Васіль Быкаў

Жоўты пясочак


Іх везьлi ноччу па цёмных гарадзкiх вулiцах кудысь прэч ад турмы, але ў якi бок гораду — Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не сьвяцiлася нiдзе нават маленькай шчылiны, i нi ўнутры, нi знадворку нiчога не было вiдаць. Аўтух сьпярша думаў, што трапiў у страхавiты "чорны воран", пра якога начуўся ў турме i нават раней - на вёсцы. Але, мабыць, то быў ня "чорны воран", бо, як ён згледзеў уначы, калi iх вывелi на турэмны падворак, была гэта машына хоць i вялiкая, але ня чорная. I нешта кароткае было напiсана на яе баку, ды ён не разабраў, што — не далi. Пачалi штурхаць, каб хутчэй залязалi ў яе цёмнае нутро, а ў яго якраз разьвязалася аборына на лапцi, i ён, сагнуўшыся, узяўся яе завязваць. Ды тут жа атрымаў злога высьпятка ў зад — гэта той канвой цi як яго — малады танклявы вайсковец з вусiкамi, якi сёньня распараджаўся iмi. Аўтух таропка ўлез у машыну, дзе ўжо сядзела чалавек шэсьць ягоных спадарожнiкаў, i стулiўся ля самых дзьвярэй, якiя тут жа з бразгатам зачынiлiся. Машына папаўзла-паехала з падворку, праз браму, затым па вулiцах, паварочваючы то ў адзiн бок, то ў другi. Леваруч ад Аўтуха сядзеў мужчына ў скуранцы, якога напачатку, як арыштавалi, Аўтух бачыў у кабiнэце сьледчага. Але цяпер Аўтух ня мог зразумець, чаму той тут? Цi таксама арыштаваны, цi вязе iх у якую iншую турму? А можа — на волю? Бо завошта караць Аўтуха, якi зь яго польскi шпiён? У Польшчы ня быў нi разу, мала што жыў пры мяжы. На хутары. I аднаасобна…

Во ў тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён за год натрываўся столькi, што iншаму хапiла б на ўсё жыцьцё.

— Гэ, таварыш… А, таварыш, — далiкатна папiхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. — Ня ведаеце, куды гэта нас?

— На кудыкiну гару, — не адразу i зласьлiва адказаў сусед, нядаўнi сьледчы ўправы НКВД Сурвiла.

Гэты Сурвiла ня тое, што Аўтух, — ён i ў цемры, з заплюшчанымi вачыма мог вызначыць iхны маршрут. Даўно i добра ён ведаў гэтую дарогу — ад гарадзкога цэнтру да ўскраiны i далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было наркамацкае стрэльбiшча. Некалi сам туды вазiў такiх жа, асаблiва як служыў у камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялi ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на практыкаваньне ў стральбе з асабiстае зброi — пiсталета ТТ. Раней усе чэкiсты ўправы былi ўзброеныя рэвальвэрамi сыстемы "наган", а летась у першую чаргу сьледчым выдалi новенькiя ТТ — спрытныя такiя, пляскатыя пiсталеты з чорнымi шчочкамi на рукаятках. Зь iх i стралялi. Ён тады здаў практыкаваньне на "добра". А цяпер тыя практыкаваньнi будуць здаваць iншыя. На практыцы. На iхных патылiцах…

Па тым, як машыну стала кiдаць з боку на бок, Сурвiла зразумеў, што яны выяжджалi з гораду. Недзе збоч у цемры тулiцца невялiкая прыгарадная вёсачка, а iх чакае паворотка ўлева, ад якой… Ад якой да мэты, да апошняй мяжы, лiчы, што-нiшто, засталося якiх паўгадзiны часу, i ўсё. Усё назаўжды скончыцца.

Тое, што хутка ўсё скончыцца, яго, аднак, ня дужа i турбавала. Да таго ён гатовы быў месяц таму, нават да суда, ведаў, яго не памiлуюць. Стрэльнуць. Бо тое, што яму прад’явiлi для абвiнавачаньня, увогуле было папраўдзе: дапушчаў i перавышэньне, i незаконныя мэтады — i бiў, i ламаў косьцi — "даваў дразда". Але ж хiба ён адзiн? У iхнай управе так працавалi ўсе, — старалiся, ня спалi начэй, выбiвалi ўсё, што можна было выбiць з арыштаваных. А тыя, праклятыя ворагi, таксама маталi iм нэрвы, нiзашто не хацелi прызнавацца - выкручвалiся, ашуквалi сьледчых, i нават, ужо падпiсаўшы прызнаньне, адмаўлялiся ад яго на судзе. I ўсё бубнiлi сваё: нiчога ня ведаем, нi ў чым не вiнаватыя. Ня шкодзiлi, не шпiёнiлi, нiкога не вэрбавалi. Трэба было выбiць — i прызнаньне, i сьведчаньне, — прозьвiшчы, даты, сустрэчы. Часам перабiраў, гэта праўда. Але ж на карысьць справы, не для сябе. Той Сёмух сканаў у ягоным кабiнэце. Што сканаў, бяда не вялiкая, але, сканаўшы, забраў усё з сабою. А на яго была надзея. Як добра далi, пачаў што-нiшто паказваць. Думалi, празь яго раскруцiць усю iхную арганiзацыю, да таго iшла справа. А ён узяў ды сканаў…

Купцова застрэлiў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кiнуўся на яго з кулакамi. А кулакi ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такiя, што двума ўдарамi мог увагнаць у падлогу. Добра, Сурвiла пасьпеў прымянiць зброю. Так што, як глядзець, як вiнавацiць. Калi строга, паводле новай правазаконнасьцi, дык, можа, i правiльна, — ён вiнаваты. А калi паводле рэвалюцыйнай, пралетарскай… Зрэшты, ён ня дужа i апраўдваўся - прызнаў усё. Але ў глыбiнi душы хацелася спадзявацца, што пакараюць ня надта. Усё ж ён не такая контра, ня польскi шпiён цi беларускi нацыяналiст. Ён жа свой брат чэкiст. Павiнны ж на тое зважаць. I цяпер яму крыўдна, што ня зважылi на розьнiцу памiж iм i сапраўднымi ворагамi народа, пiхнулi ў гэтую машыну зь iншымi разам. З гэтымi шпiёнамi i шкоднiкамi, нацыяналiстам i нават недарэзаным буржуем. Кiнулi ў адну машыну i яшчэ, глядзi, кiнуць у адну яму. Але ж гэта яўны апартунiзм, правы ўхiл. Цi нават шкоднiцтва ў самiх органах.

У машыне панавала цiшыня, толькi чуваць было, як ляскаюць колы па бруку ды штось паскрыпвае ў куце буды, асаблiва калi машына трапляе на выбаiну.

— Гэтак! На кудыкiну, кажаце? — ня мог чагосьцi ўцямiць Аўтух i зусiм апанурыўся ад кепскага прадчуваньня. Вiдаць, тое прадчуваньне дужа яго гняло, i ў хуткiм часе ён зноў заварушыўся ў цемры. Недзе тут паблiзу сядзеў ягоны зямляк, нават аднавясковец, хоць i ўдвая маладзейшы за яго, з гэткiм самым прозьвiшчам Казёл. Як навучыўся на настаўнiка i пачаў пiсаць вершы, дык зьмянiў тое нягеглае прозьвiшча на лепшае i падпiсваўся пад вершамi, што часам друкавалiся ў газэтах, Фэлiкс Гром. Праўда, Аўтух вершаў не чытаў, толькi чуў пра iх ад людзей. Зрэшты, пра вершы на сьледзтве зь iм гаварылi мала, болей пра тое, як гэты Фэлiкс Казёл-Гром завэрбаваў Аўтуха ў сваю шайку. Цяпер Аўтух цiха паклiкаў:

— Фэля, а Фэля?

— Ну! — пачулася здаля ў машыне.

— Куды гэта нас вязуць?

— На выкананьне прыгавору, — зь нядобрым надломам у голасе адказаў Фэлiкс. I менавiта гэты выразна адчуты надлом яшчэ болей устрывожыў Аўтуха.

— Няўжо на расстрэл?

— А ты думаў…

— Але ж… Я дык думаў… Можа, яны…

— Памаўчы лепш! — абарваў размову зямляк, якому, вiдаць па ўсiм, было не да таго.

Сапраўды, размаўляць Фэлiксу Грому было проста неяк, пасьля допыту ў яго душа балела ў грудзёх, было не ўздыхнуць. Ён толькi падзiвiўся дзiцячай няўцямнасьцi дзядзькi Аўтуха — ня ведае, куды вязуць, цi ня хоча паверыць, што ўсё ўжо скончана. Пазаўчора быў суд — дзесяць хвiлiн чыткi загадзя нарыхтаваных папераў, зь якiх яшчэ да прысуду ўсё стала зразумела. Вiдаць, нiчога не зразумеў з таго ягоны аднавясковец Аўтух. Цi ўсё думае пра сваю пакiнутую аднаасобнiцкую гаспадарку пад лесам?

Фэлiкс Гром даўно перастаў думаць i пра родную вёску, i пра Менск, дзе жыў i вучыўся, як паступiў у пэдагагiчны тэхнiкум, i нават пра сваю паэзiю, зборнiк якой ужо падрыхтаваў да друку i вясной здаў у выдавецтва. Цяпер яму ўжо не пабачыць таго зборнiка, якi, вiдаць, пакаралi раней за аўтара. У час сьледзтва на допытах розныя сьледчыя наперамен цытавалi старонкi ягоных арыштаваных вершаў — чыталi, крэмзалi i падкрэсьлiвалi рознымi алоўкамi, пiльна шукаючы хiтра замаскаванай крамолы. Блiскае ранiца агнiстая на хмарах восенi маёй… Што значыць гэтыя вашы хмары? Анiчога, апроч таго, што значаць хмары наогул. Э, не, у паэзii хмары — гэта нешта iншае, казалi лiтаратуразнаўцы з наганамi на баку. Гэта на небе хмары ёсьць хмары, а тут штосьцi iншае. Таемнае. Дык што такое гэтыя хмары? Што вы разумееце пад ранiшнiмi хмарамi?

