Максім Багдановіч

Вершы 1908-1909 гадоў


На Чужыне

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
«Здароў будзь, зямляча!» Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
«Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане».

1908

Мае Песні

І
Калі смутак моцна дзьме душу маю
І шкада мне дзён загубленых сваіх, -
Я паціху песні сумныя пяю,
Ўсю жуду сваю выкладываю ў іх.
Ціха песня разліваецца, звініць,
Вымаўляе, як я моладасць згубіў,
Як дагэтуль не патрапіў палюбіць
І саўсім, бадай, праўдзіва шчэ не жыў.

ІІ
А як родную згадаю старану,
Як згадаю яе буднасць і нуду, -
Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, -
Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.
Грозна песня разліваецца, грыміць,
Долю горкую, мужыцкую кляне,
Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,
Бо ім цяжка жыць у роднай старане.

1908

Ноч

Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы…
Ноч цемнатою навокала ўсё пакрывала,
Ясныя зоркі блішчалі, і месяц ўжо выплыў,
Неба, і лес, і палі серабром аблівая.
Ўсё ўжо уснула, і толькі бярозы шапталісь,
Толькі асіны шумелі, і толькі калоссі,
Ў полі шырокім качаясь, зямлю цалавалі.
Ціха ўсё было на небе, зямлі і на сэрцы.

1908

Над Магілай

Каля шляху ў чыстым полі
Магіла стаіць;
Кругом круціць завіруха,
Гуляе, шуміць.
На магіле адзінока
Каліна расце;
Яе вецер абвявае,
Мяцеліца гне
І навокала магілы
Спявае-гудзіць
Пра таго, хто ў чыстым полі
Пахаваны спіць…

1908

Прыйдзе Вясна

Холадна. Вецер па полі гуляе,
Вые, як звер,
Снег узрывае, нуду наганяе, -
Кепска цяпер!
Але мне сэрца пяе: не нудзіся!
Прыйдзе вясна!
Гукне: «Прачніся, зямля! прабудзіся
З цяжкага сна!»
Сонца прагляне, зазелянее
Траўка ў лугу,
Гукне вясна і, як ветрам, развее
Гора-нуду!

1908

З Цыкла «Эрас»

І
У космас схаваліся кветы
чырвоныя,
Кветы чырвоныя,
Неапылёныя.
Хцівасць жадання іх томіць
таёмная,
Томіць таёмная,
Сіла няскромная.
Але дарэмна ў іх сокі б'юць
шпаркія,
Сокі б'юць шпаркія,
Свежыя, яркія.
Звянуць яны, тыя кветы
чырвоныя,
Кветы чырвоныя
Неапылёнымі.

ІI
Зірнуў, як між валос, між хмар калматых, цёмных
Чырвоны маладзік
І ўраз згадаў мне рад уздыхаў прыглушоных,
І мук любоўных крык,
І цела гібкага шалёнасць, ізвіванне,
І п'яны, душны пах…
[...] Ў грудзях сціскаецца гарачае дыханне,
Кроў хваляй б'е ў нагах.

1908-1909

* * *

Хмурыя, цёмныя гудзяць і шэпчуць елі.
Бор чырванее на яснай зары.
Грудзь вольна дыша, кроў калышацца ў целе, -
Ціха цалую мяккі мох на кары.
Сэрца гарачае да ствала прыжымаю,
Ясныя слёзы на смалу ціха лью,
Ў неба сінеючыя вочы падымаю, -
Дзіўнае нешта грудзь калыша маю.
Даўней цураўся я вас, сосны, елкі,
У месцы пыльным і душным праклятым жыццё прайшло,
А цяпер бачу я зялёныя іголкі,
Чую, як глуха стучыць дзяцел у дупло.
А цяпер бачу - неба борзда дагарае,
Сам у гэтым свеце ледзьве-ледзьве гарыш;
Ноч ідзе: месяц тонкі, белы выплывае
Там, дзе падняла ель зялёны свой крыж.

