Васіль Быкаў

Пахаджане


Уздоўж сухога, бясконцага, парослага калючым кустоўем плато марудна цягнулася гэткая ж бясконцая чарада зьнямоглых людзей - старых, малых, жанок і мужчын. Тут жа ішлі нагружаныя жабрацкім майном схуднелыя мулы, некалькі кароваў, поруч, высалапіўшы языкі, брылі прысталыя сабакі. Сабакі даўно не брахалі, каровы не мычэлі, людзі амаль не размаўлялі паміж сабой — гэтак усіх дапякала зьнямога, сьпёка і стома ад бясконцай гэтай хады. Племя ішло каторы дзень, месяц, а можа, і год. Яго вёў правадыр — сухі, сівабароды стары, што з даўгім посахам у жылаватай руцэ мерна брыў і брыў наперадзе. Вочы яго амаль увесь час былі заплюшчаныя, шлях ён нашчупваў босымі скарэлымі нагамі. Ён ніколі не азіраўся назад на жывую чараду свайго племя, ведаў: пакуль ідзе ён, будуць ісьці і астатнія. Ён жа ішоў толькі проста, зрэдчасу абмінаючы калючае кустоўе, гіганцкія і меншыя кактусы, раскіданыя там-сям па гэтым сухім, абсыпаным каменнымі аскялёпкамі плато. Шлях-напрамак правадыр вызначаў уначы па зорцы Сырыюсу, ад якой браў на шэсьць пядзяў управа і туды кіраваў. Так яму было запавешчана ад ранейшага правадыра, які нядаўна сканаў на гэтым шляху і перад сьмерцю прызначыў кіраваць яго. Рэч у тым, што племя шукала страчаную немаведама калі радзіму. Без радзімы жыць было неяк.

Шлях быў цяжкі — сухі, камяністы і бязводны. Але тая мясьціна, адкуль племя выйшла колькі месяцаў таму, была яшчэ горшая. То было бясконцае багністае балота, што кішэла агіднымі істотамі, кузуркамі, жабамі і п’яўкамі, і не давала ніякога харчу. Да таго ж той край меў дужа нездаровы клімат, ад якога пачалася між людзей ліхаманка, што панішчыла палову племя. Асабліва паміралі дзеці. А безь дзяцей — якая ж будучыня ў племя? Зразумеўшы, што так яны неўзабаве вымруць, людзі рушылі далей ад таго праклятага месца.

Балотны край застаўся далёка ззаду, некаторыя зь людзей ужо і забыліся пра яго. Але й тое, што племя дагэтуль напаткала на сваім шляху, было ня лепшае. Ні травы, ні вады, адныя калючкі ды камяні. І невыносная сьпёка. Часам між людзей чуліся скаргі і нараканьні — маўляў, трэба спачыць, ня йсьці далей, можа нават вярнуцца назад. Некаторыя пачалі гаварыць, што ззаду было лепш, прынамсі была вада, хоць і балотная, але даволі. Аднойчы ўвечары, як спыніліся на начлег і стала трохі вальней у паветры, так сказаў правадыру аднавокі Кірх, старшыня невялікага роду грубых, што з даўняга часу ўваходзіў у племя. Правадыр, які ўжо ледзьве бачыў удзень, бо з часам усё болей сьлепнуў, сказаў, што як сьцямнее, прарэжуцца зоркі ў небе, ён паглядзіць на іх мільгаценьне і аб’явіць сваё рашэньне. У поўнач ён абвясьціў, што Кірх трапіў пад уплыў злых духаў і калі хоча пагубіць свой род, дык можа вяртацца. Кірх не хацеў губіць род і далей моўчкі пайшоў за ўсімі.

Племя зноў ішло-валаклося наперад вызначаным маршрутам — на шэсьць пядзяў ад Сырыюса, як і завяшчалі продкі.

