гэта па стомленым выдыху побач, і ўзяўся здзіраць з ног гамашы. Адзін з натугай садраў, не разбэрсваючы, на другім спярша разарваў пальцамі вузлаватыя шкуматы-завязкі. І тут, мабыць, яму штосьці ўчулася, паліцай насцярожыўся і брыдка, разлютавана вылаяўся.

— Ах ты смоўж!.. Жывы яшчэ...

— Стрэльні, і айда, — данеслася здаля, ад шашы, — то быў голас таго ж Драбіны. Побач шчоўкнуў затвор, і Войцік паспеў адчуць толькі, як агняна-сляпучая бліскаўка пыхнула ў твар...

Сушчэня тады перайшоў шашу, пераскочыў неглыбокую сухую канаву і з астатняе сілы ўскараскаўся на супрацьлеглы адхон. Ззаду і на дарозе ўсё было ціха, у тумане яго не маглі згледзець здалёк, а зблізку не было нікога. Па гэты бок ад шашы хвой ужо не было, адразу за тэлеграфнымі слупамі з сякім-такім хмызам унізе пачынаўся нешырокі сенакосны прасцяг, воддаль за якім у тумане зноў шарэла кустоўе, — там, ведаў Сушчэня, цякла рэчка Рэса. Каб найхутчэй аддаліцца ад шашы, Сушчэня наўпрасткі пашыбаваў да таго кустоўя, мяркуючы, што Войцік неўзабаве дагоніць яго. Задыханы, ён пралез нешырокі алешнікавы гушчар і спыніўся, зваліў з сябе Бурава. Далей зноў быў адхон з драбналессем, і недалёка ўнізе пад абрывам бліскаў праз туман нешырокі паварот ракі — мабыць, тут трэба было пашукаць, дзе цераз яе пералезці. Але спярша трэба было дачакацца Войціка.

Толькі Сушчэня бокам зморана апусціўся ля Бурава, як ззаду, на шашы, раздаўся прыглушаны крык — незразумелы, але, як здалося Сушчэню, страхавіта-пагрозлівы, і зараз жа дробна пратрашчала чарга, за ёй другая і трэцяя. Сушчэня спярша ўгнуўся, прыпаў да зямлі, потым успомніў пра свой наган і дрыготкамі пальцамі выдраў яго з кішэні. Нейкі час ён не ведаў, што яму трэба рабіць — затаіцца, уцякаць ці бегчы насустрач Войціку, які, пэўна, трапіў у бяду. Чэргі і яшчэ трашчалі, між іх чуліся глухаватыя крыкі, толькі адсюль ён нічога зразумець не мог — невядома нават, на якой мове крычалі. На шчасце, аднак, крыкі не набліжаліся, яны гучалі ўсё ў выемцы, там жа трашчалі і стрэлы; куляў тут не было чуваць, значыць, стралялі не ў гэты бок. Урэшце Сушчэня наважыўся і крадком з наганам у руцэ прадраўся праз край алешніку, асцярожна паглядзеў праз хмызняк.

Добра ўжо затуманеная вечаровым прыцемкам сенажаць ляжала пустая, Войціка нідзе не было, і Сушчэня сумеўся зноў: што ж яму цяпер тут рабіць?

Тым часам стрэлы на дарозе спыніліся, з туманнай цішы нядоўга даносіліся глухаватыя галасы, але не крыкі, падобна, там гаманіла некалькі чалавек запар, але зноў, на якой мове — зразумець было нельга. Нарэшце ляснуў адзіночны стрэл, і ўсё сціхла. «Што яны там нарабілі? Што нарабілі?» — білася ў галаве ў Сушчэні недарэчная думка-пытанне. Але што нарабілі — няцяжка было здагадацца, ды ён не хацеў верыць у тое — ён ўсё ўзіраўся ў прарывістую грыўку кустоўя каля шашы пад слупамі і чакаў, што адтуль паявіцца Войцік. Ды Войцік не паяўляўся, ад стомы і непружання ў Сушчэні пачало дваіцца ўваччу. Ён і не заўважыў, як зусім змерклася — змрочны туман зусім праглынуў хмызняковы шнурок пад правадамі, сцяну хвой па той жа бок шашы, неўпрыкмет заслаў і нешырокі прасцяг сенажаці. На трохі яшчэ светлаватым небе ўгары адбілася чорнае сучча алешын — настала ноч. Нядоўгая трывога на шашы ўляглася, галасы змоўклі, падобна было, што там усё затаілася. Ці, можа, яны паехалі? Але маторнага грукату ён не пачуў, хіба там не было аўтамабіляў? Тады што там было і адкуль узялося?