1908-1909

* * *

Я, бальны, бесскрыдлаты паэт,
Помню, раз пазабыў сваё гора, -
Гэта чуда зрабіў Ваш прывет.
Я - бальны, бесскрыдлаты паэт!
Мо жыцця майго верш ужо спет, -
Дык няхай Вам хоць песня гавора,
Як бальны, бесскрыдлаты паэт
На гадзіну забыў сваё гора.

1909

З Цыкла «Лясун»

Прывольная, цёмная пушча:
Вялізныя ліпы, дубы,
Асінніка, ельніка гушча,
Між хвоі апаўшай - грыбы.
Ўсё дзіка, пустынна імшыцца,
Агністая спека стаіць.
На моху між спелай брусніцы
Лясун адзінокі ляжыць.
Каравая моршчыцца скура,
Аброс цёмным мохам, як пень,
Трасе галавою панура,
Бакі выгравае ўвесь дзень.
Гляджу на яго я уныла, -
На сэрцы і жаль, і жуда:
Ўсё знікла - і ўдаласць, і сіла!
Прапала, як дым, як вада!

1909

Хрэсьбіны Лесуна

Бор шумеў, навяваў зводны сон,
А ў ім ціха гул раздаваўся, -
Гэта ў небе лясун калыхаўся
На вяршынах вялізных сасон.
Яму месяц маркотны свяціў,
Падымалі крыжы ў неба елі, -
І ў сіняй нябеснай купелі
Душу дзікую ён ахрысціў.

1909

З Песняў Беларускага Мужыка

I
Гнусь, працую, пакуль не парвецца
Мне жыццё, як сагніўшая ніць;
А каб ведаў, што столькі пральецца
Майго поту, не стаў бы і жыць.
Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,
Будаваў я дарогі, масты;
Ліўся пот мой, як рэзаў на ком'я
Плугам глебы сухія пласты.
Працаваў пад пяском, пад дрыгвою
І не мала там выцерпеў мук,
І не прыдзецца мне пад зямлёю
Гэтых чорных саромецца рук.
А канаць ужо час: пот і слёзы
Мне жыццё, нібы мышы, грызуць;
Гора гне, як мяцеліца лозы,
Цэлы век не дае мне дыхнуць.
Шчасце ж гляне і ў даль пранясецца,
І магу я аб ім толькі сніць…
Дык няхай жа, няхай сабе рвецца
Мне жыццё, як сагніўшая ніць.

II
Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, -
Яны ж мне каменні давалі;
І тыя каменні між імі і мной
Сцяною вялізнаю ўсталі.
Яна усё вышай і вышай расце
І шмат каго дужа лякае.
Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?

1909

Асенняй Ночай

Чарнеецца сажаю вечар.
Дождж б'ецца аб хвалі ракі;
Гуляе, гудзе над ёй вецер,
Заводзіць, што ў полі ваўкі.
Спакойна мне тут пад вадою:
Залёг я ля млына на дне;
Апруся на кола рукою, -
Млын казку старую пачне.
Кругі завіруюцца жорнаў,
Трасецца хадырна сцяна;
А думы - як колас без зёрнаў, -
Усё мяне цягне да сна.
Бяспамятна колы піхаю,
Хілюся да дна галавой -
І ўжо я драмлю, засыпаю
Пад шум непагоды глухой.

1909

Пугач

Загарэлісь кроўю вочы. Вось нясецца
З цёмнай елкі гук нуды і смеха,
І далёка голас аддаецца -
Пракацілася па лесе рэха.
І, лякаючысь, канца чакаеш ночы.
Ўсё здаецца: ўстаў лясун вялікі -
Чырванеюць, адбіваюць кроўю вочы,
Не змаўкае смех глухі і дзікі.

1909

«Нашай Ніве»

Віншую ад душы, панове,
З трохлеццем вашае дзіця -
Газету ў беларускай мове.
Віншую ад душы, панове,
Яе, і ў простым, шчырым слове
Жадаю доўгага жыцця.
Віншую ад душы, панове,
З трохлеццем вашае дзіця.