Ён нiчога не хацеў разумець пад хмарамi, затое нешта разумелi яны, але яму не казалi. Ён павiнен быў сам здагадацца пра iхныя думкi i падказаць ад сябе. Вось тое было б прызнаньне, якога гэтак дамагалiся ад яго, i яму было б куды лепей. Але ён не здагадваўся й не прызнаваўся. Тады яго бiлi — палкай па нагах, ботам у грудзi, не давалi спаць трое сутак.

А пасьля пачалi шыць шпiянаж на карысьць Польшчы. I прыплялi да яго дзядзьку Аўтуха, што жыў за вёскай на хутары i не ўступаў у калгас. А ён з тым Аўтухом па сутнасьцi i гутарыў усяго адзiн раз летась, як прыяжджаў зь Менску да хворага бацькi. Тады хадзiў пазычыць каня, каб зьезьдзiць да доктара. Ды дзядзька Аўтух каня ня даў, сказаў узяць у калгасе, а яму трэба пасьпець звазiць сена, бо зьбiралася на дождж. I гаворкi ў iх было якiх пяць хвiлiн. I вось цяпер за тыя хвiлiны - расплата. Абодва — да вышэйшай меры.

— Ну што вы не пасядзеце? Усё тузаецеся, як на патэльнi, — пачулася незадаволеная буркатня ў цемры.

— Ды каб выглянуць дзе. Тут жа вёска мая Зялёны Луг, — адказаў той, што тузаўся.

— Ты ж гарадзкi, казаў, — азваўся ад дзьвярэй Сурвiла. — Паказваў на допыце: з Камароўкi.

— То ж жыў на Камароўцы. Як на чыгунцы рабiў. А нарадзiўся ў Зялёным… Да.

— Во — выясьняецца! — мовiў Сурвiла. - А то ўсё — рабочы, чыгуначнiк. Блытаеце нешта, Шастак.

— Нiчога ня блытаю. Паходжаньнем зь вёскi. Але ж рабочы. Тое трэба ўзяць пад увагу. I парцейны!

— Быў, — каротка абвясьцiў Сурвiла.

Рэплiка былога чэкiста зачапiла балючую струну ў параненай душы рабочага Шастака, якi загаманiў, як пра што недагаворанае i балючае.

— Быў i астаюся. Ужо не адмоўлюся, не такi. Перад парцiяй я чысты.

Машыну моцна трасянула на нейкай калдобiне, паэт Фэлiкс Гром аж войкнуў ад болю ўсярэдзiне. Хтось сьпераду ў цемры вылаяўся:

— Падлы! I перад канцом ня могуць па-людзку! У бога-душу iх маць!..

— А цiшай нельга? — зласьлiва папракнуў Сурвiла.

— А што цiшай?! Цiшай-цiшай! Ды пайшлi вы…

— Ты хто? Як прозьвiшча?

— А табе што? Ты сьледчы?

— А хоць бы й так.

— Ну, Зайкоўскi. Калi сьледчы, дык, мабыць, запiсана ў вашым сратым прыгаворы. Такую iх маць… Ды не навальвайся ты гэтак, буржуйскi чмур! — вызьверыўся ён на кагосьцi ў цемры. — У мяне во рука зламаная…

Здаровай рукой Зайкоўскi пiхнуў у плечы суседа, якi на паваротах няўзнак дужа хiлiўся да яго i вярэдзiў зламаную лапатку. Пералом быў нутраны, закрыты, стаўся якi тыдзень таму на допыце, калi яго з паўгадзiны ахаджвалi два сьледчыя — малады, танклявы, як глiст, i пажылы - вусаты, з ордэнам на гiмнасьцёрцы. Дабiвалiся падпiсаць, што ён польскi шпiён, зьвязаны з дыфэнзывай, па прозьвiшчы Млынец. Але Зайкоўскi ня быў лазутчыкам, тым болей Млынцом, бо быў звычайны маскоўскi грабежнiк, якi надумаў ратавацца ад крымiнальнага вышуку ў Менску. У Маскве за iм лiчылi аж восем рабункаў, хоць, папраўдзе, грабянуў ён болей (цi не чатырнаццаць) i ўсё неяк выкручваўся, не даваўся ў рукi нi крымiнальнаму вышуку, нi ГПУ, нi мiлiцыi. Аж покуль яго ня выдала палюбоўнiца Вандзя. Подлая стукачка Вандзя сьпярша прыгрэла, а затым прадала. Добра, што ён такi вёрткi i ўцёк зь мiлiцыi, замачыўшы аднаго мiльтона. I скемiў, што ў Маскве ягоныя справы скончылiся, трэба рваць кiпцi. Тады ён успомнiў, што ў Менску некалi пражываў ягоны дзядзька, зь якiм ён ня бачыўся ад самага нэпу. Прыехаўшы, доўга шукаў патрэбны яму нумар на нейкай Заслаўскай вулiцы, а як знайшоў, зразумеў, што даў маху: дзядзька кудысьцi вытрахнуўся, у зялёным, з садком дамку жылi iншыя людзi, якiя пра дзядзьку й ня чулi. Дзе было яго шукаць i дзе начаваць нават? Пайшоў на вакзал. Ведаў жа: вакзалы — ня самае лепшае месца для такiх, як ён, валацугаў. Але здорава нахадзiўся за дзень, прытамiўся, якраз лiнуў дождж, i ён думаў пасядзець крыху, абсохнуць. Ды не стрываў — заснуў. На вакзале яго i ўзялi. Проста гэтак, з усьмешкай два мiльтоны папрасiлi прайсьцi. Во i прайшоў свой надта кароткi, блытаны шлях — ад вакзальнай лавы да лавы падсудных. I цяпер — вышэйшая мера.

Каб ня гэтая лапатка, ён бы, ведама, рызыкнуў. Было яшчэ сiлы, яшчэ ня ўсю яе выбiлi на касталомных допытах. Але з такой лапаткай, лiчы, аднарукi. А з адной рукой — квiты, i кранты. I Зайкоўскi толькi кусаў вусны — ад болю i роспачы, што нiчога ня мог перайначыць у сваiм недарэчным лёсе.

Мiж тым, аблаяны iм буржуйскi чмур Валяр’янаў адхiснуўся ад сварлiвага суседа i не прамовiў нi слова. Наогул ён мала зважаў на тое, што рабiлася навакол, i звыкла жыў у сьвеце ўласных думак — адзiным сьвеце, у якi мог не пушчаць нiкога. Нават у турме. Нi з кепскiм, нi з добрым, якое ў гэты пракляты час магло лёгка ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Як i звычайная чалавечая спагада, прыветнасьць, што абарочвалiся няшчасьцем. Стрыечная сястра Валяр’янава, што пасьля вайны апынулася ў Кракаве, выпадкам дазналася пра гаротны лёс брата, якi зарабляў на хлеб рахункаводам у Менску i гадаваў двух маленькiх дзяўчатак. Сястра паспагадала. Вясной пад каталiцкi Вялiкдзень Валяр’янаў атрымаў на пошце маленькi пакуначак зь нетутэйшымi штампамi, i знайшоў там дзьве дзiцячыя сукеначкi, белыя панчошкi, безапасную брытву для сябе i пакецiк цукерак у блiшчастых абгортках. Для ягоных дзяўчатак то была вялiкая радасьць, ды й ён парадаваўся — найбольш першай за пятнаццаць гадоў вестачцы ад сястрычкi-гiмназiсткi, якую, думаў, назаўжды страцiў у дзевятнаццатым годзе, калi яны разьвiталiся ў Кiеве. Аднак нядоўгаю была тая iх радасьць. Не мiнула i месяца, як неяк пад ранак у дзьверы пастукалi. Жонка Дуся ўскочыла з ложка i адразу залямантавала — яна ўжо прадчувала, што гэта такое. Ды й ён здагадаўся адразу, адчынiў дзьверы i ўжо не зачынiў iх — зачынiлi за iм чужыя. Таксама як i за жонкай, якая бiлася ў iстэрыцы i крычала, i кiдалася на кожнага з цэлай зграi чэкiстаў, што пераварочвалi ў iхным пакойчыку ўсё дагары дном. Ужо назаўтра тыя сукеначкi i панчошкi сталi на сьледзтве рэчавымi доказамi ягоных шпiёнскiх сувязяў з польскай разьведкай.

Гэта быў яго шосты арышт пасьля рэвалюцыi. Ён ужо стамiўся апраўдвацца i на допытах збольшага маўчаў, прымаючы зьнявагi i пабоi як штось правамернае i заслужанае. Памiж допытамi жыў у роспачных успамiнах аб сваiм даўнiм, дарэвалюцыйным, гэткiм не падобным на цяперашняе, жыцьцi. Хоць i там было рознае, але была вучоба, вайсковая служба i нават два перадваенныя падарожжы — у Баварыю i Аўстрыйскiя Альпы. У Кракаве ён нiколi ня быў i ня думаў, што гэты незнаёмы горад так трагiчна прычынiцца да ягонага лёсу.

Часам бывала, калi трохi сьцiхаў вэрхал у камэры, Валяр’янаў малiўся — размаўляў з Богам. Прасiў у яго — не за сябе — за двух маленькiх дзетак, што засталiся цяпер немаведама дзе. Болей яму малiцца не было за каго. Прасiць Бога за жонку, мабыць, ня мела сэнсу — ведаючы яе характар, Валяр’янаў думаў, што па-добраму зь ёй не абыдуцца. А на зло яна кiдаецца, нiбы тыгрыца, не паглядзiць, хто перад ёй — сьледчы, канваiр цi нават начальнiк турмы, яна ня зважыць нi на чын, нi на сiлу. Арыштаваўшы, чэкiсты павялi яе са зьвязанымi рукамi. З уласнага досьведу Валяр’янаў ведаў, што такiя характары ў турме доўга не вытрымлiваюць. Або iх забiваюць, або яны - самi забiваюць сябе. Страцiўшы ў рэвалюцыi першую жонку-дваранку, ён ажанiўся з дворнiкавай дачкой Дусяй, думаў, што цяпер прыйшоў iхны час. Але памылiўся. Час настаў, вiдаць, зусiм непрыдатны нi для тых, нi для iншых. Не далi жыць з Дусяй, не далi жыць i самой Дусi. I во засталiся цяпер дзьве дзяўчынкi-дашкольнiцы, што зь iмi будзе?