Усё не ў стане саўладаць з хваляваннем, Сушчэня вярнуўся назад, да Бурава, які, даўно абыякавы да ўсяго, ляжаў на спіне пад кустоўем. Тут ён пастаяў і паслухаў, думаючы, што мо Войцік паявіцца з іншага месца. Толькі дарма. На лесавых прасторах заўладарыла золкая восеньская ноч, ад рэчкі несла зябкаю сырасцю, а Войціка нідзе не было. Але куды ж тады было падацца Сушчэню? Сцяміўшы, што, мабыць, Войціка тут не дачакацца, ён аж здрыгануўся знячэўку — гэта было жахліва... Мала таго, што Бураў, дык яшчэ і Войцік! Што ж тады ён адзін без іх, куды ён падасца?

Ён выйшаў з кустоўя, ступіў некалькі крокаў па сенажаці, паслухаў. Цяпер ужо можна было не хавацца, у змроку начы і зблізку няшмат чаго можна было згледзець. Хуткім крокам Сушчэня прайшоў па траве ўздоўж кустоўя, перадумаў — пайшоў у другі бок. Увагу яго ўсё цягнула да сябе шаша, пэўна, трэба было падысці туды. Ён баяўся: там маглі сядзець ворагі, пільнаваць яго або Войціка, калі таму пашчасціла ўцячы. Але тое месца, дзе ён перайшоў шашу і дзе павінен быў перайсці яе Войцік, уладарна цягнула яго да сябе, і Сушчэня наважыўся. Праўда, ён не пабег наўпрост цераз сенажаць, а павярнуў наўзбоч, даў добрага крука, пакуль абышоў тое злашчаснае месца і ля тэлеграфнага слупа з падпорынай вылез на адхон. Адхон тут быў яшчэ болей высокі, удзень, мусіць, дарогу з яго можна было бачыць далёка. Але гэта ўдзень. Цяпер жа ні здалёк, ні паблізу нічога не было відаць, у выемцы, нібы ў праваллі, трохі курэў змрочны туман. Сушчэня прысеў на адхоне, пасядзеў, паслухаў. Пасля з наганам у руцэ ашчадна, каб не паслізнуцца, спусціўся да шашы, перабег яе па сырым гравію і ўскараскаўся на адхон насупраць. Ніхто яго не ўбачыў; нідзе ніхто не азваўся. Тады ён дужа асцярожна, праз кожныя пяць крокаў спыняючыся, пачаў красціся да таго месца, дзе пераходзіў шашу на той бок. У травяністым доле і асабліва ў выемцы нічога не было відаць, і ён болей спадзяваўся на сваё адчуванне, калі шукаў тое месца. «Здаецца, недзе тут блізка, — урэшце падумаў ён, добра такі пратупаўшы пад адхонам. — Ці, можа, далей...» Так разважаючы, ён згледзеў у тумане ледзьве прыкметны бляск лужыны і ўзрадаваўся, зразумеўшы, што праходзіў менавіта тут. Але што з таго? Войцік мог пайсці іншым шляхам, мог наогул не выйсці з лесу... Усё ж Сушчэня прайшоў раз і другі па адхоне, паўзіраўся ў чорныя баравыя нетры паблізу. Нідзе не было нікога... Зрэшты, Войцік мог і ўцячы, ці яны маглі забіць яго і забраць з сабой. Шмат было магчымасцей у ворагаў, а вось у яго, здаецца, ужо не засталося ніводнай.

Пастаяўшы на адхоне і нявесела разважыўшы, ён з апанураным сэрцам пачаў спускацца ўніз. І нечакана ў траве натрапіў нагою на штось мяккае, хапіў рукою і пазнаў: то была кепка. Жорсткая суконная кепка з цвёрдым даўгім казырком — знаёмая кепка Войціка. Аж спалохаўшыся ад тае знаходкі, ён замітусіўся на адхоне, прабег паўз канавы і ў стаптаным быльнягу ледзьве не наскочыў на чалавека. Цёмнай нерухомай купінай той ляжаў ніцма, і штосьці белае на ім выразнаю плямай свіцілася ў змроку.

Поўзаючы на каленях, Сушчэня абмацаў яго — то быў Войцік, і быў ён нежывы, ужо стаў халодны, як і зямля, на якой ляжаў. Вінтоўкі нідзе не было, паддзёўку з яго, мабыць, здзерлі, гамашы таксама — за адной нагой валаклася ануча, другая нага была босая. Кішэні штаноў матляліся вывернутыя, мабыць, шукалі зброі ці якой маёмасці, — забілі і кінулі. Сам не адчуваючы сябе ад страхавітага хвалявання, Сушчэня ўпоперак на плечы ўзваліў шчуплаватае цела Войціка і подбегам адолеў шашу. Трохі цяжэй было ўзлезці на адхон. Але наўкола па-ранейшаму ляжала цішыня, нават не гулі правады ўгары, і ён, гучна дыхаючы, кінуўся па сенажаці да рэчкі.