1909

Цемень

(Ахвярую М.А.Кіц-най)

Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок!
Над зямлёю - імгла, у душы маёй змрок.
О, як пуста у ёй! О, як холадна жыць!
Але вось цераз цемень маланка блішчыць,
Асвячае мне вобраз Хрыста… яго крыж…
Ажываеш, здаецца, душою гарыш.
Але толькі чаму ж так малы гэты час?!
Зноў навокал цемень. Свет зірнуў і пагас.
Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста.
Над зямлёю імгла, у душы пустата.

1909

Лясун

Сосны, елі, хвоя, хвошчы,
Цёмны мох.
Чую я - лясун касматы
Тут залёг.
Паваліўся ён на хвою,
На кару,
І усім калышэць, дзвіжэць
У бару.

1909

Старасць

Палаюць асіны, каліны,
Чырвоныя сыплюць лісты
І вязкай жаўцеючай гліны
Цяжолыя крыюць пласты.
Брыдзець, пахіліўшысь панура,
Лясун на раздоллі дарог.
Абшарпана старая скура,
Зламаўся аб дзерава рог.
Дарога ўся ў лужах. Размыта
Дажджом праліўным каляя.
Гразь чаўкаець жадна капыта,
Шуршыць, упаўзая, змяя.
Касматая шэрсць перамокла,
Стаміўся ён, стары, прадрог;
Лёд тонкі і востры, як сцёкла,
Капыта царапаець ног.
Спяшыць ён дайсці да трасіны:
Там - мяккія, цёплыя мхі,
А тут толькі плачуць асіны
Ды б'юцца галіны альхі.

1909

Падвей

Разгулялася вясёлая мяцель,
Прабудзіўся, ў поле кінуўся Падвей.
Ў галаву яму ударыў снежны хмель, -
І не змог ён бурнай радасці сваей.
Пляша, скача. Снег зрываецца, ляціць.
Веюць ў полі снегавыя рукава,
А Падвей нясецца, кружыцца, гудзіць,
Запявае, удалая галава!
Рвецца белы, рвецца, трэплецца насоў,
Разляцелісь яго кудры-валасы,
З трэскам падаюць галіны ад кустоў,
Енчаць, плачуць на раздоллі галасы.
Доўга, доўга будзе цешыцца Падвей!
Калі ж зваліць хмель ў пуховую пасцель, -
Белы снег яго хавае між палей,
Замяцець, уложыць буйная мяцель.

1909

* * *

Дождж у полі і холад… Імгла…
Дзесь у вёсцы міргаюць агні.
Там, злякаўшысь, схавалась, лягла
Доля горкая ў чорным цяні.
І пад цёмнымі скрыдламі ночы
Не убачаць цяпер яе вочы.
Толькі вецер асенні, начны
Ў полі сумна гудзіць і пяе
Аб радзімай старонцы глухой
Ды аб долі няшчаснай яе.
Цісне сэрца мне песня начная…
Хай жа голасна вецер спявае,
Хай пяе ён у роднай зямлі,
Каб у сэрцах нам сорам збудзіць,
Каб змагацца з няпраўдай ішлі,
Ў чыім сэрцы сумленне не спіць.
Долю чорную ноч не схавае,
Калі выльецца песня жывая!

1909

* * *

Ты ночкаю каляднай варажыла
І ў воду воск напоўправідны ліла,
Цікавячы, што выхадзіла мне:
Курганчык… белы крыжык… так, магіла!
У гэты рок я буду ўжо ў труне.
І, броўкі хмурачы, са дна ўзяла
Ты белы воск, яго сціскала, мяла
І, смеючысь, сказала: «Дзе твой кон?
Дык чым бы моц яго нас ні спаткала -
Ў маіх руках, як воск, падасца ён».

1909


  Максім Багдановіч.
Distributed by Беларуская Палічка