Пра тое, што неўзабаве будзе зь iм самiм, Антон Аркадзевiч ня надта турбаваўся, ён разумеў, што прысуд яму вынесены не пазаўчора, а мабыць, яшчэ ў сямнаццатым. I то цуд, што ён пражыў пасьля яшчэ столькi гадоў, — тэарэтычна тое было немагчыма, — практычна ж неяк атрымалася. Толькi навошта? Што далi яму тыя дадатковыя гады жыцьця? Несканчоную плойму страху, клопату, рызыкi — за сябе, за жонку, за малых дзяцей. Усё ж, мабыць, кепска ён зрабiў, што ажанiўся i пусьцiў на сьвет галоту, бязбацькавiчаў. На што спадзявацца малечы бяз бацькi i маткi — на добрых людзей? Але дзе тыя добрыя людзi. Вывелiся дарэшты. Асталася надзея на сьвятое правiдзеньне, на Госпада, якi няўжо не паможа? Няўжо ня возьме пад сваю боскую апеку маленькiх бездапаможных анёлкаў?

Падобна, машына выехала з гораду, а можа, i збочыла з шашы. Рух яе прыкметна запаволiўся, вялiзную буду раз за разам трэсла i хiстала на выбаiнах, часам здавалася, вось-вось яна спынiцца, натужна равучы маторам. Партыец-бальшавiк Шастак таксама добра ведаў гэтую дарогу i беспамылкова вызначыў, дзе яны едуць. Чым далей ад’яжджалi ад турмы, тым ён турбаваўся ўсё болей. У турме за паўгода адсiдкi ён не сказаць, каб надта i непакоiўся — там у яго былi свае абавязкi: дагадзiць сьледчым, запомнiць i як мага дакладней перадаць iм, пра што гаварылi арыштанты. Ужо другi год Шастак быў членам ВКП(б) i разумеў перадавую ролю рабочае клясы ды ейнага авангарду — партыi бальшавiкоў. Ён няблага працаваў у дэпо, лiчыўся ўдарнiкам. Але калi ўжо здарылася такое, што ён апынуўся ў турме, дык i тут трэба паводзiць сябе, як бальшавiк: памагаць органам выкрываць ворагаў. Усiм ведама, што ворагi — страшэнна хiтрыя людзi, яны ўсё тояцца, хiтруюць i ашукваюць; патрэбныя д’ябальскiя высiлкi, каб iх выявiць i пакараць. I Шастак стараўся. Прыкiдваўся дурнем, распытваў, слухаў i запамiнаў, часам даваў парады. Як гэтаму аднаасобнiку Казлу. Прыгаломшанаму i скатаванаму на першых допытах, параiў яму прызнацца ва ўсiм i падпiсаць, што патрабуюць сьледчыя: маўляў, тады дадуць меней, а то й пусьцяць дамоў. А будзе ўпарцiцца — станецца горш, могуць i шлёпнуць. Казёл, здаецца, паверыў i пакрысе падпiсаў. I праўда, сьледчы Кутасаў Шастака не ашукаў: Казла перасталi цягаць на допыты, той паспакайнеў i пачаў чакаць вызваленьня. Сьледчы пахвалiў Шастака, якi нават парадаваўся за Казла, падумаў, можа, i сапраўды выпусьцяць. Але менавiта пасьля гэтае справы з Казлом штось саскочыла i ў Шастака, падобна, у чымсь западозрылi яго самога. Западозрылi, ведама, па-дурному, нi ў чым ён ня быў вiнаваты, бо ўсё рабiў, як казалi. I тое, што ад яго запатрабавалi падпiсаць паказаньнi аб шкоднiцтве на чыгунцы, сьпярша здалося яму непаразуменьнем. Але ягоны сьледчы Кутасаў растлумачыў, што як член ВКП(б) ён абавязаны не пярэчыць органам, а пасабляць iм у iхнай ганаровай рабоце. I павiнны памятаць, што органы не памыляюцца. Няхай нават каго абвiнавацяць несправядлiва, але так трэба, каб выкрыць асаблiва небясьпечных лазутчыкаў, што зацясалiся ў згуртаваныя рады партыi. Зноў жа нехта павiнны i ахвяраваць сабой, як гэта рабiлi палымяныя рэвалюцыянэры, — дзеля iнтарэсаў рабочае клясы, у iмя вялiкiх iдэяў Ленiна-Сталiна. Партыя ацэнiць усё па-справядлiвасьцi i не забудзе нiчыiх ахвяраў. Такi паварот справы ня дужа падабаўся Шастаку. Натуральна, ён гатовы быў i далей дапамагаць партыi i яе органам, i ўжо нямала зрабiў для таго, але адчуваў, што той шлях, на якi яго падштурхоўваў сьледчы, усё ж тоiць у сабе небясьпеку. Адзiнае, што суцяшала яго, дык гэта тое бясспрэчнае меркаваньне, што партыi лепей вiдаць, мабыць, так трэба, партыя не памыляецца. I, сьцяўшы сэрца, ён пагадзiўся. Падпiсаў паперы, быццам ён, Шастак Мiкалай Iванавiч, зьяўляецца ўдзельнiкам групы шкоднiкаў пад назвай "Наперад за свабоду" (НЗС), якую ачольвае намесьнiк наркама шляхоў зносiн. Сказалi, што ён мог бы ўдзельнiчаць там i па заданьнi органаў, i Шастак ужо ведаў, што бывае й так. Галоўнае — пагадзiцца i падпiсаць, а пасьля на судзе ўсё адкруцяць назад, i яго апраўдаюць. Судзьдзi — яны квалiфiкаваныя чэкiсты, i свайго чалавека з органаў не дадуць у крыўду.

Дагэтуль у Шастака ўсё iшло быццам няблага. Яго ня бiлi на допытах, абыходзiлiся ветлiва, з павагай, здаралася, нават частавалi гарбатай з цукеркамi. А тут нешта перамянiлася. Тыднi два яго зусiм не вадзiлi да сьледчага, быццам забылiся, што ён тут сядзiць i чакае. Пасьля павялi на суд. Шастак думаў, што ў адносiнах да яго суд - пустая фармальнасьць, але на справе аказалася ня так. Не фармальнасьць. Найперш да яго адразу зласьлiва паставiлiся канваiры, сурова сустрэлi судзьдзi. Кароткi злы допыт здаўся яму недарэчным: мусiць, гэтыя судзьдзi ня ведалi, што ў яго iнакшая, чымся ў астатнiх, справа. Пэўна, ня ведалi. Магчыма, сьледчы Кутасаў штосьцi не перадаў iм. Якiх папераў цi якiх указаньняў. I калi яму аб’явiлi: да вышэйшай меры з канфiскацыяй маёмасьцi, ён найперш шчыра зьдзiвiўся. Але тут жа падумаў, што, мабыць, так трэба. Усё ж ён там быў не адзiн — iх было шмат, абвiнавачаных ворагаў народа. Значыць, яго трэба было прыкрываць, каб не западозрылi iншыя. Хоць бы й той самы Казёл Аўтух, якi таксама атрымаў вышку. А пасьля, можа, Шастака i выпусьцяць. Бо завошта ж яго расстрэльваць? Яго ўзнагародзiць трэба за ягоныя пяцiмесячныя турботы ў турме, за паслугi, якiя ён аказваў органам i партыi. Пасьля дзён колькi ён цярплiва чакаў у камэры, ды марна. Тады пачаў патрабаваць сьледчага, таго ж Кутасава. Аднойчы, калi ён, дужа затрывожаны, грукаў у дзьверы, увайшлi два наглядчыкi й пачалi яго бiць. Тады ён адчуў выразна, што ягоная справа дрэнь. Але ўсё роўна не хацелася верыць у кепскае, чакаў, што нарэшце Кутасаў яго паклiча, i ўсё стане, як трэба. А калi ня клiча, то, можа, яго няма ў турме, можа зьехаў куды ў камандзiроўку. У Маскву. Ня мог жа ён забыцца, што ў турме-"амэрыканцы" яго чакае верны памагаты органаў, партыец Шастак.

Ён выглядаў сьледчага ўначы на падворку, як iх вывелi для пасадкi ў машыну, але сьледчага не было i тут. Бы скрозь зямлю правалiўся. Тады Шастак пачаў думаць, што, мабыць, той зьявiцца перад самым расстрэлам i ў апошнi момант адлучыць яго ад iншых. I ён думаў, што галоўнае для яго цяпер, як i раней, — не раскрыцца, не зазлаваць, да канца выканаць свой сакрэтны абавязак. Тады ўсё будзе добра. Павiнна быць добра.

Машыну дужа пахiлiла набок, страсянула, матор, чутна было, гучна зароў, але, падобна на тое, яны спынiлiся. Сурвiла прыкладна вызначыў, дзе — у лагчынцы, дзе заўжды была разьбiтая дарога, i ў мокрыя днi стаялi глыбокiя лужыны. Надоечы якраз пачалiся дажджы, лужыны маглi й пабольшаць. Седзячы ля дзьвярэй, ён слухаў, як пад машынаю марна шархацелi ў каламуцi колы — машына буксавала. Наперадзе бразнулi дзьверцы кабiны, i пачуўся голас — гэта вылез на дарогу памкамэнданта Косьцiкаў, якi цяпер ехаў выканаць прысуд.

— Лявей, лявей бяры ты, ахламон! - раздражнёна гукаў ён да шафёра, якi старанна газаваў маторам. Але машына толькi тузалася на месцы, камякi гразi ляскаталi па яе жалезным днiшчы.

— Дай я…

Пачаў газаваць Косьцiкаў — i дужа, i цiшай, але, падобна, дарма, — яны толькi глыбей садзiлiся ў багну.