Няхутка яшчэ камяністае плато з калючкамі пачало саступаць месца раўнейшай зямлі — без калючак і кактусаў. Ісьці быццам бы рабілася лягчэй. Але неўзабаве пад нагамі і вакол пачало большаць пяску. Сьпярша ў ім загрузалі ступні, а затым дзе-нідзе наўкола пачаліся пясчаныя гурбы, дзюны-барханы — голыя, без травінкі, без калючак нават. Племя трапіла ў зону пустыні. Вады не было нідзе, сонца паліла ўвесь дзень да захаду. Людзі і жывёла змушаныя былі то караскацца на крутабокія барханы, то каціцца зь іх, што зьнясільвала дарэшты. Напэўна, можна было б ісьці між барханаў, але тады была небясьпека згубіць вызначаны ноччу напрамак, і правадыр дужа не хацеў таго. Тут, у пустыні, ён асабліва строга трымаўся вызначанага продкамі маршруту. Некалькі мулаў палі ў дарозе, іх хутка засыпаў пясок. Памерла таксама нямала людзей, асабліва старых і малых; жывыя нічога ня елі і пакутавалі без вады. Племя чулася асабліва незадаволеным, пачаліся размовы наконт таго, што правадыр зусім асьлеп і вядзе не туды. Калі пра тое з абурэньнем выказаўся Кірх, набліжаныя да правадыра задушылі яго. Цела Кірха пакінулі ў пяску пад барханам. Ягоны род, застрашаны і прыціхлы, абраў новага старшыню, пакорлівага і маўклівага. Пра ранейшага казалі без абурэньня: ну нашто было гаварыць! Хто ня ведаў, што не туды ідзем, але ж іншыя маўчалі. А гэты вылез… Род злачыннага старшыні паставілі самым апошнім у шляху, і гэта быў першы род-ізгой, са статусам ніжэйшага за іншых.

Шлях, між тым, рабіўся ўсё горшы. Пачаліся пясчаныя буры; вецер і пясок заціналі дыханьне людзям, мулы не хацелі ісьці на барханы, і іх цягнулі некалькі чалавек на вяроўках. Людзі ўвогуле маўчалі, але набліжаныя да правадыра таксама ўжо адчувалі незадаволенасьць. Некаторыя выказваліся адкрыта, што іх шлях памылковы, што гэткім кірункам нікуды яны ня прыйдуць. Тады правадыр і ягоныя памагатыя пакаралі сьмерцю яшчэ шасьцярых чалавек зь ліку незадаволеных. Племя працягвала ўпарта лезьці наперад. Рознага роду сумневы і нараканьні ўважаліся як здрадніцкія і караліся адпаведна. Большасьць племя лічыла, што так і трэба: здраду трэба караць. Правадыр часам да паўночы мерыў па зіхаценьні зорак накірунак шляху, і кожны раз выходзіла, што ідуць правільна.

І сапраўды, неяк быццам стала вальней, сьпякотны вецер уняўся. Барханы сталі ніжэйшыя, ужо не струменілі ручаямі пяску. Але неўпрыцям падкацілася новая бяда — рабілася надта сьцюдзёна. Сьцюжа пачалася з начы, а ўдзень ужо не было ад яе куды дзецца. Насустрач падзьмуў ледзяны вецер, студзіў твары і грудзі. Людзі пачалі хварэць на прастуду, асабліва малыя. Цёплай апраткі ў іх не было — яны ішлі з поўдня. Старэйшыя меркавалі, што гэта часова, што неўзабаве зноў пацяплее. Але мінаў час, а не цяплела — наадварот, халаднела ўсё больш. Зь любасьцю людзі пачалі ўспамінаць той час, як было цёпла і нават горача. Гарачыня цяпер здавалася куды лепшай за сьцюжу. Людзі поўдня, яны ня ведалі, што гэта надыходзіла зіма. Ня ведаў таго і правадыр, які за тое паплаціўся жыцьцём.

Задушаны самым блізкім целаахоўнікам, стары правадыр застаўся ў стэпу, а целаахоўнік, якога звалі Хірт, назваўся правадыром. Назаўтра ён аб’явіў узрушанаму племю, што кірунак мяняецца на адваротны. Племя вяртаецца назад.