Апошнія крокі да таго месца, дзе ляжаў Бураў, ён ужо ледзьве брыў, знясілены раптоўнаю стомай, неяк усё ж датупаў з забітым на плячах да другога забітага і разам з ношаю ўпаў на дол. Здаецца, сілы ў яго ўжо не засталося, бо не засталося надзеі, усё зайшло ў абсалютны тупік, і толькі яшчэ недарэчна доўжылася яго жыццё, якое цяпер немаведама навошта яму. Што яму рабіць цяпер з ягоным жыццём, чым яму абараніць яго і ці варта абараняць наогул? Каму будзе шчасце з таго абароненага ім жыцця? Хто ўзрадуецца таму жыццю, калі самому яно ўжо не на радасць, а на беспрасветныя злыя пакуты.

Трохі паляжаўшы, ён заварушыўся, сеў. Выпрастаўшы ногі, сядзеў на золкім доле пагорка. Праз туман і голае вецце кустоўя ўнізе па-начному цьмяна і санліва паблісквала рака, і ляжалі побач двое забітых. Дзіўна, яны прыехалі на станцыю, каб забіць яго, ды ўсё атрымалася інакш: ён вось жывы, а яны мёртвыя. І во дзіва: яму няма з таго радасці. Нібы ён сам таксама ўжо мёртвы.

Сушчэня трохі пацягнуўся, паправіў Войціка — перакаціў яго на спіну. Пасля, падумаўшы, стаў на калені, падцягнуў яго танклявае, нібы ў падлетка, цела, паклаў побач з Буравым. Два партызаны, як у страі — плячо ў плячо. Толькі адзін босы, а так абодва ў кашулях, без шапак. Старэйшы і малады. З вольнымі рукамі, без зброі.

Зброя была ў яго — чорны міліцэйскі наган з сямю патронамі ў барабане. Але нашто яму сем патронаў? Яму патрэбны ўсяго адзін. Каб падвесці апошні рахунак жыццю. Ці выкараскацца з гэтага тупіка, у які яго загналі немцы, вайна і жыццё... Сумленна, як усе, на роўных правах з людзьмі жыць ён не мог, а несумленна ён не хацеў. У яго была жонка, радня, рос сынок Грышачка, як было класці пляму на іхнія лёсы? А не запляміць было ўжо немагчыма. Насуперак свайму жаданню, усім сваім намаганням. Што ж яму яшчэ засталося?

Ну, але, што ж, мусіць, усё мае свой сэнс і свае законы. Чалавек не ўсё можа. Часам ён не можа нічога. Загінулі ж гэтыя людзі, партызаны і патрыёты, чым ён лепшы за іх? Ён жа ў іх смертны час быў разам з імі і ўжо хоць бы таму заслужыў такую самую смерць? Хай яму даруюць людзі, жонка Анэля, сынок. Ён заўсёды стараўся быць добрым мужам і бацькам, ды вайна ці няшчасны лёс сталі мацней за яго. Бог ведае, як ён любіў іх і колькі натрываўся за іх! Мусіць, было б усё інакш, калі б не гэтая яго любоў, якую скарысталі з разлікам тыя, што загналі яго ў гэтую пастку, пакінуўшы іх заложнікамі. Немец Гросмаер скруціў яго лёс, але ён не пераможа ягонае волі. Ягоная вольная воля — можа, тое адзінае, што засталося непадлеглым нікому. Усё ж ён памрэ на свой выбар... Хай хоць гэта суцешыць яго ў яго горкай долі. Іншага суцяшэння сабе ён ужо не знаходзіў...

Золкай туманнай ноччу група падрыўнікоў партызанскай брыгады «Дзядзі Сашы» прабіралася на шашу, каб замініраваць мост цераз Рэсу. Хлопцы трохі заблудзілі звечара і выйшлі на дарогу ўбаку ад моста. Каб зноў не блукаць паначы і зэканоміць час, паціху пайшлі над адхонам. Ішлі моўчкі, насцярожана, след у след за пярэднім — старшым групы, вайсковым сяржантам з акружэнцаў. Вёсак паблізу тут не было, паліцыя ўначы не надта гойсала гэтай лесавой дарогай. Але ўсё ж...

Але ўсё ж трохі ўбаку і зводдаль нечакана раздаўся стрэл — нягучны шчоўкнуў у тумане, і хлопцы ўсе разам прыселі. Ды стрэлаў больш не было. Хвойны бор за дарогай моўчкі чарнеў у туманным паўзмроку, па другі бок, за сенажаццю, наогул няшмат што было відаць. Недзе ўгары, за аблокамі, ужо ўзышоў месяц, трохі падсвятліў ноч, якая, аднак, мляўка таілася ў шэрай туманнай навалачы.

— Так, балуецца нехта... Дурак нейкі, — ціха сказаў той, што ішоў за старшым. Старшы недаверліва пакруціў галавой у пілотцы, паслухаў і, мабыць, нічога больш не ўчуўшы, засцярожліва пайшоў далей.

Іншыя павалакліся следам.

Іхні галоўны клопат чакаў іх наперадзе.



  Васіль Быкаў.
Distributed by Беларуская Палічка