Некалi гэтага Косьцiкава, тады маладога хлопца, якi толькi пачынаў службу ў органах, перавялi з раёну ў iхную ўправу турмы. На працы яго першым сустрэў Сурвiла, якi тады заступiў на дзяжурства. Хударлявы, нясьмелы Косьцiкаў уважна слухаў аповед пра заведзеныя ў турме парадкi, абавязковыя строгасьцi з арыштантамi. Усё тут было яму новае, Сурвiла ж ужо меў сякi-такi досьвед. Тады ён параiў маладому чэкiсту, дзе пашукаць кватэру, i той сапраўды знайшоў ладны дамок ля Кальварыйскiх могiлак; неўзабаве запрасiў Сурвiлу на госьцi, i яны добра там выпiлi. Празь нейкi час Сурвiла перайшоў у сьледчы аддзел на павышэньне, а Косьцiкаў застаўся ў камэндатуры на ягонай пасадзе памочнiка камэнданта. Цяпер, калi чэкiсцкая служба Сурвiлы гэтак трагiчна канчалася, як бы той самы Косьцiкаў не заняў ягонае месца ў сьледчым аддзеле. Што ж, Сурвiла ня меў падставы пярэчыць: Косьцiкаў хлопец талковы, сапраўдны чэкiст, не глядзi, што малады гадамi.

Урэшце памкамэнданта, вiдаць, зразумеў, што сiлаю рухавiка з багны ня вылезьцi. Уключыўшы малы газ, ён выскачыў з кабiны i забразгаў засовам машыны.

— Ану — падпiхнём! Ты, Мiкалай, i ты, Казёл, вылазьце!

Яны сядзелi блiзка ля дзьвярэй i згодна паднялiся. Сурвiла рашуча скочыў ботамi ў твань, а Аўтух замарудзiў, ня ведаючы, куды тут ступiць. Але Косьцiкаў зноў злосна прыкрыкнуў, i Аўтух няспрытна плюхнуўся лапцямi ў ваду.

— Давай! Як я скажу, — камандаваў Косьцiкаў, стоячы на ўзбочыне. — Шафёр, паддай газу! Ну, раз, два — узялi!

Што было сiлы яны пачалi пiхаць у зад нiзка аселай буды — Сурвiла з аднаго боку, Аўтух - з другога. Вакол было цёмна. Збоч ад дарогi чарнеўся ў тумане лес, з начнога перадранiшняга неба церушыў дробны дожджык. Колы шалёна кiдалi ў iх ашмёткамi гразi. Сурвiлава скуранка стала хутка макрэць, таксама, як i руды суконны Аўтухоў армяк. Яны дужа старалiся, упiраючыся нагамi ў гразкае дно лужыны, але машына ня зрушвалася зь месца, мусiць, села, як трэба. Калi Косьцiкаў зразумеў гэта, то крыкнуў шафёру, каб перастаў газаваць, - па-дурному палiць бэнзын. Цяжка дыхаючы, Сурвiла з Аўтухом выпрасталiся. У той час з буды пачуўся глухаваты Шастакоў голас:

— Дык гэта… Пусьцiце i мяне. Пасаблю…

— Давай! — сказаў Косьцiкаў i, ступiўшы адною нагой у багну, адчынiў дзьверы. Шастак рашуча скочыў у гразь. Косьцiкаў зноў прычынiў дзьверы.

— А цi трэба? — цiха сказаў да яго Сурвiла.

— Нiчога! — махнуў рукой памочнiк камэнданта. — Не ўцякуць…

Ужо ўтрох яны зноў пачалi пiхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад натугi, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсiм целам тузаўся ў будзе паэт Фэлiкс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б i яму вылезьцi i памагчы, усё ж няёмка сядзець, калi побач надрываюцца людзi. Але яго ня клiчуць i, мабыць, не паклiчуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух цi рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкiста Сурвiлу. Чаго тут гэты Сурвiла, Фэлiкс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалi асобна ад iхнай, i, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цiкавiў паэта. Зрэшты, як i лёсы астатнiх, апроч хiба ягонага земляка Аўтуха. Дзiўна, аднак, што справу камсамольца-паэта зьвязалi з асобаю аднаасобнiка, зь якiм ён нiчым зьвязаны ня быў, апроч хiба таго, што паходзiў з той самай вёскi. Фэлiкс Гром быў ужо заўважаны ў лiтаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапiсьменнасьцi, наўрад цi чытаў нават газэты. Але во зьвязалi абодвух. Не адразу i, мабыць, толькi тут, у турме, Фэлiкс зразумеў, што трапiў у пастку не таму, што пачаў пiсаць вершы, а што пачаў iх пiсаць па-беларуску. Расейскiя вершы не выклiкалi да сябе i дзясятай долi тае ўвагi з боку рэдактараў i крытыкаў, якую выклiкалi беларускiя. I ён думаў цяпер, якi д’ябал падбiў яго да паэзii, тым больш — беларускай. Калi папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую — Пушкiна, Лермантава i асаблiва Фета. Але пiсаць так, як некалi пiсаў Фет, было немагчыма, яго засьмяялi б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з Маякоўскага, якi зусiм не падабаўся Фэлiксу Грому. I ён памкнуўся да згуртаваньня "Маладняк", у якi дружна паўступалi iншыя маладыя паэты, i пачаў пiсаць, як яны, — знарок прыўзьнята, задзiрыста, "бурапенна". Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскiя схiльнасьцi i густы — усю гэтую любасьць да бору i лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоiць iншую эстэтыку, iнакшы слоўнiк, напоўнены грымотай заводзкiх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнiкоў камунiзму. I, здаецца, нешта ў яго пачало атрымлiвацца. Газэта "Савецкая Беларусь" у аглядзе паэзii памянула ягонае прозьвiшча ў лiку маладых пралетарскiх паэтаў. Нават надрукавала адну страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай "Майскiя радзiны":

Грымяць i стукаюць машыны,

турбiны радасна гудуць, -

спраўляюць майскiя радзiны,

гэта ўдарнiкi iдуць.

Акрылены афiцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлiкс напiсаў яшчэ з тузiн падобных вершаў i адчуў сябе запраўскiм песьняром пралетарыяту.

Усё ў яго iшло добра, i раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п’янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалi толькi пра вершы ды размовы ў асяродзьдзi паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцямiўшы, што з таго будзе невялiкi набытак, зьвязалi ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом - прызнавайся, што польскi шпiён! Здаецца, таго ж дамагалiся i ад Аўтуха. I дамаглiся. Па сваёй сялянскай дурноце цi, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпiсаў паказаньнi, нiбыта Фэлiкс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзiў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфiкаваць усё тое органам?

Штурханiна i ляскат колаў знадворку раптам спынiлiся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкiста абвясьцiў:

— Ну што? Селi?

— Селi на дзiфер, — сказаў Шастак.

Фэлiкс Гром далiкатна пастукаў у дзьверы.

— Можа, i я памагу? Усё ж учатырох…

Адтуль, знадворку, нiхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчынiлiся.

— Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I пiхаць! Дружна, усе разам! - закамандаваў памочнiк камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.

Менавiта такая яго злосьць не палохала i не абражала. I Фэлiкс падумаў, што, можа, гэты чэкiст i не такi ўжо благi чалавек. За два месяцы турмы, допытаў i катаваньняў ён натрываўся рознага i ўжо думаў, што сярод iх няма нiводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, якi б паставiўся да небаракi калi не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць i паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.

Фэлiкс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапiўшы ў каламутную багну дарогi. Аднак астатнiя двое за iм не пасьпяшалiся, i памкамэнданта Косьцiкаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлiвы крык:

— Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!

— А скульля табе! — пачулася з буды, - гэта спакойна азваўся грабежнiк Зайкоўскi. — Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.

— Як гэта — не паложана? — апешыў Косьцiкаў.

— А так! Крымiнальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?

Азадачаны Косьцiкаў на хвiлiну змоўчаў, шырока расставiўшы ля буды ногi, каб ня ўлезьцi ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалi iншыя. Фэлiкс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папiхаць з тванi. Нарэшце Сурвiла сказаў:

— Ды залiвае ён! Нiякай пра гэта стацьцi няма…

— Хай i няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавiцеся! Прысудзiлi расстраляць, дык будзьце любезныя даставiць у цэласьцi i сахраннасьцi да месца казьнi. Панятна?

— Зараз я табе пакажу месца казьнi! - ускiпеў Косьцiкаў i дастаў з кабуры пiсталет. - Будзеш у мяне ў гразi валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! — страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез — усё баяўся трапiць у глыбокае месца багны.

— А што табе начальства скажа? - чулася з машыны. — Вёз — не давёз…

Падобна, становiшча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскi пакуль заставаўся недасяжны.

— Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!

— Давай, дуй! Пасьледавацельна…

Апошнiя словы Зайкоўскага Косьцiкаў пакiнуў, аднак, без увагi — яго турбавала iншае. Ён моўчкi агледзеў у цемры змакрэлыя постацi асуджаных, нiбы палiчыў iх.

— А там буржуй гэты, — падказаў Шастак.

— Белагвардзеец, — удакладнiў Косьцiкаў. — Ану вылазь, гражданiн Валяр’янаў! Ваша сранае благародзьдзя!

З буды паказалася лысая, бяз шапкi галава Валяр’янава, якi сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперцiся нагамi, нерашуча перабраў побач рукамi.

— Сiгай, ня трусь! — падбадзёрыў яго Сурвiла.

Белагвардзеец, аднак, не сiгануў, а, ухапiўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьцiўся ў лужыну.

— Ну — узялi! Раз, два — узялi! — трохi адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцiкаў, усё размахваючы пiсталетам.

Яны зноў узялiся пiхаць. Шафёр газаваў рыўкамi, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламi ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакiнутага ў адзiноце Зайкоўскага.

— Пiхайце, пiхайце! Дружней пiхайце, жалкiя рабы сацыялiзму! Гнюсныя прыслужнiкi трацкiстаў! Пiхайце на сваю пагiбель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ i вышэ!..

— Ты глядзi! — цяжка соп ля буды Шастак. — Тут кiшкi рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..

— Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавiцкаю куляй!..

— Замоўкнi! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, — гразiўся Косьцiкаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.

Аднак асуджаны Зайкоўскi не сунiмаўся i яшчэ крычаў штось — нядобрае i абразьлiвае. Тады Сурвiла першы адарваўся ад вугла буды i параiў:

— Ды стралянi ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?

— Лiчу да трох i выпускаю ўсю абойму!

— Выпускай! Калi казённай машыны ня жалка… — неслася з буды.

Аднак не пасьпеў Косьцiкаў пачаць свой адлiк, як матор дужа стрэльнуў выхлапам i заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сiнiм дымком, зрабiлася зусiм цiха.

— Што такое? — зьнерухомеў Косьцiкаў.

— Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, — глуха азваўся з кабiны шафёр. Косьцiкаў вылаяўся.

Усе стаялi моўчкi, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьцi. Сапраўды, гэтак старалiся, столькi патрацiлi высiлкаў, i ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць спачатку.

— Так! — пасьля нядоўгай маўклiвай паўзы вызначыў Косьцiкаў. — Шафёр, давай дуй у гараж. Хай прысылаюць бэнзыну.

— Хай Чысьцякову скажа, — параiў Сурвiла. — Чысьцякоў у курсе. Пад’едзе.

— I далажы дзяжурнаму, — удакладнiў памкамэнданта. — Давай, дуй! Хутка!

Малады баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволi выбралiся з гразi на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалi, што далей закамандуе iхны начальнiк. Той аднаруч расшпiлiў шынэлак, з другой рукi не выпускаючы пiсталета.

— Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.

Ня надта ахвотна ўсе зноў паўлязалi ў багну i зноў уперлiся рукамi ў запэцканы гразёй зад машыны — Сурвiла i Шастак — па вуглах, Аўтух i Фэлiкс побач. Валяр’янаву дасталося самае гiблае месца — пасярэдзiне. Машына грунтоўна асталявалася на самай глыбiнi лужыны, i, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцiкаў, размахваючы пiсталетам, зноў пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамi багну, пiхалi i пiхалi.

Аднак зноў усё было марна. Машына асела зусiм нiзка, i, падобна, нiякая сiла не магла яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкi час уладны голас памкамэнданта заглух, i яны расслабiлi рукi.

— Так ня пойдзе! — з горыччу загаманiў Шастак. — Калi пiхаць, дык трэба ўсiм пiхаць. А то як у брыгадзе — адзiн укалвае, а другi адлыньвае.

— Хто гэта адлыньвае? — насьцярожыўся Сурвiла.

— А то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькi за борт трымаецца.

Валяр’янаў нiякавата сьцепануў плячыма.

— Я не трымаюся…

— Ну як жа! Хiба ня бачыў! Яшчэ адпiраецца, — не сьцiхаў Шастак. — Дзеля прылiку толькi…

— Хто яшчэ бачыў? — насупiўся Косьцiкаў. Астатнiя, аднак, маўчалi, i памкамэнданта пачаў пэрсанальны допыт:

— Аднаасобнiк, бачыў?

— Не, не. Нiчога ня бачыў.

— А ты, паэт?

Фэлiкс Гром нiякавата пераступiў у лужыне, каламуцячы i без таго скаламучаную твань.

— Ну, можа, i ня дужа… Усё ж чалавек у гадах, — няпэўна адказаў ён.

— Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзiць савецкай уладзе можа? Так, я сам прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кiну пад колы. Тады вылезем.

Фэлiкс Гром сам пiхаў, лiчы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца — балела ў грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пiльны Шастак цi нават сам памкамэнданта Косьцiкаў. Што яму перашкодзiць тут выканаць сваю пагрозу: прыстрэлiць i кiне ў гэтую багну. Ад аднае думкi пра тое Фэлiкс здрыгануўся i страхавiта зiрнуў на цьмяную постаць у шынялi на ўзбочыне.

Яны зноў пiхнулi. На гэты раз па камандзе i з усяе сiлы, у Фэлiкса Грома ад болю аж пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высiльваецца i белагвардзеец-буржуй Валяр’янаў, — мабыць, таксама пабойваецца чэкiста. Хоць, калi падумаць, чаго ўжо было iм баяцца, куды iмкнуцца? Наперад, да свае сьмерцi? А можа, справа ў тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькiм выбарам, дзе лепей легчы — у пясчаную сухую зямельку цi ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў задубелi ногi. Так можна i прастыць, з iронiяй вiсельнiка падумаў паэт Фэлiкс Гром. Свой катафалк яны ж самi i штурхалi да месца паховiн. Гэта было штосьцi новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Цi адмысловых мэтадаў катаваньня? Во пра што варта было б напiсаць верш, баляду цi сагу. Але не распаўсюджаным ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам для гэтай праклятай эпохi…

— Раз, два — узялi!… Ану — рушылi! Яшчэ раз! Яшчэ! — дзiкiм голасам крычаў побач Косьцiкаў. — Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!…

Разы два ён пальнуў угару зь пiсталета, прымусiўшы здрыгануцца iх, спатнелых i ўжо дашчэнту зьнясiленых. "Давай! Давай!" I во, дзiва - машына трохi скранулася. Яны, узрадаваныя, паддалi яшчэ болей, напялiся рукамi i нагамi, i яна трохi пасунулася, папаўзла ў тванi. Тыя, што былi пасярэдзiне — Гром i Валяр’янаў, улезьлi ў самую глыб, але не адступiлiся, не прыбралi ад буды рук. I ўрэшце ўсе разам выпхнулi перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, i яны зьнямогла спынiлiся.

— Ну во, такую вашу маць! — амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта. — Што значыць, умелае кiраўнiцтва! А то — аслабелi, сiлы мала… Прымусiць трэба! Дзесяць мiнут перакур! — аб’явiў ён i адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.

За iм нерашуча павылязалi з гразi асуджаныя, пакорлiва стоўпiлiся побач. Чэкiст засунуў пiсталет за борт шыняля i вынуў з кiшэнi пачак "Беламору". Найперш, як сябру, працягнуў пачак Сурвiлу.

— Частуйся…

Той гразкiмi пальцамi ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважлiва прыкурыў ад падстаўленай у прыгоршчах запалкi. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.

— За ўдарную работу па лiквiдацыi ЧП пры выкананьнi заданьня аб’яўляю благадарнасьць, - з фальшывай урачыстасьцю аб’явiў Косьцiкаў.

Асуджаныя нiбы страпянулiся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяцi словаў, адчуўшы ў iх пранiзьлiвы водгук назаўжды адрэзанага ад iх жыцьця. Тут i цяпер яны зразумелi тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нiбы дражнiў iх гэты незразумелы чэкiст, чым рабiў iм яшчэ больш балюча.

Адзiн толькi Шастак, здаецца, гатовы быў усур’ёз прыняць сказанае.

— Дзякуй, таварыш… Грамадзянiн начальнiк. Каб гэта залiчылася…

— Залiчыцца, залiчыцца, — няпэўна паабяцаў памкамэнданта.

— На тым сьвеце, — ухмыльнуўся Сурвiла.

— Чаму на тым? — не пагадзiўся ягоны калега. — I на гэтым. Я вам прадастаўлю самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам… Ня горш, чым ударнiкам сацыялiстычнага спаборнiцтва.

Было не зразумець, казаў ён тое сур’ёзна цi хiтравата зьдзекаваўся зь iх, у ранiшнiм прыцемку быў кепска вiдаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але голас здаўся зусiм памяркоўным i добразычлiвым, i тое мiжволi заспакойвала.

— Ну але ж во я — невiнаваты, — ступiў наперад Шастак. — Ну, праўда. Во той сьледчы таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднiк.

Косьцiкаў смачна зацягнуўся папяросай i разважна выпусьцiў даўгi струмень дыму.

— Ну ведама, невiнаваты. Калi б ты быў вiнаваты, табе б на сьледзтве кiшкi выматалi. Косьцi б пераламалi. Жонку б на тваiх вачах таго… Калi б быў вiнаваты. А так — спакойна застрэлiм на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй? - раптам зьвярнуўся ён да Валяр’янава, якi стаяў трошкi збоч ад астатнiх.

Падобна, ён хацеў зачапiць Валяр’янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкiста. Ён ужо нямала пабачыў iх на сваiм вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калi яго расстрэльвалi ў Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялi, дык не было б тых пакут i прынiжэньняў, якiя ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не расстралялi. Толькi давялi да дыстрафii i выпусьцiлi памiраць самахоць. I гэта пратрымаўшы тры тыднi сярод паўсотнi былых афiцэраў Добраахвотнiцкай армii ў сырым вiнным склепе бязь ежы i вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе. Гэтае апошняе дапякала Валяр’янава болей за голад i смагу, ён доўга ня мог прызвычаiцца хадзiць па-большаму i малому на вачах у натоўпу розных чынам i векам людзей i ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкiстаў. Яны — нелюдзi, так i трэба было iх разумець, калi толькi нармальным розумам магчыма было што зразумець. Родны брат Валяр’янава, мiлы паручнiк Аркадзь Аркадзевiч, так i не зразумеў, мабыць, з кiм мае справу — гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I звар’яцеў. Прыстрэлiлi, бы сабаку, i кiнулi ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, нiколi нi з кiм не спрачаўся, паводзiў сябе нiжэй за траву, цiшэй за ваду. Зрэшты, i чаго дачакаўся? Таго ж, што i брат. Толькi гадоў на пятнаццаць пазьней. Цi варта было ашчаджацца?

Тым часам пачало днець. Абапал дарогi выплыў са змроку восеньскi палявы прасьцяг з пагорачкам зводдаль i прыдарожным хмызьняком паблiзу. Зьверху то iмжыў, то пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вiльготны заходнi вецер. На пагорак бегла гразкая разьежджаная дарога з налiтымi дажджом каляiнамi. Гараджане тут езьдзiлi нячаста, а каляiны былi ад машын наркамату ўнутраных справаў, якi толькi й карыстаўся той дарогай. Асаблiва ноччу. А то, бывала, i ўдзень, пад час маскоўскiх праверак, калi ў горадзе тэрмiнова разгружалiся турмы.