Тая вестка была ўспрынятая племем зь вялікім энтузіязмам, шмат хто зь людзей сталі ўспамінаць, як было добра там, адкуль яны прыйшлі. Хірта, ушаноўваючы за розум і адвагу, вырашылі ўсю дарогу несьці на руках, абы толькі ён правільна паказваў шлях. Накірунак на кожны дзень ён вызначаў не па Сырыюсу, як гэта рабіў яго папярэднік, а паводле новай, рэвалюцыйна-народнай мэтадалёгіі — па накірунку ветру. Выбіраць шлях такім чынам, каб ледзяны вецер на тую пару дзьмуў людзям ззаду. Тое дужа спадабалася спакутаваным ад сьцюжы людзям. Тым болей, што, паколькі сьцюдзёны вецер дзьмуў на той час з поўначы, яны ішлі знаёмым шляхам на поўдзень. Іхнай радасьці не было межаў…

Праўда, хутка высьветлілася, што мясцовасьць трохі адрозьнівалася ад ранейшай, значыцца, племя трохі ўхілілася ўбок. Пачалася тая ж пустыня, пясок, і пакуль што не канала сьцюжа. Хаця людзі ведалі, што дзесьці павінна пачацца цяпло, нават сьпёка. Ды сьпёка не пачыналася. Ісьці рабілася ўсё горш, людзі і жывёла зьнемагалі. Асабліва, як пачаліся барханы. Знайшліся такія, што пачалі наракаць: ня трэ было вяртацца. Лепш бы неяк прыстасавацца да сьцюжы, хоць бы выкапаць норы, як бурундукі. Новы правадыр Хірт, мабыць, быў разумнейшы за папярэдняга, ён увёў строгую адказнасьць за недазволеныя размовы. Таму, хто выказваўся няправільна і тым дэстабілізаваў грамаду, адразалі язык. Безьязыкіх выганялі з чарады племя ў барханы, дзе яны хутка гінулі ў поўным маўчаньні. Іхных родных Хірт ставіў у канец чарады, дзе набраўся ладны лік ізгояў. Ніякіх правоў у параўнаньні зь іншымі ізгоі ня мелі. А тых, хто ўхваляў палітыку Хірта, ставілі бліжэй да правадыра, яны склалі яго атачэньне, названае элітай. На зайздрасьць астатнім эліта мела нямала розных правоў і прывілеяў.

Племя ішло марудна і доўга. Людзі ў тым шляху нараджаліся і паміралі. А таксама змагаліся за жабрацкую ежу, глыток вады і за ўладу — унутры родаў, у шчыльных шэрагах эліты і нават сярод ізгояў. На кожным часе зьяўляліся свае героі, якія звычайна рабіліся начальнікамі. Іх, як і правадыра, узялі за звычай несьці ў шляху на насілках — каго дзень, каго тыдзень, каго ад поўні да поўні. Хірт наогул ніколі не зьлязаў з аздобленых гірляндамі насілак, зь якіх ён аддаваў каманды, рабіў заўвагі, хваліў лепшых са свае шматлікае эліты. Але ніхто яго не асуджаў за тое — усе ведалі, што ўгары асабліва дзьме вецер, кожны подых якога ловіць слаўны правадыр Хірт. Дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што Хірт удасканаліў сыстэму вызначэньня маршруту і рабіў тое ў залежнасьці ад напрамку і сілы ветру, колеру неба і нават мяркуючы па характары ўласных сноў. Спасьцігнуць такую складаную сыстэму не было дадзена нікому, і племя было шчасьлівае, што трапіўся такі разумны правадыр.

З гэтым ягоным розумам, аднак, сталася штось непрадбачанае — племя зайшло не туды.