Тое, што Валяр’янаў нiяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцiкаву.

— Ты, буржуй! Да цябе абрашчаюцца!

— Я чую, — цiха, аднымi вуснамi адказаў Валяр’янаў.

— Дзяч маёй дабрынi. Хацеў прыстрэлiць.

— Дзякуй…

— Во! А то не напомнiш — не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць…

— Да сваiх яны дык дужа добра выхаваныя, — падхапiў Шастак. — Усё: благадару, благадару…

— Да сваiх. Але не да пралетарыяту, - заўважыў Сурвiла. — Пралетарыi — iхныя ворагi.

— Мабыць, мала стралялi, — сказаў Шастак.

— Стралялi ня мала. Але ўсiх яшчэ не перастралялi. Усё за вiной гналiся. За даказацельствамi i прызнаньнем. Болей паперкi пiсалi, — як пра штось набалелае, з горыччу зазначыў Сурвiла.

— А што пiсаць? — зьдзiвiўся Шастак. - Хiба адразу не вiдаць: контра. Во гэты: камiзэлька, гамашы, кавэркот…

— Можа, яшчэ i гальштук завязваў? - прыгожа заўсьмiхаўся Косьцiкаў.

— Завязваў, — цiха адказаў Валяр’янаў. — Як кожны iнтэлiгентны чалавек…

— Вы паглядзiце: яго арыштоўваюць, а ён завязвае гальштук. Хiба павесiцца ў турме.

— Каб ухiлiцца ад пакараньня, — сказаў Сурвiла. — Ну, такi нумар у нас ня пройдзе. У нас парадак!

Каб яны задушылiся зь iхнымi парадкамi, — дрыжучы на ветры ад макрэдзi, сярдзiта думаў Аўтух Казёл. З рознымi iх парадкамi ён ужо нямала пазнаўся, i ня толькi ў турме. Асаблiва апошнiя гады, як сталi яго дапiнаць за аднаасобнiцтва. I было б за што? Хiба ён супраць савецкай улады цi супраць камунiстаў? Але ж ён мусiў кармiць сям’ю, жыць з уласнае працы. А яму кажуць: у калгас. Паглядзеў ён, як тыя разумныя гаспадарылi ў iхным калгасе. Нявыбраная бульбачка гнiла ў зямлi да маразоў, убранае збожжа прападала нявысушанае ў арцельным гумне. Iнвэнтар за два гады развалiўся дашчэнту, не было каму паправiць калёсы. Умелыя паўцякалi ў сьвет, разумных перасаджалi, а хто застаўся? Бабы ды нямоглыя дзяды. I, ведама, ягонае адаасобнiцтва сталася iм бяльмом у воку. Вясной абрэзалi зямлю, пакiнулi адно балотную няўдобiцу з хмызьняком. Пойдзеш у калгас? Не, не пайду. Тады абрэзалi пожнi, каб не было дзе напасьвiць кароўку. Затым пастанавiлi лiквiдаваць гумно, бо, цi бачыце, будавалi калгасную абору, спатрэбiлiся матэрыялы. Асець, пуню i ток — усё перавезьлi ў калгас, дзе за зiму тыя бёрны расьцягалi на дровы. Ужо ня стала куды выпусьцiць i курэй. Зноў прыехала начальства: ну, пойдзеш у калгас? Сказаў: не пайду, на сваёй зямлi памiраць буду. Дык трактарам перааралi дарогу — ад хутара да бальшака. Каб не пратаптаў сьцежку, засеялi вiкай. Абмiнаў тую вiку за вярсту па лесе. Тады сказалi, быццам ён празь лес ходзiць у Польшчу. Каб iм да свае магiлы гэтак хадзiць, думаў Аўтух.

Ужо ўсё абабралi. Абрэзалi па самыя вокны, а тады пачалi зарыцца на ягонага маладога каня. Свае зрабiлiся, як дэрбiны — ад бяскормiцы ды непасiльнае працы, а ягоны конiк быў, як намаляваны. Выгадаваны з жарабя ад уласнай кабылкi, ён быў мiлы гаспадару, можа, болей, чым жонка, чым нават дарослыя дочкi. Бывала, Аўтух возiць з поля снапы i да вечара так уходаецца, што ня мае сiлы сесьцi за стол. I ня дзiва: цэлы дзень на кожнай горцы падстаўляе пад брыку плячо, папiхае; нiбы ў парцы, памагае везьцi. Праўда, i конiк нiбы разумеў гаспадара, стараўся, выжыльваўся на маладых тонкiх нагах, вёз усё, колькi нi накладзi ў воз. Як было аддаць такога на безуважнае арцельнае карыстаньне, дзе б яго заезьдзiлi за адно лета, надарвалi, сапсулi. Дык скралi. Надвячоркам адвёў папасьвiцца на сьвежую атаву, спутаў, ды не надзеў замок, пашкадаваў натруджаныя за дзень ногi. I скралi. Аўтух адразу ўведаў, хто, зрэшты, пра тое ведала ўся вёска, быў у iх адзiн такi злодзей, скраў ён у Аўтуха ня ў першага. Кiнуўся Аўтух у мiлiцыю, у раён, да пракурора. I нiчога. Усе ветлiва слухалi i нават спачувалi, але шукаць i ня думалi. А тое, што ён сам паказваў на злодзея, пад увагу ня бралi. Казалi, патрэбныя доказы, а доказаў няма. Але якiя яшчэ iм доказы, калi ўсiм навакол ведама, што гэты Балазей здаўна крадзе коней i збывае цыганам на Палесьсi. Аказваецца, не. Трэба доказы. Такi парадак.

Там патрэбныя былi адмысловыя доказы, а вось тут можна караць i бяз доказаў. Аўтух нiколi й не падумаў хадзiць за мяжу, начарта яму трэба была тая Польшча, а яны кажуць: хадзiў. Быццам яны яго там злавiлi. Цi хоць бы там хто яго бачыў. Але напiсалi, хадзiў, i ўсё. Прызнавайся!

I ён, дурань, прызнаўся, паслухаўся гэтага партыйца i падпiсаў, што падсунулi. Думаў, тым выгадае. А ня выгадаў — прагадаў дашчэнту. Стаўся польскiм шпiёнам. Во зрабiў падаруначак сабе i дочкам. I ўсёй раднi. На ўсё iх жыцьцё…

— Бальшавiцкi парадак! — згодна пацьвердзiў Шастак. — Мыша не праскочыць.

— А ты памаўчы! — нечакана абрэзаў яго Косьцiкаў. — Ты — здраднiк.

— Я? — пабялеў ад крыўды Шастак.

— Ты, ты, — роўным голасам паўтарыў памкамэнданта. — Вось той, — ён кiўнуў у бок Валяр’нава, — той ня здраднiк, бо ён вораг адкрыты. Белы афiцэр, i так далей. А ты — i нашым, i вашым.

— Я ня вашым… То есьць, ня нашым! — ад хваляваньня пачаў блытацца Шастак. — Я служыў партыi, я бальшавiк. Мяне тут гэта. Па ашыбке.

— Ладна, — махнуў рукой Косьцiкаў. - Разьбяруцца.

Як гэта — разьбяруцца? — ня мог зразумець Шастак. Хто разьбярэцца? I калi разьбяруцца? Што гэта ўсё значыць? Вельмi няпэўныя былi тыя словы чэкiста, але ў свае няпэўнасьцi яны несьлi нейкi зародак выратоўчай надзеi. А раптам i сапраўды яшчэ ня ўсё страчана? Штосьцi яшчэ направiцца? I Шастак, апанураны i адначасна трохi абнадзеены, з зацятай крыўдай у душы адступiўся ўбок. Блiжэй да памкамэнданта падышоў Сурвiла.

— Ты гэта, скажы, — цiха, падобна, каб ня чулi iншыя, запытаўся ён. — I мяне?

— I цябе, — зiрнуў на яго сьветлымi вачыма Косьцiкаў. Сурвiла зрабiў выгляд, што тое яго надта зьдзiвiла.

— Зь iмi во — разам? — кiўнуў ён на астатнiх.

— Ну, гэта… Паглядзiм, — няпэўна сказаў чэкiст i пусьцiў густы струмень дыму ў твар былога калегi.

Ад тых словаў Косьцiкава ў Сурвiлы таксама зьявiлася маленькая надзея. Ведама, у яго i ў думках не было, што нядаўнi калега пашкадуе яго, ня выканае прысуд. Цi нават ня так яго выканае. Але, напэўна, ён усё ж мог трохi перайначыць тое выкананьне, зрабiць яго па магчымасьцi прыстойным для свайго чалавека-чэкiста. Хоць бы i асуджанага. Бо нават аднолькавы прысуд не раўняў яго з гэтымi ворагамi народа, ён i пасьля сьмерцi прагнуў застацца салдатам армii Дзяржынскага. Хоць, натуральна, i ў яго здаралiся хiбы, часам ён памыляўся, часам не хапала адукацыi. Як у тым выпадку з маладой студэнткай, якую яму давялося расстрэльваць. Але тады ён быў малады, а дзяўчына была дужа ўжо слаўная ў сваёй дзяўчачай прыгажосьцi - худзенькая такая, спрытная, зь вялiкiмi зьдзiўленымi вачыма i вабным тварыкам, зiрнуўшы на якi, Сурвiла не наважыўся стрэлiць. Ён стрэлiў мiма. Каб не ў патылiцу, — ля вуха. Яна ўсё роўна звалiлася ў яму, мабыць, зьнепрытомеўшы ад страху, ды там i асталася, заваленая наступнымi целамi. Нiхто таго не заўважыў i не дазнаўся нiколi, але ўсё роўна Сурвiла пачуваўся нiякавата. Хоць зразумела, тады ён меў невялiкi чэкiсцкi досьвед i паддаўся на дзявочую прывабнасьць. Забыўся, што перад iм найперш выкрыты вораг народа. Ды ён памятаў свой ганебны ўчынак i, можа, менавiта таму стараўся. Тое стараньне дало свой плён, i пасьля, ужо ў сьледчым аддзеле, ён паказаў за паўгодзьдзя найлепшыя вынiкi — 127 чалавек, падведзеных да вышэйшай меры, — болей, чым у каго-небудзь iншага.

I цяпер вось яго самога…

Не пасьпелi яны аддыхацца, прагнаць трохi стому, як здаля на дарозе з гораду зьявiлася машына — зноў вялiкая крытая буда, якая, валюхаючыся на калдобiнах, пад’ехала блiжэй i стала. Зь яе выскачылi трое стралкоў у шынялях, зь вiнтоўкамi ў руках i кiнулiся да групы асуджаных.

— Адставiць! — спакойна сказаў Косьцiкаў. — Усё ў парадку.

Шафёры ўзялiся пералiваць з бляшанкi бэнзын, а асуджаных Косьцiкаў зноў загнаў у буду, дзе iх сустрэў незадаволены, быццам нават заспаны, Зайкоўскi.

— Не далi й паспаць…

— Насьпiсься! — сказаў Сурвiла. — Хутка засьнеш вечным сном.

— А хрэн зь iм! Чым такая жызьня! - вылаяўся грабежнiк i зноў выцягся ўпоперак буды сваiм доўгiм целам.

Яны зноў няхутка ехалi па гразкай, выбаiстай дарозе, за iмi нягучна гурчэла другая машына. Усе, аднак, адчувалi, што хутка iхны задоўжаны шлях скончыцца. Кожны стараўся ня надта думаць пра самы-самы канец, а ўсё роўна думалася. Фэлiкс Грoм яшчэ ад суда i прыгавору ўсё ўяўляў сабе, як яго будуць расстрэльваць. Дакладна тае жахлiвае працэдуры ён, натуральна, ня ведаў, але з кiно памятаў, як расстрэльвалi парыскiх камунараў. Роўная шарэнга стралкоў, выстаўленыя наперад палкi-вiнтоўкi, скiраваныя ў ахвяраў ля цаглянай сьцяны. Тыя ў белых кашулях, з горда выпнутымi грудзямi. I залп. Лёгкi сiнi дымок ад вiнтовачных руляў, праклён т’ераўскiм катам… Прыгожа! Але дзе тут для iх шарэнга стралкоў? Тры вiнтоўкi — тых, з задняй машыны, ды пiсталет у начальнiка — якi ж тут залп? I хто закрычыць праклён? Ужо ён, Фэлiкс, ня будзе крычаць нiчога - хай яны пагараць усе разам: i к¦ты, i iхныя ахвяры. Увесь час, што ён прабыў у турме i на сьледзтве, ён наракаў на Аўтуха i ягоную сялянскую дурноту. А як выявiлася цяпер, былi там i горшыя за Аўтуха арыштанты. Хоць бы вось гэты Шастак. У камэры Фэлiкс яшчэ размаўляў зь iм, нешта расказваў пра лiтаратуру. Трэба было! Ды цi Шастак быў там адзiн. Добра яшчэ, што зь iмi не сядзеў Сурвiла, мабыць, таго трымалi ў асобнай камэры. У чэкiстаў i камэры асобныя. Як i ўсё iншае ў iхным жыцьцi. Толькi паэт - сярод простага народа, безь якiх дабротаў i прывiлеяў. Фэлiкс Гром ужо шчыра шкадаваў, што некалi ўлёг у лiтаратуру, вучыўся, — лепш бы застаўся непiсьменным. Ягоны малодшы брат скончыў чатыры клясы i рабiў у калгасе. Неяк будзе жыць бяз кнiг i бязь вершаў. А што яму дало ягонае памкненьне ў лiтаратуру?

Але ж во i дзядзька Аўтух таксама не пiсаў вершаў. I наўрад цi калi чытаў iх. I цяпер яны будуць цi не ў адной яме разам.

Так, Аўтух Казёл на тым часе клапацiўся не пра якiя там вершы, у яго быў зусiм iншы клопат - бульбяны. Вядома, ён разумеў, што ня час было думаць пра тое. Але во думалася. Недзе пад лесам застаўся шнурок нявыбранай бульбы, выйшла няўпраўка, як ня стала каня. А той шнурок трэба было выбраць найперш. А то разыдуцца дажджы, залiе лагчыну, тады ня ўлезеш на яе i з канём. Цi здагадаецца пра тое жонка? Прападзе бульбачка, а што есьцi ўзiмку? Хоць цяпер едакоў i паменее, але паменее i работнiкаў. Зноў жа скацiна…

Машына цяжка нахiлiлася ўсёй будай, пасьля задралася ўгару кабiнай, збочыла, перавалiла нейкi раўчук i дужа страсянула ўсiх пасажыраў. Зайкоўскi незадаволена падняўся ў змроку i сеў, прысланiўшыся сьпiнаю да жалезнай сьцяны. Але, падобна, штосьцi адчуў i ня лаяўся. Ды й астатнiя адчулi, што, мабыць, прыехалi. Дзьверы буды пакуль не расчынялiся, iх не выпускалi. Там, знадворку, штось перагаворвалася ахова, хтосьцi пабег некага клiкаць. Вiдаць па ўсiм, там рыхтавалiся.

I во нарэшце дзьверы расчынiлiся. Трошкi нахiленая, машына стаяла ў маладым хвойным ляску.

— Выхадзi! Па адным!..

Нiхто ў будзе, аднак, не скрануўся, усе сьцялiся, замерлi i чакалi. Чаго толькi чакалi? Хутка ў дзьвярах паявiўся жвавы, усьмешысты твар Косьцiкава, якi найперш брыдка вылаяўся.

— Ты! — упёрся ён позiркам у першага, каго згледзеў у цёмнай будзе — гэта быў Аўтух. - Выхадзi!

"Чаму я першы? Чаму я першы?" - закрыўдаваў у душы Казёл i нязграбна вывалiўся з машыны. Вакол цiха стаялi дрэўцы-сасонкi, i ля iх побач зьнерухомелi поўныя ўвагi маладыя хлопцы-байцы. Непадалёк i крышку ўбаку жаўцеў пясчаны пагорачак. Усё было зразумела…

— Ну? Упярод!

Зь незразумелай злосьцю Косьцiкаў пiхнуў Аўтуха ў плячо, той зачапiўся раскiслым ад тванi лапцем за траву i ўпаў. Сэрца яго моцна бiлася ў грудзях, было надта няёмка за свой нехуцавы, жабрацкi выгляд, асаблiва перад гэтымi чысьцюткiмi маладымi хлопцамi ў вайсковым, што цяпер зь перабольшанай увагай уставiлiся ў яго. Ён таропка ўстаў i апанурана патэпаў да ямы, душачы ў сабе крыўду: чаму мяне першага? Цi я самы найгоршы вораг?..

— Ну, хрысьцiся, — сьцiшана, без ранейшай злосьцi ў голасе сказаў Косьцiкаў. Аўтух, баючыся не пасьпець, таропка перахрысьцiўся - па-праваслаўнаму, справа налева. I чакаў.

— На каленi!

На беражку ямы ён паслухмяна апусьцiўся на каленi. Зрушаны лапцямi пясок пасыпаўся ўнiз, i ён спалохаўся, што звалiцца туды заўчасна. Але не звалiўся, толькi прыплюшчыў вочы i чакаў.

— Гэта нястрашна, — сказаў ззаду чэкiст i лязгануў затворам пiсталета — даслаў першы патрон. Толькi Аўтух зiрнуў у прадоньне глыбокай ямы, як стрэлу ўжо не пачуў. Здалося, яма сама кiнулася насустрач i назаўжды агарнула яго пясчанай сваёй глыбiнёй.

— Так! Адзiн ёсьць! — мовiў памкамэнданта i пайшоў да дзьвярэй машыны. Ягоная праца распачалася, ён рабiў яе звыкла й дакладна, як i кожнага дня.

Зноў у машыне ўсе замёрлi, сьцiхлi, чакаючы, каго ён паклiча наступным. I тады ён згледзеў цi, можа, прыпамятаў Зайкоўскага, якi цяпер маўклiва тулiўся ля задняй сьцяны буды.

— Ану ты, бандзюга!

Прыгнуўшыся, Зайкоўскi сiгануў да дзьвярэй, рашуча скочыў з машыны.

— Рукi назад! Назад рукi!!!

— Куды назад? Во зломана, ня бачыш?

— Я табе зараз i другую зламаю, - тузануў яго за рукаво пiнжака Косьцiкаў. Зайкоўскi, аднак, ухiлiўся.

— Не чапай! Даручана — страляй. А бяз рук!

— Ах ты, бандзюга!

— Я не бандзюга! Я больш палiтычны, чым вы разам узятыя!

— Во як?

— Во так!

— Ну пайшлi, — трохi паспакайнелым голасам сказаў Косьцiкаў, паказваючы пiсталетам у бок ямы. Байцы, што стаялi паблiзу, паднялi штыхi. Мабыць, такое яны чулi ня кожны дзень.

— Ты гэта во што! — раптам прыпынiўся Зайкоўскi. Спынiўся i Косьцiкаў. — Будуць расстрэльваць самога, каб ня ў гэтай яме. Каб нам не сьмярдзеў.

— Ах, ты гаўно! — вызьверыўся Косьцiкаў i стрэльнуў Зайкоўскаму ў грудзi — раз, другi, трэцi. Той няўклюдна павалiўся на рассыпаны каля ямы пясок. Пад яго целам пачала расплывацца крывавая лужына.

— Будзе мне яшчэ пагражаць… Пагражаць мне! — ня мог супакоiцца Косьцiкаў.