Пасьля доўгага шляху, як яно нарэшце дасягнула зыходнага балота, таго не пазнала, так усё тут зьмянілася. Або гэта было іншае балота, калі палічыць, што Хірт памыліўся. Хаця сьпярша пра тое ніхто нават ня мог падумаць — іхны правадыр не памыляўся ніколі. Тым ня менш цёплая бузяная вада ў балоце была непрыдатнай для пітва — некалькі сасьмяглых дзяцей, што напіліся з дарогі, адразу ж памерлі. А галоўнае — тут была процьма агідных вадзяных пацукоў, вужакаў і страшных крыважэрных пачвараў накшталт кракадзілаў. У першую ж ноч на начлезе ля берагу тыя схапілі і зжэрлі шасьцёх чалавек зь ліку пагарджаных ізгояў, якіх правадыр разьмясьціў ля самага берагу. Уранку тыя паднялі бунт з крыкамі: куды нас завялі? Надзіва, іх падтрымалі астатнія роды. Мудрага, растлусьцелага на насілках Хірта, зьвязаўшы, кінулі ў балота, дзе яго адразу ж разьдзерла зграя хвастатых кракадзілаў. Тут жа племя абрала новага кіраўніка, якім стаў, можа і ня самы разумны (нават трохі дурнаваты), затое самы дужы дзяцюк па прозьвішчы Слон. Слон аб’явіў, што паколькі шляху наперад няма, трэба вяртацца назад. Ідэя, запавешчаная продкамі, правільная, толькі ў племя не хапіла волі яе зьдзейсьніць, — ягоныя правадыры былі скрозь злыдні, дурні і здраднікі. Ад сёньняшняга дня ўсё будзе іначай, племя даможацца сваёй мэты. Дружныя крыкі ўхвалы ўзбадзёрылі правадыра Слана, і ён пачаў ладзіць паход. Ягоны, слановы, род паставілі на чале калёны, ранейшы авангард, што складаўся з роду Хірта, запхнулі ў самы зад. Тады ж пасьмяротна рэабілітавалі першага, сьляпога, правадыра, але ягоны род застаўся на ранейшым месцы, недалёка ад заду. Племя выцягнулася ў даўгую няроўную чараду — зь дзецьмі і старымі, муламі, козамі і сабакамі. Начальніцкія насілкі ўсе патапілі ў балоце, вырашылі трымацца прынцыпу братэрства і роўнасьці — усім ісьці пехатой. Слон ішоў наперадзе і вызначаў кірунак, які пазнаваў па месцы сонца на краявідзе. Дзе яно было, туды і трэба было кіраваць. Слон сказаў, што сонца не ашукае. Тое было проста і справядліва, кожны і ў любы час мог пракантраляваць напрамак руху. Усе дужа спадзяваліся на ўдачу.

Яны доўга і ўпарта ішлі наперад і празь нейкі час натрапілі на знаёмае камяністае плато з калючым кустоўем, кактусамі і жарствой пад нагамі. Але тое месца пазналі ня ўсе, а толькі самыя старыя. Бо тыя, што нарадзіліся пасьля, тут не былі і нічога не пазнавалі. Яны толькі радаваліся новым уражаньням. Старыя ж адно круцілі галавамі ды маўчалі. Выказваць свае меркаваньні яны даўно ўжо былі адвучаныя.

Пасьля пачаліся пяскі. А за імі барханы. Ісьці рабілася ўсё цяжэй. Сьпёка рабілася невыноснай, але ўсе маўчалі. Адно ведалі — ісьці.

Затым сьпёку памалу зьмяніла сьцюжа, а за ёй усчаўся мароз. Спакутаваныя людзі ўсё часьцей успаміналі, як цёпла было каля роднага багністага балота. Хоць і з кракадзіламі. Кракадзілы, мусіць, усіх бы ня зьелі…

Тады неяк уранку, як зьмерзла некалькі немаўлят, натоўп разьюшаных жанок забіў правадыра Слана і абраў на яго месца самую галасістую жанчыну, якую клікалі Ах. Яна і павяла племя — вядома ж, назад. Праз тыя ж барханы, пясок, камяністае плато. Да балота, кракадзілаў і пацукоў, якіх стала яшчэ болей. Новыя пакаленьні каторы раз пераканаліся, што тут жыць нельга, трэба некуды йсьці. За правадыра абралі маладога хлопца, які мала што ведаў і яшчэ менш памятаў. Ён павёў племя ранейшым маршрутам, праз плато і пустыню — да сьцюжы. Усё паўтаралася, як і раней. Мяняліся толькі правадыры.

З таго часу племя і ходзіць — з канца ў канец. Пайсьці іншым шляхам яно ня можа, бо ня ведае куды. А гэты замацаваўся ў геннай памяці пакаленьняў. Досьвед няўдач ды пакутаў нічога ня значыць, бо кожнае пакаленьне ўсё пачынае спачатку.



  Васіль Быкаў.
Distributed by Беларуская Палічка