Зласьлiвыя словы расстралянага чымсьцi, аднак, зачапiлi чэкiста, якi трохi пастаяў зь пiсталетам, сочачы, як здрыгваецца i выпiнаецца ў апошнiх канвульсiях вялiкае цела бандыта. Адкiнутая ўбок здаровая рука яго згрэбла жмут мокрай травы, але ня вырвала. Пальцы паволi расьцялiся…

Амаль лагодны сьпярша настрой Косьцiкава пачаў прыкметна псавацца. Звыклы працэс прывядзеньня ў выкананьне прысуду яўна парушаўся, i прычынаю таму — гэты маскоўскi бандыт. Са сваiмi беларускiмi ворагамi Косьцiкаў ня меў вялiкага клопату, тыя заўсёды былi паслухмяныя i перад ямай паводзiлi сябе, як авечкi. Турма, доўгiя месяцы допытаў, суд ламалi iх канчаткова, i расстрэльваць такiх было нават нудна. Некаторыя, праўда (асаблiва зь лiку партыйцаў), перад сьмерцю крычалi: хай жыве Сталiн або камунiзм цi сусьветная рэвалюцыя, мабыць, хiтра разьлiчваючы тым на ягоную катаву спагаду. Ён не пярэчыў: хай жывуць, калi каму хочацца, каб жылi, i заганяў чарговую кулю ў чарговую патылiцу. Ужо ён iх нагледзеўся, розных гэтых патылiц: чорных i рыжых, гладкiх i кучаравых, са срабрыстай сiвiзною i зусiм голых, аблыселых. I нiхто нiколi не абразiў яго, не аблаяў нават, — што значыць, палiтычна сьвядомы матэрыял, ня тое, што гэты крымiнальны прыблуда.

— Выходзьце два адразу! — голасна скамандаваў ён ля машыны. — Ты, белагвардзеец, i ты, сраты паэта! Жыва!

Фэлiкс Гром паслухмяна саскочыў з машыны i спынiўся, чакаючы напарнiка. Валяр’янаў аслабела i нязграбна вылязаў з буды — павярнуўся на жывот, дацягнуўся нагамi да долу. Зьлезшы, нэрвовымi пальцамi пачаў зашпiльваць гузiкi бобрыкавага палiто. А можа, жонка ўсё ж выжыве, падумаў ён. Нешта ўсё ж значыць яе пралетарскае паходжаньне. Дый дзеткi… Хоць i без бацькоў, але ўсё ж лепш, чым нiчога. Жыцьцё ёсьць жыцьцё, якое б там нi было…

У расшпiленай тужурцы з загадзя закладзенымi назад рукамi цярплiва чакаў апошнiх камандаў Гром. Ён мала што бачыў вакол, вочы яго недарэчна змакрэлi, было страшна крыўдна за сваё да часу загубленае жыцьцё. Загубленае празь нядаўна яшчэ самае для яго сьвятое — паэзiю. Будзь яна праклятая! Лепш растрасаць гной у калгасе, не чытаць нiякiх кнiжак. Але хто ведаў, што ўсё гэтак скончыцца? Вельмi i вельмi шкада. З тым шкадаваньнем у душы ён i пайшоў да жоўтага пясчанага пагорачка, за якiм яго чакала нiшто.

Байцы ўжо сьцягнулi ў яму супакоенае цела Зайкоўскага. Рыхлы пагорачак быў дужа растаптаны iхнымi ботамi, беражок ля ямы стаў больш зручны, пляскаты. Валяр’янаў без напамiнку апусьцiўся каленямi на краi, тройчы перахрысьцiўся i сьцiх. Ён быў гатовы прыняць сваю доўгачаканую пагiбель. Хацеў памалiцца, ды падумаў, што не пасьпее. Фэлiкс Гром мясьцiўся побач, штось яму замiнала. Толькi Валяр’янаў зiрнуў унiз i заўважыў, што тут неглыбока, як два нягучныя стрэлы ззаду звалiлi абодвух у яму.

У машыне засталiся апошнiя — Шастак i Сурвiла, i Косьцiкаў крыкнуў ад ямы:

— Здраднiк, выхадзi!

У дзьвярах паказаўся зьбялелы з твару Шастак.

— Я, што лi?

— Ты, ты! Выхадзi!

— Я ня здраднiк. Я ўжо тлумачыў. Гэта ашыбка…

— Якая табе ашыбка! — вызьверыўся Косьцiкаў. — Усё напiсана i падпiсана. Шагам марш!

Ушчэнт разгублены, зьбялелы, Шастак саскочыў з машыны i пачаў пасьпешна сутаргава пазяхаць, агаляючы гнiлыя, абламаныя зубы.

— Але ж, але ж… Мяне нельга страляць… Я член партыi!

Такiя словы ля ямы памочнiку камэнданта Косьцiкаву даводзiлася чуць нярэдка, асаблiва калi прыводзiлi групу партыйцаў, i ў Косьцiкава ў адказ быў нарыхтаваны выпрабаваны аргумэнт, якi заўжды дзейнiчаў безадмоўна.

— Калi ты член партыi, — закрычаў Косьцiкаў, — дык якога ж ты хрэна аказваеш супрацiўленьне органам?!

— Я, я не аказваю…

— Ну дык марш! Марш да ямы! Цi памагчы?

Хiстаючыся, бы п’яны, Шастак пабрыў да ямы. Але на разварушаным пагорку зноў прыпынiўся.

— Няправiльна вы…

— Усё правiльна! — сказаў памкамэнданта i стрэлiў яму ў патылiцу. Кастлявае цела Шастака спотырча павалiлася ў яму — да тых, што туды звалiлiся раней.

Калi Косьцiкаў вярнуўся да машыны, там ужо стаяў, вылезшы зь яе, Сурвiла. Ягоны азызлы твар стаў зусiм бурачнага колеру — ад стомы цi нейкiх нутраных пакутаў.

— Што, i мяне туды? — запытаўся ён, маларухавым позiркам утаропiўшыся ў пясчаны пагорак.

— А куды ж? Асобнай ямы ў мяне няма.

— Выкапай.

— Яшчэ чаго не хапала!

— Давай, я сам.

— Капай! — падумаўшы, пагадзiўся Косьцiкаў. — Усё роўна спазьнiлiся. Шафёр, нясi рыдлёўку!

Малады шафёр зь пярэдняй машыны прынес рыдлёўку, Сурвiла аберуч памацаў тронак, агледзеўся навакол.

— Дзе? Тут?

— Хоць бы i тут. Давай. Толькi жыва! - сказаў Косьцiкаў, не хаваючы, аднак, пiсталета.

Сурвiла пачаў капаць — iмпэтна, нэрвова, кiдаючы ў бакi поўныя рыдлёўкi жвiру. Мабыць, усё ж хвалюючыся, ён мала дбаў пра акуратнасьць i, замест простакутнiка магiлы, распачаў бадай круглую яму. У сасоньнiку было не сьцюдзёна, начная iмжа ранкам спынiлася. Сурвiла хутка ўгрэўся, азызлы твар спатнеў i зрабiўся яшчэ больш чырвоны. На хвiлiну прыпынiўшыся, ён зьдзёр з плячэй рудую, абшкрэбаную скуранку, шпурнуў яе пад ногi Косьцiкаву.

— На, вазьмi. Нашто прападаць…

Запэцканым у гразi хромавым ботам той гадлiва адкiнуў скуранку з-пад ног. Сурвiла ня стаў упрошваць — ня хоча, ня трэба. Яму таксама ўжо нiчога не было патрэбна. Апроч вось гэтай асобнай магiлы. Тут яму будзе спакайней, чым у агульнай, упокат з ворагамi народа. I ўсё ж яго расьпiрала крыўда, змоўчаць якую ён ня меў сiлы.

— За што? Чэснага работнiка органаў! Што я парушыў? Бязьвiннага ворага забiў? Ды iх тысячамi забiваць трэба! Я стараўся! Чатыры гады прэмiявалi. За ўдарную работу, да гадавiны Акцябра. I ўсё дарма. Пашкадавалi ворагаў, шпiёнаў, нацдэмаў! I гэта правiльна? Не! Гэта i ў органы прабралiся ворагi, во гэта што! Яны сярод нас!

— Годзе! — з надрывам загадаў Косьцiкаў. — Лепш памаўчы!

— Я маўчаў! Усё лета маўчаў. Як i ты! Як i сотнi чэкiстаў. I во мне за гэта…

— Маўчы i капай! — усё больш злуючыся, крыкнуў Косьцiкаў.

— Не, ужо скажу. Во i ты… Думаеш, уцалееш? Службай адкупiсься? Не! Прыйдзе i твая чарга…

— Маўчаць!

— Не, ужо скажу! Мы павукi ў банцы! Дазнаецца Сталiн…

Мабыць, гэта было занадта. Непадалёк зь вiнтоўкамi напагатове стаялi байцы аховы, поўны трывожнай увагi, чакаў ля машыны маўклiвы шафёр. Усе са зьдзiўленьнем утаропiлiся ў знаёмага чэкiста, якi капаў сабе магiлу i гаварыў штось дзiўнаватае. Урэшце Косьцiкаў прыўзьняў пiсталет, не цаляючы, два разы стрэлiў. Выпусьцiўшы рыдлёўку, Сурвiла падламiўся ў каленях i бокам асеў на раскапаны дол.

— Дабi ж… — выцiснуў зь сябе ледзь чутна.

Косьцiкаў ступiў на крок блiжэй i стрэлiў у галаву. На траву i пясок пырснула шэрымi крупiнкамi мазгоў.

— Вазьмiце, i туды, да астатнiх, - загадаў ён байцам.

Закiнуўшы за сьпiны даўгiя вiнтоўкi, тыя ўзялi былога чэкiста за рукi, пацягнулi да ямы. Косьцiкаў пайшоў у бок да машыны.

Гэтая праклятая ноч дашчэнту выматала ягоныя сiлы. Прыкметна пачала здраджваць вытрымка, як ён нi стараўся паводзiць сябе стрымана. Здаецца, нескладаная работа, але штодня адно й тое ж. Вязуць i вязуць, нiбы баранаў, калi таму будзе канец? Вунь колькi накапана ямаў за вясну i лета. I колькi будзе накапана новых.

Косьцiкаў акiнуў позiркам прагалiну мiж сасонак на схiле — мабыць, за восень заселяць i яе. I проста дзе-небудзь тут апынецца й ягоная яма…

У гэтым жыцьцi ўсё вельмi проста.



  Васіль Быкаў.
Distributed by Беларуская Палічка